Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ стане кузьняй кадраў КДБ?


Лукашэнка заявіў, што для працы ў КДБ і МУС патрэбна будзе рэкамэндацыя БРСМ.

«Што да камітэту дзяржбясьпекі, МУС, усіх праваахоўных органаў, мы выйдзем на тое, што патрэбна будзе рэкамэндацыя саюзу моладзі, каб працаваць на гэтай ніве, і таму ў гэтым пляне будзе ўзмацняцца роля моладзевай арганізацыі», — аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з першым сакратаром ЦК БРСМ Ігарам Бузоўскім. Пра гэта паведаміла БЕЛТА.

Кіраўнік Беларусі сказаў, што дзяржава працягне падтрымліваць БРСМ: «Камусьці ён падабаецца, камусьці не падабаецца, але прыкладна паўмільёна чалавек сёньня зьяўляюцца рэальнымі членамі БРСМ, якія маюць членскія квіткі і плацяць унёскі. І няхай гэта невялікія ўнёскі — вялікія і ня трэба, можа быць, зараз, хто хоча больш дапамагчы, той дапаможа — справа не ва узносах, але гэта рэальная колькасьць», — сказаў Лукашэнка.

«Я працаваў у камсамоле ў савецкія часы і разумею, што ня ўсё адназначна ў арганізацыі, таму што гэта моладзь, і гэтым усё сказана. Моладзь ёсьць моладзь», — адзначыў Лукашэнка.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што БРСМ, як і арганізацыя «Белая Русь», зьяўляецца добрым рэзэрвам кадраў.

Костка: «Лукашэнка ідзе ня ўперад, а ў мінулае»


Валеры Костка

Валеры Костка

Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што для працы ў праваахоўных органах патрэбная будзе рэкамэндацыя БРСМ, для «Свабоды» камэнтуе былы падпалкоўнік КДБ Валеры Костка:

«Лукашэнка проста ня здольны ісьці ўперад. І таму ён увесь час зьвяртаецца да таго, што ўжо было раней. А раней так і было — тады патрэбны былі рэкамэндацыі: партыйная, камсамольская і г. д.

Ды і наагул падбор людзей у органы КДБ гэта не справа Лукашэнкі. Існуе ўжо апрабаваная дзесяцігодзьдзямі мэтодыка падбору. І там усё прапісанае. А ён зноў залез не ў сваю сфэру».

10 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы зь першым сакратаром ЦК БРСМ Ігарам Бузоўскім паабяцаў, што дзяржава працягне падтрымку БРСМ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG