Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябар Гайдукова: «У мяне няма лішніх грошай, каб ехаць на допыт у КДБ»


Будынак КДБ у Віцебску

Будынак КДБ у Віцебску

Яўгена Канстанцінава яшчэ 7 сьнежня выклікалі на допыт па «шпіёнскай справе» Андрэя Гайдукова. На пытаньне супрацоўнікаў КДБ, чаму ён не зьявіўся, хлопец адказаў: «Пасьля візытаў вашых супрацоўнікаў я быў вымушаны звольніцца. Так што лішніх грошай на паездкі няма».

Раней Яўген Канстанцінаў працаваў ахоўнікам у краме.

Яўген Канстанцінаў апошнім часам жыве ў Менску, а да сьледчага трэба ехаць у віцебскую абласную ўправу КДБ. Цяпер ён беспрацоўны, бо ў мінулым месяцы да яго на працу прыходзілі «людзі ў цывільным», і пасьля гэтага начальства прапанавала хлопцу звольніцца «па ўласным жаданьні».

Спадар Канстанцінаў — кіраўнік незарэгістраванай суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў», а затрыманы «за здраду дзяржаве» 23-гадовы жыхар Наваполацку Андрэй Гайдукоў — ягоны намесьнік. Віцебская ўправа КДБ цікавіцца менавіта грамадзкай дзейнасьцю Андрэя, мяркуе Яўген Канстанцінаў. Ён лічыць абвінавачаньне сябра ў здрадзе дзяржаве праз супрацоўніцтва з замежнымі спэцслужбамі абсурдным.

Яўген Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада ў Віцебску. Сьпярша яго завезьлі ў Менск і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а на пачатку сьнежня перавялі ў віцебскі СІЗА № 2. Толькі з гэтай установы да родных пачалі даходзіць лісты арыштаванага — зь менскага СІЗА КДБ сваякі Гайдукова не атрымалі ніводнага допісу.

Днямі маці затрыманага «за шпіянаж» атрымала ўжо другі ліст са зьняволеньня. Паводле яе словаў, Андрэй трымаецца добра. Хвалюецца толькі, ці пасьпее на сэсію, якая пачнецца неўзабаве пасьля навагодніх сьвятаў. Піша, што шанцы ў яго 50 на 50: яго могуць адпусьціць хоць зараз або трымаць пад вартай яшчэ доўга.

Супраць 23-гадовага актывіста, апэратара наваполацкага «Нафтану» распачалі крымінальную справу паводле артыкула 356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці». Артыкул прадугледжвае пакараньне турэмным зьняволеньнем на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
XS
SM
MD
LG