Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка павінен паўстаць перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе за злачынствы супраць чалавечнасьці, заявіў старшыня Хэльсынскай камісіі ў Кангрэсе ЗША Крыстафэр Сьміт. Наколькі рэалістычныя спробы прыцягнуць цяперашняга кіраўніка Беларусі да адказнасьці? Ці могуць гэтыя спробы нанесьці сур’ёзную палітычную і іміджавую шкоду Аляксандру Лукашэнку? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг і юрыст Юры Чавусаў.

Цыганкоў: «Ужо ня першы раз розныя палітыкі заяўляюць, што Аляксандар Лукашэнка павінен паўстаць перад тым ці іншым міжнародным судовым органам. Ці стаіць за гэтымі заявамі нешта канкрэтнае, то бок — ці рыхтуе хто-небудзь канкрэтныя дакумэнты па прыцягненьні Лукашэнкі да міжнароднага суду?»

Чавусаў: «Калі адкінуць убок пытаньне пра юрыдычную магчымасьць прыцягненьня кіраўніка Беларусі да міжнароднага суду, то такія заявы найперш трэба разглядаць як палітычныя абвінавачаньні на адрас беларускага рэжыму і пастаноўку яго ў адзін шэраг з найбольш брутальнымі дыктатурамі сьвету. Кангрэсмэн Сьміт ня першы раз робіць такія заявы, і можна сказаць, што яны сталі адметнасьцю гэтага палітыка.

Але я адзначу, што ў 2012 годзе спадар Сьміт як старшыня адпаведнай камісіі Кангрэсу зьвярнуўся да адміністрацыі Абамы з пытаньнем пра падрыхтоўку матэрыялаў для адпаведнага звароту. Аднак прайшоў год, і пакуль нідзе не паведамлялася, што справа дайшла да нечага большага, чым выключна палітычнае асуджэньне».

Цыганкоў: «Ці могуць гэтыя спробы нанесьці сур’ёзную палітычную і іміджавую шкоду Аляксандру Лукашэнку? Ці ён ужо і так мае настолькі кепскі імідж, што яго цяжка папсаваць?»

Чавусаў: «Што тычыцца пэрсанальнага іміджу беларускага кіраўніка, то наўрад ці новыя заявы Сьміта дададуць нейкай чорнай фарбы да і так ня вельмі прывабнага партрэту беларускага лідэра. Зь іншага боку, гэта яшчэ больш пагаршае вобраз Беларусі на ўсясьветнай арэне і ставіць яе ў адзін шэраг з самымі крывавымі дыктатурамі. Варта нагадаць, што пад юрысдыкцыю Міжнароднага суду трапляюць вельмі цяжкія злачынствы — генацыд, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавецтва.

Калі замежнікі прыяжджаюць у Беларусь, то чакаюць тут убачыць значна горшую карціну і зьдзіўляюцца, што тут не стаяць канцлягеры на кожным кроку. Але імідж Беларусі менавіта такі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG