Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы за апошні час не забілі ніводнага чалавека


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сёньня на сустрэчы з удзельнікамі Клюбу галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі ў Менску зрабіў шэраг гучных заяваў.

Лукашэнка чарговым разам абвінаваціў Эўразьвяз у парушэньнях правоў чалавека.

Аляксандар Лукашэнка 11 сьнежня публічна заявіў, што Захад ня хоча бачыць яго пры ўладзе. Ён сказаў журналістам, што мае дастаткова інфармацыі пра гэта. Паводле ягоных слоў, Захад будзе выбудоўваць дачыненьні зь Беларусьсю «толькі пасьля таго як тут ня будзе Лукашэнкі, калі тут будзе зьменены палітычны лад…»

Кіраўнік Беларусі казаў, што Захад асабліва папракае яго парушэньнямі правоў чалавека. «Але мы за апошні час не забілі ніводнага чалавека ні ўнутры, ні за межамі нашай краіны, парушыўшы правы чалавека. А ЭЗ нішчыць цэлыя дзяржавы. Якая вам справа да Аўганістану, Іраку, Лібіі, Сырыі ды іншых дзяржаў?» — заявіў Лукашэнка.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Беларускі кіраўнік часта ўжывае гэты прыём, калі з хворай галавы ўсё спрабуе перакласьці на здаровую, — кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«У адказ на папрокі ў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ён прыводзіць нейкія факты, якія нібыта сьведчаць пра тое, што правы чалавека ў ЭЗ парушаюцца значна-значна больш, чым у Беларусі. І калі гэта разглядаць у кантэксьце дыялёгу, у кантэксьце спробы наладжваньня дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, то, нягледзячы на ўсе словы, сытуацыя тут вельмі ясная. Пакуль у беларускіх турмах знаходзяцца палітвязьні, ніякага дыялёгу ня будзе. Я думаю, гэтая пазыцыя ЭЗ досыць яскрава і выразна абазначаная. І ня думаю, што тут могуць быць нават мінімальныя паслабленьні з боку Эўразьвязу, з боку эўрапейскіх уладаў».

***

Кароткі агляд іншых заяваў Лукашэнкі (паводле паведамленьняў Інтэрфаксу)

Пра Эўразійскі парлямэнт:

Мы нават не ўключыліся ў абмеркаваньне гэтага пытаньня. На сёньняшні дзень сьпяшацца ня трэба, таму што гэта грошы, адцягненьне людзей. Можа, мы калі-небудзь і прыйдзем да таго, што нам будзе трэба гэта парлямэнцкае вымярэньне. Але сёньня не гэта галоўнае. Ня трэба забягаць наперад. Я пакуль стрымана да гэтага стаўлюся. Я заўзяты праціўнік таго, каб узьнікалі нейкія новыя структуры, якія трэба фінансаваць, а яны ня будуць даваць нейкага эфэкту.

Пра перанакіраваньне транзыту з партаў краін Балтыі на парты Расеі

Не, мы яшчэ не прынялі рашэньне, мы прапрацоўваем гэтае пытаньне. Нашы транспартнікі вядуць дыялёг з чыгункай Расеі, нам трэба па тарыфах дамаўляцца. З прэзыдэнтам Расеі мы даручылі экспэртам прапрацаваць гэтае пытаньне. Магчыма, на чарговым пасяджэньні Вышэйшага Дзяржсавету саюзнай дзяржавы мы гэтае пытаньне будзем разглядаць, спэцыялісты нам даложаць. Гэта будзе дзесьці студзень-люты месяц. Мы не плянуем сыходзіць з балтыйскіх партоў (краін Балтыі — ІФ), мы не плянуем 60 млн. тон грузаў накіроўваць у Піцер. Але нейкая дывэрсыфікацыя павінна быць.

Адказваючы на пытаньне літоўскай журналісткі: «Калі нам будзе выгадна, калі вы нас ня будзеце» бамбаваць", то, можа, гэтае пытаньне (аб пераарыентацыі грузаў з Літвы — ІФ) растварыцца, але я не як ўмову стаўлю.

Пра сувэрэнітэт і Эўразійскую эканамічную камісію

Так, мы перадаем частку паўнамоцтваў гэтай камісіі. Але гэта выгада, увесь сьвет у гэтым кірунку рухаецца, а мы чагосьці баімся. Нічога страшнага ў гэтым няма. Мы ж не зьнішчаем органы ўлады, мы не аддалі ўсе прэзыдэнту Расеі. Не. Мы сядзім за круглым сталом, вельмі адкрыта, сумленна абмяркоўваем гэтыя пытаньні.

Кампрамісы і ўшчамленьне уласных інтарэсаў дзеля агульнай выгады ідзе дзесьці насуперак з інтарэсамі буйнога, сярэдняга і малога бізнэсу.

Пра пастаўкі расейскай нафты ў 2013 годзе

Думаю, у бліжэйшыя два тыдні мы дамовімся па гэтым балянсе. Праблем тут ня будзе. Вымалёўваецца балянс дзесьці на 19 млн. тон, нам трэба 23 млн. тон.

Пра Абхазію і Паўднёвую Асэтыю

Мы гэтую старонку перавярнулі і больш да яе з расейскім кіраўніцтвам не вяртаемся. Калі паўстала пытаньне аб прызнаньні-непрызнаньні, мы абмеркавалі гэтае пытаньне з кіраўніцтвам Расеі, тады — з прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Я тады спытаў: Расея бяз гэтага не пражыве, калі мы прызнаем ці не прызнаем? Я спытаў: Расея гатова ўзяць на сябе мінімізацыю нэгатыўных наступстваў (для Беларусі ад прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — ІФ)? Дзьмітры Анатольевіч кажа: гэта іншае пытаньне, мы не гатовыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG