Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пасьля цяжкай працяглай хваробы памёр Антон Сабалеўскі. Ураджэнец Беларусі, які большую палову жыцьця пражыў у Расеі, да апошняга заставаўся патрыётам бацькаўшчыны.

Антон Сабалеўскі нарадзіўся ў 1926 годзе ў Глыбокім на Віцебшчыне. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, служыў у войску і выйшаў у адстаўку ў 1981 годзе ў званьні палкоўніка. З 1952 году жыў у Маскве і ахвярна працаваў на духоўнае адраджэньне Бацькаўшчыны. Узгадвае старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша:

«Гэта быў беларускі патрыёт, які ўдзельнічаў у беларускіх, грамадзкіх арганізацыях Масквы, шмат рабіў дзеля добрага імя Беларусі і добрай славы беларускай культуры. Шмат дапамагаў свайму Глыбокаму, дзе ён нарадзіўся, краязнаўчаму музэю. Што мог, тое і рабіў дзеля роднага гораду і Беларусі».

У 1989 годзе Антон Сабалеўскі стаў адным з заснавальнікаў, а потым быў шматгадовым сябрам Рады маскоўскага Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны. У многім дзякуючы менавіта яму ў расейскай сталіцы зьявіўся помнік беларускаму песьняру Янку Купалу.

Літаратуразнавец Язэп Янушкевіч: «Спадар Сабалеўскі запомніўся мне сваёй нейкай не па гадах няўрымсьлівасьцю, мудрасьцю, нязгаснай патрыятычнасьцю. Менавіта ён выступіў з ініцыятывай і замовіў у майго малодшага брата помнік Янку Купалу, але гэтая ідэя не рэалізавалася. Спадар Сабалеўскі для мяне — з таго ж пакаленьня, што і спадар Каўка. Яны мне бачацца такімі маскоўскімі братамі, якія, будучы далёка ад Радзімы, слугавалі і слугуюць ёй праз усё жыцьцё і да апошняй хвіліны».
пахавалі ў Маскве, і жыў ён у Маскве, але сваімі думкамі ён быў найперш на радзіме, у Беларусі


Антон Сабалеўскі стаўся адным з заснавальнікаў Таварыства беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Ягоную актыўную грамадзкую дзейнасьць з разуменьнем успрымалі дачка і сын, які пайшоў шляхам бацькі і таксама служыць у войску. Спадара Антона любілі і шанавалі ягоныя прыяцелі і сябры, гаворыць беларускі пісьменьнік Яўген Лецка:

«Ён быў чалавек справы, чалавек, які верыў у Беларусь і працаваў на тое, каб Беларусь жыла. Яго пахавалі ў Маскве, і жыў ён у Маскве, але сваімі думкамі ён быў найперш на радзіме, у Беларусі. Ён шмат зрабіў для Глыбокага, і было б правільна і прыгожа, каб ягонае імя было годна ўшанаванае ў гэтым горадзе. Няхай будзе вечная памяць гэтаму чалавеку і грамадзяніну найперш Беларусі».

Антона Сабалеўскага пахавалі 7 сьнежня на Кунцаўскіх могілках Масквы.
XS
SM
MD
LG