Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купава прадасьць пераможцам карціны за паўцаны


Мікола Купава
Мікола Купава

Мікола Купава абвясьціў конкурс дзеля ўратаваньня помніка архітэктуры. Мастак гатовы пералічыць грошы ад прададзеных у Віцебску карцін на рэстаўрацыю аршанскага манастыра базыльянаў.

А каб заахвоціць пакупнікоў, абвясьціў літаратурна-гістарычны конкурс дзеля зьніжак для пераможцаў. Такая дабрачынная акцыя з уласнай ініцыятывы мастака-ахвярадаўцы праводзіцца ў Беларусі ўпершыню.

Прапанова ўзяць удзел у конкурсе адрасаваная найперш жыхарам Віцебску. Бо мастацкія працы, выстаўленыя на продаж, экспануюцца зараз у віцебскай карціннай галерэі «Сьцяна». Яны прысьвечаныя 130-годзьдзю беларускіх песьняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. І ахвотным узяць удзел у конкурсе Мікола Купава прапануе напісаць аповед пра ўпадабаны твор — падзяліцца ўражаньнямі ад убачанага, апавесьці пра мясьціны ці падзеі, якія сталі прадметам мастацкага ўвасабленьня.

Пераможцы, абраныя мастаком, атрымаюць палавінную зьніжку ад кошту карціны. Апрача гэтага, лепшыя аповеды будуць разьмешчаныя на аршанскім інтэрнэт-рэсурсе orshatut.by . На гэтым сайце можна больш падрабязна даведацца пра ўмовы конкурсу.



65% грашовых сродкаў, атрыманых ад продажу карцін, Мікола Купава хоча ахвяраваць на рэканструкцыю і ўзнаўленьне комплексу базыльянскага манастыра ў Воршы. Мастак — ураджэнец Воршы, і таму неабыякавы да захаваньня тамтэйшай гістарычна-культурнай спадчыны. Ён згадвае, як напрыканцы 1950-х гадоў, у часы «ваяўнічага атэізму», комплекс манастырскіх пабудоваў бязьлітасна бурылі. Да цяперашняга часу ацалеў толькі жылы будынак Сьвята-Пакроўскага манастыра, але гэты помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя цяпер у бядотным стане.

Аршанскія краязнаўцы і дэмакратычныя актывісты ня раз зьвярталіся са скаргамі ў пракуратуру і ў Міністэрства культуры, каб ініцыяваць аднаўленьне архітэктурнага помніка. Урэшце сёлета справа нібыта зрушылася зь месца: праца над праектам рэстаўрацыі распачалася. Але на аднаўленьне будынка патрэбныя значныя сродкі. Мікола Купава вырашыў прычыніцца да яго сваімі грашыма і заклікаў землякоў далучацца да ініцыятывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG