Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пачатак зімы для гораду заўсёды выглядае як стыхійнае бедства?

Шматдзённы сьнегапад засьпеў дарожныя і камунальныя службы зьнянацку. Дарогі замяло, двары ня чышчаныя, машыны буксуюць, гарадзкі транспарт выбіваецца з графіку, на пераходах — каша з вады і сьнегу. Менчукі абураюцца.

Малады чалавек: «Нідзе ні прайсьці, ні праехаць. Бачыў, як у Малінаўцы аўтобус ня мог выехаць з прыпынку, забуксаваў, было не пачышчана. Транспарт позьніцца, рэдка ходзіць, бо мусіць рухацца вельмі павольна. У першы дзень, калі выпаў сьнег, рух на кальцавой быў паралізаваны».

Спадарыня: «Вуліцы вельмі дрэнна прыбіраюць, у дварах наагул сьнегу — па калена. Ня ведаю, можа, самім ужо ісьці чысьціць? Вось паглядзіце, ходнік быццам бы расчысьцілі, а дзе пераход — вялікія сумёты, не прайсьці».

У двары дома № 91 па праспэкце Незалежнасьці чалавек сталага веку ў стыльным кажушку і маладзён у спартовай куртцы арудуюць шуфлямі.

Карэспандэнтка: «Скажыце, а вы дворнікі?»

«Не, ня дворнік».

Карэспандэнтка: «А чаму прыбіраеце тут?»

«Дворнікаў не хапае, а столькі сьнегу выпала. Трэба ж дапамагчы неяк. Добраахвотна дапамагаю, мне ж ніхто ня плаціць за гэта. Я гатовы даплаціць дворнікам. Але ж яны ня ў стане, усё адно ня ўправяцца».

«Я таксама ня дворнік. Расчышчаю вакол свайго пад’езду, вакол сваёй машыны сьнег. Дворнікаў не хапае. І паглядзіце, у асноўным хто працуе — алкашы альбо жанчыны. Ня кожны малады чалавек вытрымае».

«Ніхто нічога ня робіць. Проста служба, якую ачольвае пэўны намесьнік старшыні гарвыканкаму, не патрабуе як мае быць».

Вось жа, у некаторых дварах сьвядомыя жыхары самі выйшлі з шуфлямі на расчыстку.

На плошчы Калініна працуюць зь цяжкімі шуфлямі жанчыны зь «Менскзелянбуду». Адна — зусім маладзенькая, другая — сталага веку.

Карэспандэнтка: «За такую цяжкую для жанчыны працу колькі зараз плацяць?»

«Ну, 2 мільёны зарабляю. У мінулым разьліковым было 1 мільён 900 тысяч. Так, вельмі мала. А што рабіць? Хто будзе працаваць за такія грошы, акрамя жанчын? Ніхто».

Карэспандэнтка: «А хапае супрацоўнікаў?»

«Не, не хапае. Сюды ніхто не ідзе. Нас у брыгадзе — 6 чалавек, а павінна быць 20. Вельмі цяжка, вельмі. Нашай брыгадзе трэба падтрымліваць парадак на плошчы Перамогі, Коласа, Калініна і бульвары Мулявіна. 4 вялізныя ўчасткі. А нас на працу выходзіць максымум пяцёра — па чалавеку на ўчастак. Мы ледзьве дахаты даходзім. Праца не для жанчыны. Дзьве гадзіны папрацаваць — яшчэ сюды-туды, але восем! Ды яшчэ просяць на гадзіну-дзьве пасьля зьмены затрымацца, гэта ўжо занадта! А сёньня наагул такі цяжкі сьнег, што шуфэль не падняць, а кідаць трэба далёка. Цяжка, а будзе ўвесь тыдзень са сьнегам».

Складанасьці яшчэ ў тым, што розныя ведамствы адказваюць за розныя ўчасткі. За двары — ЖРЭу, за плошчы і бульвары — «Менскзелянгас», за прыпынкі — «Рамаўтадор». Але аб’ядноўвае іх адна праблема — вострая нястача кадраў. Брыгадзір «Рамаўтадору» скардзіцца:

«А як мы можам пасьпяваць чысьціць? Паводле штату павінна быць 20 чалавек, а працуе 10».

Карэспандэнтка: «А чаму? Заробкі нізкія?»

«Так. 2,5–3 мільёны. Прыбіраем па 3 прыпынкі і па 15 пераходаў кожная».

Камунальныя службы прыцягваюць да прыбіраньня сьнегу, акрамя дворнікаў, іншых спэцыялістаў — сантэхнікаў, электрыкаў. А старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька прапанаваў больш актыўна прыцягваць да прыбіраньня сьнегу грамадзян, якія «вядуць асацыяльны лад жыцьця» — то бок былых асуджаных і бамжоў.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG