Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разумныя — сумна, глупыя — сьмешна, а ўсё разам — TV»


«Белсат» віншавалі ў Менску і ў Варшаве. У Менску журналістам уручылі дыплёмы. У Варшаве паабяцалі, што ЭЗ будзе і надалей працягваць дапамагаць тэлевізійнаму вяшчаньню на Беларусь.

Менск, карэспандэнт Свабоды Ігар Карней:

«Каб павіншаваць Белсат, прыйшло багата адметных асобаў — Уладзімер Колас і Зінаіда Бандарэнка, Алег Трусаў і Генадзь Бураўкін, шмат іншых. Своеасаблівым гідам імпрэзы стаў журналіст Павал Мажэйка: ён адзначыў, што дзякуючы Белсату штогод зьяўляецца некалькі новых маладых імёнаў, якія рэалізуюцца ў прафэсіі, на гэтай пляцоўцы.

Адным з новых імёнаў сёньня стала рэжысэрка Вольга Швед, яна прэзэнтавала дакумэнтальны фільм «Вясна», прысьвечаны зьняволенаму Алесю Бяляцкаму.

Таксама былі ўручаныя дыплёмы тым, хто быў зь Белсатам увесь гэты час, хто, па словах Паўла Мажэйкі, «працуе на лініі фронту» ў Беларусі.

За адданасьць справе быў уганараваны Мікола Дзябёла, за прафэсійнае майстэрства — Ян Акулін, а таксама Тацяна Балашова, Кацярына Ткачэнка і цэлы шэраг рэгіянальных карэспандэнтаў. Былі адзначаныя рэдакцыі праграмаў — у прыватнасьці, Экспэрт, Форум, Два на два, Сальда, Гісторыя пад знакам Пагоні, Асабісты капітал і г.д. А за беларусіфікацыю і дэсаветызацыю (была і такая намінацыя) — уся моўная служба Белсату.

За 5 гадоў працы Белсату на замову каналу зьнята больш за сотню дакумэнтальных фільмаў — палітычная дакумэнталістыка, культура, гісторыя, а таксама рэпартажы з паўсядзённага жыцьця беларусаў.

***

У інтэрвію Свабодзе сёньня дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўская гаварыла пра фінансавыя праблемы каналу. Ці хопіць Белсату фінансаў на наступны год?

Варшава, Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларусай службы Радыё Свабода:

Вядома, хопіць. Справа ў тым, што Белсат — гэта перш за ўсё не фінансавая рэч, гэта акт і акцыя салідарнасьці дэмакратычнай Польшчы з будучай дэмакратычнай Беларусьсю, з тым дэмакратычным беларускім грамадзтвам, якое ўжо цяпер існуе, і Польшча, Эўразьвяз, канешне, вырашаць гэтае пытаньне.

Апроч Агнешкі Рамашэўскай на сёньняшнім сьвяткаваньні выступалі намесьніца міністра замежных справаў Польшчы, а таксама былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, які таксама пацьвердзіў, што ўрад Швэцыі, як і іншых краінаў ЭЗ, будзе працягваць дапамагаць тэлевізійнаму вяшчаньню на Беларусь.

Зь Беларусі ўдзельнікаў сьвяткаваньня вітала Марына Адамовіч, жонка палітвязьня, былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча. Яна сказала, што для яе і яе «сёстраў» — а сёстрамі яна называе ўсіх нявест, жонак, сёстраў, маці тых, хто сядзіць — Белсат надзвычай важны голас, які кажа, што іхныя блізкія не забытыя.

Сёньня я ўзгадаў, як мы сьвяткавалі ў свой час 50 гадоў Радыё Свабода, і ў Прагу тады прыехаў Ян Новак-Езеранскі, легендарны дырэктар польскай рэдакцыі Радыё Вольная Эўропа. Я запытаўся: што вы параіце беларускай службе — як працаваць пры такім недэмакратычным, аўтарытарным рэжыме? Ён параіў рабіць як мага больш круглых сталоў. Я запытаўся: «Як жа? Журналісты ж бываюць розныя: і разумныя, і ня вельмі?» Ён адказаў: «Калі будуць гаварыць толькі першыя — будзе сумна, калі толькі другія — сьмешна, а калі і тыя, і другія — гэта будзе ўжо тэлевізія.»

На гэтым тыдні мы запішам ужо 150-ты выпуск круглага стала Радыё Свабода на Белсаце, які цяпер называецца «Зона Свабоды». А сёньняшняе сьвяткаваньне адбываецца ў будынку былога ЦК ПАРП — аб’яднанай рабочай партыі Польшчы. Цяпер гэта таксама зона свабоды. Урок відавочны.


Спадарожнікавы канал «Белсат» распачаў трансьляцыю пяць гадоў таму — 10 сьнежня 2007 году. За гэты час ён прайшоў шлях ад адной гадзіны эфіру да паўнавартаснага каналу з арыгінальнымі публіцыстычнымі і пазнавальнымі праграмамі, дакумэнтальнымі і мастацкімі стужкамі.

Цягам усіх пяці гадоў журналістам «Белсату» даводзіцца працаваць фактычна паўлегальна, бо ўлады Беларусі адмаўляюцца даць тэлеканалу акрэдытацыю. Неаднаразова карэспандэнтаў каналу затрымлівалі падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў, а на менскім офісе і ў кватэрах журналістаў ладзіліся ператрусы, канфіскоўвалася маёмасьць. Аднак белсатаўцы працягваюць выконваць сваю галоўную місію — прадукаваць незалежную інфармацыю па-беларуску і без цэнзуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG