Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьням канцлягераў раздалі прадукты і накармілі абедам


Некалькі дзясяткаў былых малых вязьняў часоў нямецкай акупацыі, цяпер пажылых людзей, зьбіраліся сёньня ў Горадні. Сустрэчу наладзіла каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Карытас». А падрыхтаваў яе Фонд імя Максімільяна Кольбэ зь Нямеччыны.

12 сьнежня ў Горадні зьбіраліся былыя малалетнія вязьні нацысцкіх канцлягераў. Іх было некалькі дзясяткаў чалавек. Сустрэчу ладзілі супольна Фонд Максімільяна Кольбэ зь Нямеччыны і філія дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас» з Горадні.

Гарадзенскім «Карытасам» кіруе ксёндз Віталь Дабраловіч. Зьвяртаючыся да былых дзяцей-вязьняў, ён гаварыў пра тое, што ім давялося перажыць:

«Гэта глыбокі сьлед у вашых сэрцах і глыбокая рана. Але адначасова гэта і сьведчаньне таго, што чалавек можа перажыць, каб пайсьці далей, у будучыню. Вялікую падзяку хацеў бы скласьці ініцыятарам гэтага спатканьня з Фонду Максімільяна Кольбэ зь Нямеччыны і Польшчы. Мы тут маем прадстаўнікоў, гэта — спадар Георг і сястра Эва. Гэта толькі маленькая частка вас, бо ўсіх па вобласьці — каля трох тысяч чалавек».

Валянтэр зь Нямеччыны Георг Таўбіц прызнаўся, што яго радуе магчымасьць дапамагчы былым вязьням-дзецям:

«Я цешуся, што мая дапамога палягае ня толькі на фінансавай падтрымцы, але менавіта на такой дастаткова асабістай дапамозе — на тым, што я магу зрабіць як чалавек. Смачна есьці!»

Для былых дзяцей-вязьняў у Горадні падрыхтавалі дабрачынны абед і пакункі з прадуктамі.

Як паказала вывучэньне становішча былых малалетніх вязьняў, менш за чвэрць зь іх задаволеныя мэдычных абслугоўваньнем. Пры гэтым значная частка іх ацэньвае сваё здароўе як дрэннае і каля васьмідзесяці адсоткаў зь іх лічаць прычынай пагаршэньня здароўя наступствы вайны. Разам з тым каля васьмідзесяці адсоткаў гэтых людзей баяліся прызнавацца, што былі ў нямецкіх лягерах і нікому пра гэта не расказвалі. Большая частка зь іх не зьвяртаецца па дапамогу ў сацыяльную службу, нярэдка таму, што мела раней адмоўны досьвед.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы выказаў спадзяваньне, што ўлады «выправяць несправядлівасьць» і вернуць былым малалетнім вязьням забраныя пяць гадоў таму ільготы.

Ванда Філіповіч жыла ў Магілёўскай вобласьці. Ёй было дванаццаць, калі яна трапіла ў нацысцкі канцлягер:

«У 1944 годзе забралі мяне немцы ў канцлягер, і я прыбыла ў Дахаў. А ў канцы вайны немцы сышлі зь лягера. Браму расчынілі дзеці самі, нейк знайшлі раку Эльбу. Паступова дамовіліся з ваеннымі, з нашымі, і нас перавезьлі ўсіх у ваенную часьць. Потым па абласьцях разьмеркавалі, прывезьлі дамоў».

Дабрачынная сустрэча былых дзяцей-вязьняў нацысцкіх канцлягераў прайшла ў памяшканьні гарадзенскага кляштара сясьцёр-назарэтанак. Такія сустрэчы адбываюцца штогод.

Сястра Эва з Лодзі займаецца падтрымкай былых вязьняў фашысцкіх канцлягераў, турмаў і гета

Сястра Эва з Лодзі займаецца падтрымкай былых вязьняў фашысцкіх канцлягераў, турмаў і гета

Харчовыя пакункі, падрыхтаваныя «Карытас»

Харчовыя пакункі, падрыхтаваныя «Карытас»

Харчовыя пакункі ўручаюць айцец Віталь і валянтэр Фонду Максімільяна Кольбэ зь Нямеччыны Георг Таўбіц

Харчовыя пакункі ўручаюць айцец Віталь і валянтэр Фонду Максімільяна Кольбэ зь Нямеччыны Георг Таўбіц

XS
SM
MD
LG