Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навука і тэхналёгія 2012: Базон Хігса і марсаход Curiosity


Панарамнае фота з марсаходу Curiosity

Панарамнае фота з марсаходу Curiosity

2012 быў годам вялікіх прарываў ды вартых захапленьня адкрыцьцяў і зьдзяйсьненьняў у навуцы і тэхналёгіі.

Адно з самых значных адкрыцьцяў у фізыцы — як лічаць некаторыя, у маштабе апошняга стагодзьдзя — мела месца сёлета ў Жэнэве. 4 ліпеня 2012 прадстаўнікі Эўрапейскай асацыяцыі ядзерных дасьледаваньняў (CERN) заявілі, што кожны з двух асноўных дэтэктараў Вялікага адроннага калайдэра — паскаральніка зараджаных часьціцаў, збудаванага за 10 мільярдаў даляраў у 2000-2008 гг. — назіраў новую часьціцу з масай каля 125-126 ГэВ. Паводле эўрапейскіх навукоўцаў, ёсьць важкія падставы лічыць, што гэтай часьціцай зьяўляецца базон Хігса.

«Якраз у такога тыпу экспэрымэнтах мы шукаем адну з самых рэдкіх часьціцаў на сьвеце. Маючы гэта на ўвазе, мы кажам, што атрымалі пакуль што папярэдні вынік, але думаем, што гэта вельмі моцны вынік. Гэта вельмі салідны вынік, інакш бы мы яго не паведамлялі» — сказаў фізык Джо Інкандэла журналістам у ліпені.

Базон Хігса — тэарэтычна прадказаная ў 1964 годзе элемэнтарная часьціца, якая ўзьнікае ў гэтак званай Стандартнай мадэлі электрамагнітнага, слабога і моцнага ўзаемадзеяньняў. У рамках Стандартнай мадэлі базон Хігса адказвае за масу элемэнтарных часьціцаў. Інакш кажучы, навукоўцы маюць надзею, што вывучэньне паводзін базону Хігса адкажа на пытаньне, якім чынам аб’екты ў сусьвеце набываюць масу.

Навукоўцы ў Жэнэве працягваюць пошук далейшага пацьвярджэньня існаваньня базону Хігса ў працэсах, якія адбываюцца ў тунэлях Вялікага адроннага калайдэра.

Графічнае адлюстраваньне сьлядоў ад сутыкненьня пратонаў у адронным калайдэры падчас пошуку Базона Хігса

Графічнае адлюстраваньне сьлядоў ад сутыкненьня пратонаў у адронным калайдэры падчас пошуку Базона Хігса



У жніўні сёлета, пасьля гадавога падарожжа, на Марсе зьдзейсьніў пасадку амэрыканскі марсаход Curiosity. Касьмічны апарат Curiosity — тэхналягічная складанасьць якога перавышае ўсё, створанае да гэтага часу чалавекам з мэтай асваеньня Космасу — правядзе на Марсе каля двух гадоў. Галоўная задача марсахода — пошук сьлядоў жыцьця на гэтай плянэце.

У верасьні ўсе сусьветныя СМІ паведамілі сэнсацыю: Curiosity на Марсе натрапіў на месца, якое ў далёкім мінулым было, хутчэй за ўсё, дном струменя або рэчкі. Да гэтай высновы падвёў навукоўцаў аналіз каменьчыкаў і жвіру, знойдзеных марсаходам.

«Гэтыя каменьчыкі, якія мы тут бачым, маюць ня толькі адну форму, але і адзін памер. Яны завялікія, каб іх сюды нанёс вецер. Досьледная група пагаджаецца, што гэтыя каменьчыкі нанесла вада, якая некалі цякла там шпаркім струменем» — пракамэнтавала здымкі, атрыманыя з марсахода, Рэбэка Ўільямс, кіраўнік досьледнай групы з амэрыканскага аэракасьмічнага агенцтва NASA.

Камяні на паверхні Марсу

Камяні на паверхні Марсу



На што яшчэ варта было зьвярнуць увагу ў сфэры навукі і тэхналёгіі ў 2012 годзе?

Навукоўцам у Брукгэйвэнскай нацыянальнай лябараторыі ў ЗША ўдалося атрымаць самую высокую тэмпэратуру ў сьвеце — 4 трыльёны градусаў Цэльсія. Тэмпэратуру, якая ў 250 тысяч разоў перавышала тэмпэратуру ў сонечным ядры, удалося ўтрымаць толькі цягам дробнай часткі сэкунды, падчас сутыкненьня іёнаў золата ў экспэрымэнце, у якім вывучаліся абставіны падобныя да тых, якія існавалі ў сусьвеце неўзабаве пасьля Вялікага выбуху.

У джунглях Новай Гвінэі заолягі пацьвердзілі адкрыцьцё найменшай хрыбетнай жывёліны на зямлі — новага віду жабаў памерам усяго 7,7 мілімэтра.

Жаба Paedophryne Amauensis на дзесяціцэнтавай манэце

Жаба Paedophryne Amauensis на дзесяціцэнтавай манэце



У кастрычніку аўстрыйскі парашутыст Фэлікс Баўмгартнэр выканаў скачок на зямлю са стратасфэры, з рэкорднай вышыні 39 кілямэтраў. У вакууме ён падаў з хуткасьцю 1137 кілямэтраў за гадзіну. Скачок доўжыўся 4 хвіліны 20 сэкундаў.

Фэлікс Баўмгартнэр пасьля рэкорднага скачку

Фэлікс Баўмгартнэр пасьля рэкорднага скачку



У красавіку брытанскія навукоўцы апублікавалі вынікі найбольшага да гэтага часу генэтычнага досьледу тканкі, пашкоджанай ракам грудзей. Паводле брытанскага досьледу рак грудзей зьяўляецца захворваньнем, якое падзяляецца на 10 выразных тыпаў. Гэтае адкрыцьцё, як мяркуецца, дазволіць у будучыні больш эфэктыўна лячыць ад раку грудзей.

Сёлета амэрыканскія навукоўцы зрабілі значны прагрэс у вырошчваньні штучных органаў чалавечага цела. Амэрыканцам удалося знайсьці мэтад вырошчваньня чалавечай пячонкі з клетак пячонкі, якія былі зьмешчаныя на адмысловай матрыцы з цукру, выкананай пры дапамозе 3D-прынтэра. У гэтым навуковым прарыве, як падкрэсьлівалі шмат якія СМІ, самым цесным чынам спляліся найноўшыя дасягненьні навукі з найноўшымі дасягненьнямі тэхналёгіі.
XS
SM
MD
LG