Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 сьнежня некалькі відэаінжынэраў дзяржаўнага тэлеканалу СТВ («Сталічнае тэлебачаньне») ня выйшлі на працу, у выніку чаго пасьля інфармацыйных праграмаў «24 гадзіны» не зьявіліся спартовыя навіны.

Паведамляецца, што страйк зладзілі супрацоўнікі, якія працуюць не на сталай аснове, а па дамове найму. Прычынай — нізкая заработная плата. Шэсьць гадоў падобны выпадак здарыўся на прафсаюзным «Новым радыё».

Афіцыйнай рэакцыі на інцыдэнт з боку кіраўніцтва «Сталічнага тэлебачаньня» пакуль няма. Аднак на ўмовах ананімнасьці ў рэдакцыі прызналі, што дэмарш сапраўды меў месца — некалькі чалавек ня вышлі на працоўныя месцы, чым сарвалі графік выхаду праграмаў:

«Так, гэта праўда. Я толькі не зусім у курсе ўсіх падрабязнасьцяў, бо яны працуюць ня ў штаце, а на дамове найму. Але тое, што раней было выкладзена ў сеціве, усё адпавядае рэальнасьці. Тры чалавекі ня выйшлі на працу, вось і ўсё. Гэткім чынам пратэставалі супраць нізкіх заробкаў».

Суразмоўца ўдакладніў, што відэаінжынэраў, якія займаюцца мантажом сюжэтаў, падмянілі іншымі работнікамі, якіх давялося тэрмінова выклікаць на працу. Ці будуць да страйкоўцаў ужытыя нейкія санкцыі — не ўдакладняецца. Але паколькі яны ня ў штаце, то звольніць іх немагчыма. Разам з тым застаецца верагоднасьць, што заробкі ўсё ж могуць падвысіць:

Дагэтуль яны атрымлівалі па 2,5 мільёна рублёў

«Сёньня да канца працоўнага дня нібыта павінна быць падпісаная папера па заробку. Паводле папярэдняй інфармацыі, заробак ім павінны дадаць. Дык вось яны чакаюць 17-й гадзіны, але калі нічога ня зьменіцца, то зьбіраюцца зноў байкатаваць працу. Хутчэй за ўсё, дадуць грошай. Наколькі шмат — пытаньне іншае. Дагэтуль яны атрымлівалі па 2,5 мільёна рублёў».

Адмовіцца ад паслугаў вузкіх спэцыялістаў кіраўніцтва СТВ таксама ня можа. Паводле тэлевізійных крыніцаў, канал мае вялікую напругу ня толькі зь відэаінжынэрамі, але і з апэратарамі, рэжысэрамі, асыстэнтамі рэжысэраў, рэдактарамі. Затое няма дэфіцыту кантралёраў — начальнікаў рознага ўзроўню.

Дарэчы, сёлета ўвесну са «Сталічным тэлебачаньнем» з той жа грашовай прычыны разьвіталася сьпявачка Вера Карэтнікава, якая вяла праграму «Раніца. Студыя добрага настрою». Атрымаўшы чарговы заробак у суме 1 мільён рублёў, вядучая вырашыла спыніць супрацоўніцтва з каналам. Карэтнікава ўдакладніла, што паход да кіраўніка СТВ Юрыя Казіяткі плёну ня меў: той сказаў, што на большае яе праца ня цягне.

У офісах дзяржаўных тэлеканалаў нярэдка чуваць скаргі на вялізныя разьбежкі ў заробках паміж уіраўніцтвам і шараговымі супрацоўнікам. Асабліва аблашчаныя — прапагандысты, якія працуюць у навінных і аналітычных праграмах. Але памеру іхных прыбыткаў ня ведаюць нават калегі — іх заахвочваюць праз асобную ведамасьць. У той жа час асноўная маса мусіць задавольвацца заробкам, сярэднім па краіне — у лепшым выпадку 300 даляраў.

Многія пры гэтым наракаюць, што нагрузка часта не супастаўная з аплатай працы. Тыя ж відэаінжынэры могуць працаваць і па 10 гадзін, але 300–400 даляраў на выхадзе — грошы ня самыя вялікія. А ў тых, хто супрацоўнічае з каналамі па дамове найму, ганарар яшчэ меншы.

У кастрычніку 2006 году страйкавы інцыдэнт меў месца на радыёстанцыі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Новае радыё». Раніцай музычны блёк быў перапынены заявай, у якой супрацоўнікі зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць іх ад «бязьмежжа» кіраўніцтва фэдэрацыі. Сьцьвярджалася, што калектыў «адной з найлепшых радыёстанцый у краіне» прафсаюзнае кіраўніцтва намагаецца разагнаць. На знак пратэсту быў абвешчаны страйк на працоўных месцах. Праўда, у Фэдэрацыі прафсаюзаў скандал замялі, заявіўшы, што гэта адзін з гукарэжысэраў такім чынам «забаўляўся».
XS
SM
MD
LG