Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкага пусьцяць на вялікі экран. У Расеі


Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

У Маскве пачынаецца рэтраспэктыўны паказ фільмаў рэжысэра-кінадакумэнталіста Юрыя Хашчавацкага.

Публічная дэманстрацыя аўтарскіх працаў беларускага творцы наладжаная ў рамках уганараваньня ляўрэатаў прэстыжнай расейскай прэміі негульнявога кіно і тэлебачаньня «Ляўровая галінка». 15 сьнежня вядомы рэжысэр, чые працы фактычна забароненыя ў Беларусі, атрымае адну са статуэтак «Ляўр».

Сам Юры Хашчавацкі перад ад’ездам у Маскву адзначыў, што рашэньне аргкамітэту на чале зь вядомым прадстаўніком расейскай тэлеіндустрыі Эдуардам Сагалаевым — шмат у чым знакавае. У адной з апошніх працаў «Лабатамія» рэзка крытыкуюцца ўлады Расеі, якіх аўтар наўпрост абвінавачвае ў разьвязваньні вайны ў Грузіі. Таму прызнаньне кінэматаграфічных заслугаў мае і прыхаваны падтэкст:

«Вядома, гэта ўзнагарода не за нейкі канкрэтны фільм, бо гэта ўжо было б занадта, а за „агульны ўнёсак“. Але ў тым і справа, што гэта прэмія знакавая. Пры гэтым знак плюсавы для мяне найперш у тым пляне, што людзі робяць учынак. Усім жа зразумела, што гэта зьвязана, перш за ўсё, з адным з апошніх фільмаў — з „Лабатаміяй“. Але яны проста ўжо, як я разумею, вырашылі да канца не нарывацца і даць па сукупнасьці „за агульны ўклад“. Тым ня меней — для іх гэта ўчынак. Гэта значыць, што людзі маюць на ўвазе барацьбу і адстойваньне сваіх пазыцый».

Спадар Хашчавацкі кажа, што за нейкае дзесяцігодзьдзе працэсы ў Расеі ледзь не адно ў адно пачалі паўтараць беларускі сцэнар. І тыя ж самыя расейскія калегі, якія крытыкавалі яго за «залішнюю палітызаванасьць», цяпер мусяць самі перайсьці ў шэрагі «змагароў»:

«Справа ў тым, што яшчэ нават 8–10 гадоў таму я прыяжджаў у Расею, прывозіў свае фільмы (спачатку „Звычайнага прэзыдэнта“, потым „Плошчу“), і ўвесь час чуў адно і тое ж: навошта табе гэта трэба, што ты носісься з гэтай палітыкай? Маўляў, рабі сабе сваё цікавае кіно, ды ўсё. Сёньня гэта тыя ж самыя людзі — вельмі мной паважаныя, вельмі добрыя сябры, калегі. Але ў іх абсалютна зьмянілася пазыцыя. І сёньня яны ўжо — змагары. Гэта вельмі цікавы працэс. Вось у якім сэнсе гэта знакава, разумееце? То бок — яшчэ адна кропелька таго, па чым я ў стане зразумець: зьмяняецца сытуацыя ў Расеі. Да іх гэтая хваля дакацілася таксама. Яны нарэшце ўбачылі тое, чаго ўпарта не хацелі заўважаць».

Юры Хашчавацкі абавязкова хоча асабіста паўдзельнічаць у цырымоніі раздачы фэстывальных статуэтак. І ня толькі дзеля таго, каб сустрэць даўніх сяброў і знаёмых. А перадусім — каб адчуць агульны настрой расейскіх калегаў, якіх цяперашнія ўлады Расеі заганяюць у «творчую апазыцыю»:

«Паеду абавязкова, нават раней, бо ад 12 сьнежня ў Маскве пачынаецца рэтраспэктыва маіх фільмаў. Таму 12-га мушу быць на адкрыцьці паказаў, а 15-га ўжо буду на самім уручэньні».

Карэспандэнт: «У рэтраспэктыву ці ўключаныя, скажам так, забароненыя ў Беларусі фільмы?»

«Мяркую, што наўрад ці. Я ім даслаў шмат стужак, але думаю, што яны ўсё ж адбяруць самыя „бясьпечныя“. Хутчэй за ўсё, гэта будзе адзін зь першых фільмаў, які мы зрабілі з Аркадзем Рудэрманам, — „Сустрэчны пазоў“. Ведаю, што гэтую стужку, прысьвечаную Алесю Адамовічу, яны самі вельмі хацелі паказаць. Потым гэтаксама яны хочуць паказаць „Рускае шчасьце“ — гэтаму фільму, дарэчы, 20 гадоў сёлета. І яшчэ якіясьці два фільмы зьбіраліся прадэманстраваць — мабыць, „Каўкаскіх палонных“ і нейкі іншы. То бок усяго ў плянах значыліся чатыры карціны. Як мне падаецца, „Лабатамію“ яны ня будуць паказваць дакладна. А то ўсё сьвята ім сапсую. Але ў любым выпадку — гэта пэўная напружанасьць, гэта цікава».

Юры Хашчавацкі сёлета ў кастрычніку адзначыў слаўны юбілей — яму споўнілася 65. І хоць Юрый Ёсіфавіч нарадзіўся ва ўкраінскай Адэсе, але ўсё ягонае сьвядомае жыцьцё зьвязанае зь Беларусьсю. Ад сярэдзіны 1970-х працуе на Беларускім тэлебачаньні, у 1980-х пераходзіць на кінастудыю «Беларусьфільм». Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі вымушана сыходзіць у «творчае падпольле».

Зьняў больш за тры дзясяткі дакумэнтальных фільмаў. Адзін з найбольш вядомых і папулярных — «Звычайны прэзыдэнт» (1996 год), у якім у саркастычным тоне паказваецца Лукашэнка на зары свайго прэзыдэнцтва. Завочныя дыялёгі з уладай працягнутыя і ў ХХІ стагодзьдзі ў фільмах «Плошча», «Звычайныя выбары». Уладальнік Гран-Пры і ляўрэат кінафэстываляў у Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Жэнэве, Бэрліне, Мюнхэне, Ляйпцыгу, Бялградзе, Маскве, Кіеве і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG