Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ракетныя войскі адмовяцца ад беларускіх грузавых шасі?


Ракетны комплекс «Ярс»

Ракетны комплекс «Ярс»

З 2014 году новыя ракетныя комплексы «Авангард» і «Ярс» будуць саджаць на шасі, вырабленыя на расейскім КамАЗе.Такія зьвесткі зьявіліся ў расейскіх мэдыях напярэдадні пасяджэньня ў Маскве савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Наколькі верагодная такая пэрспэктыва?

Пра тое, што расейскія войскі перасядуць на «КамАЗы» і беларускі «МАЗ» перастане быць сымбалем ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня, паведаміла расейская газэта «Известия». Спасылаючыся на кіраўніцтва ракетных войскаў Расеі, газэта піша, што міжкантынэнтальныя ракеты будуць ставіць на тэхніку КамАЗа. З гэтай мэтай на Камскім заводзе завяршаюць у наступным годзе пэрспэктыўнае грузавое шасі «Плятформа». У ракетныя войскі паступілі першыя сэрыйныя шасі менскага заводу колавых цягачоў. Але толькі некалькі дзясяткаў «Ярсаў» паставяць на гэтыя шасі. Новых закупаў ня будзе. Паводле расейскіх вайскоўцаў, іхняя тэхніка больш прыдатная, у яе большая грузапад’ёмнасьць і хуткасьць. Датычнасьць да вырабу гэтай тэхнікі зьняпраўдзіў намесьнік дырэктара Менскага аўтазаводу Ільля Субоцін:

«Мы разьбіраемся з гэтым пытаньнем. Пакуль ад афіцыйных камэнтароў устрымліваемся. Хутчэй за ўсё, там адбылася невялікая памылка друку. Прамых паставак тэхнікі на адрас Міністэрства абароны Расеі мы не рабілі».

Прадстаўнік ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Ўладзімер Лаўранюк заявіў карэспандэнту «Свабоды», што МАЗ раней выпускаў прадукцыю на сваім шасі для савецкіх ракетных комплексаў. А менскі завод колавых цягачоў працягвае пастаўкі шасі ў Расею. Паводле Лаўранюка, дзяржаўны абаронны заказ на 2013 год пакуль не сфармаваны. Таму яшчэ цяжка казаць, ці будзе пастаўляць беларускі бок шасі для тых жа ракетных комплексаў «Ярс».
Укід гэтага артыкула быў зроблены ў нуль гадзін адну мінуту. Што там перасьледавалі расейскія журналісты, мне сказаць цяжка


«Мы пастаўляем туды, і пакуль ніякіх размоў на гэтую тэму няма. Таму я камэнтаваць гэты артыкул не магу. Альбо журналіст мае няправільную інфармацыю, ці ён хацеў пра нешта іншае напісаць. Ідзе размова пра стварэньне холдынгу МАЗ — КамАЗ. Плюс яшчэ будзе мерапрыемства 12 сьнежня ў Маскве. Можа, гэта да гэтага адносіцца? Укід гэтага артыкула быў зроблены ў нуль гадзін адну мінуту. Што там перасьледавалі расейскія журналісты, мне сказаць цяжка».

Прадстаўнік маскоўскага Цэнтру стратэгій і тэхналёгій Канстанцін Макіенка сказаў:

«Тое, што піша газэта „Известия“, я не камэнтую, бо гэта тое самае, што камэнтаваць надпісы на плоце».

Вайсковы аналітык Аляксандар Алесін адзначае, што менскі аўтазавод даўно не пастаўляе тэхніку ў расейскае войска, хоць увесь час дамагаецца ўдзелу ў тэндэры. Пастаўляе туды сваю прадукцыю толькі менскі завод колавых цягачоў.
Калі яны згодныя выключыцца з ракетнага супрацьстаяньня з ЗША на 10–15 гадоў, тады яны змогуць дазволіць сабе такую раскошу


«Гэта, хутчэй, памылка, прыём інфармацыйнай вайны для таго, каб зрабіць беларускі бок больш падатлівым. Гэта спосаб націску, спосаб прыпужаць. Існуюць пляны ўключэньня Менскага заводу колавых цягачоў у склад адной з расейскіх карпарацый. Гэтаксама, як былі пляны ўключэньня МАЗа ў склад КамАЗа. Але, відавочна, існуюць нейкія супярэчнасьці».

Паводле Алесіна, Расея ня ў стане распрацаваць аналяг беларускай тэхнікі, і каб зрабіць такую машыну, ёй спатрэбіцца гадоў 15.

«Справа ў тым, што памяняць колавую базу — гэта значыць памяняць у пэўнай ступені і канструкцыю пускавых установак, і саміх ракетных комплексаў. Гэта патрабуе калясальных грошай. Таму я зь недаверам стаўлюся да гэтых заяваў, што яны ня будуць купляць прадукцыю менскага заводу колавых цягачоў. Пускавая ўстаноўка ідзе не адна, яе суправаджае цэлы шлейф машын, якіх у пяць разоў больш, чым саміх пускавых установак. Гэта ўсё на шасі менскага заводу колавых цягачоў, і аналягу няма. Калі яны згодныя выключыцца з ракетнага супрацьстаяньня з ЗША на 10–15 гадоў, тады яны змогуць дазволіць сабе такую раскошу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG