Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самагубства мэдсястры — віна «калектыўнага інтэрнэту»


U.K. - British nurse at King Edward VII’s Hospital Jacintha Saldanh

U.K. - British nurse at King Edward VII’s Hospital Jacintha Saldanh

Самагубства брытанскай мэдсястры, якая паверыла тэлефоннаму розыгрышу аўстралійскіх журналістаў і дала ім доступ да інфармацыі пра здароўе каралеўскай сям’і, спарадзіла дыскусію ў замежных СМІ наконт віны «калектыўнага інтэрнэту».

Самагубства мэдсястры, якая паверыла аўстралійскай радыёвядучай, што выдала сябе за каралеву Лізавету II, і дазволіла журналістцы даведацца падрабязнасьці аб стане здароўя цяжарнай жонкі прынца Ўільяма, паставіла перад камэнтатарамі — і чытачамі — няпростыя пытаньні, у тым ліку і пра ўласную адказнасьць за трагедыю, якой, як лічыць рэдакцыя The Sunday Times, можна было пазьбегнуць.

Мабыць, самая сумная падзея, зьвязаная з брытанскай каралеўскай сям’ёй з часоў гібелі прынцэсы Дыяны, нясе ў сабе і налёт абсурду. Вонкаваму назіральніку нялёгка зразумець, чаму Ясінта Салданья не змагла жыць з адчуваньнем таго, што стала ахвярай хай неэтычнага, але ўсё-ткі жарту — наколькі вядома, ні каралеўская сям’я, ні клініка не прад’яўлялі да яе прэтэнзій. Камэнтатары вядучых выданьняў адзначаюць безумоўную сувязь паміж сьмерцю мэдсястры і інфармацыйнай рэальнасьцю.

Прынц Уільям забірае жонку са шпіталя

Прынц Уільям забірае жонку са шпіталя

Няма чалавека, якога можна было б, ня крывячы душой, наўпрост абвінаваціць у сьмерці Салданьі. І самі жартаўнікі-радыёвядучыя сталі ў апошнія дні аб’ектам нападак тысяч карыстальнікаў інтэрнэту, якія абвінавачваюць іх ва ўсіх сьмяротных грахах. Як адзначае Sunday Times, «нам ня варта гэтак ужо сурова асуджаць двух маладых радыёвядучых... Яны, вядома, самі адчуваюць сябе жудасна... Выхад у эфір іх фальшывага званка ўхвалілі начальства і юрысты радыёстанцыі». Пры гэтым той жа «калектыўны інтэрнэт» да весткі аб сьмерці мэдсястры сьмяяўся над «жартам» і яе ахвярай і ўхваляў радыёвядучых.

Падобнае стаўленьне да чалавечай годнасьці асуджае камэнтатар The Observer Івон Робэртс: «Са зьяўленьнем Twitter’а, блогаў і сацыяльных сетак наша схільнасьць да таго, каб судзіць, крытыкаваць, аналізаваць, асуджаць і зьдзекавацца, часта на падставе практычнай адсутнасьці ведаў аб прадмеце нашай крытыкі, узрасла шматкроць... Як самаўлюбёныя дзеці, мы знаходзімся ўвесь час у спакусе зьмяшчаць сябе ў цэнтар драм, скандалаў і жудасных трагедый тых людзей, пра якіх мы нічога ня ведаем».

Калі ў гібелі прынцэсы Дыяны абвінавачвалі журналістаў-папарацы, то да сьмерці мэдсястры — зразумела, вельмі апасродкавана і ўскосна — аказваюцца датычнымі ўсе блогеры, якія перажоўвалі тэму яе трагічнай памылкі. Гэтая думка вынесена і ў загаловак рэдакцыйнага артыкулу ў The Telegraph («Ад нашай цікаўнасьці цярпяць невінаватыя»). У гэтым артыкуле галоўны акцэнт, аднак, робіцца на тым, што ахвярай трагедыі сталі самі Кэйт і Ўільям: шчасьлівы момант у іх жыцьці быў азмрочаны. Асноўная віна пры гэтым ускладаецца на «жоўтую прэсу», асабліва замежную: «Будзем спадзявацца, што апошні няшчасны выпадак прагучыць па ўсім сьвеце сыгналам для таго, каб спыніцца. Ён стаў сумным сьведчаньнем пра эпоху, у якой мы жывем, у якой амаль немагчыма гарантаваць прыстойнай маладой пары дастатковую асабістую прастору, у якой яны маглі б быць шчасьлівыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG