Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вера ў Нобэлеўскую прэмію міру пахіснулася»

абноўлена

Падчас цырымоніі ў Осла
Падчас цырымоніі ў Осла

Сёньня Турб’ёрн Ягланд, старшыня Нарвэскага нобэлеўскага камітэту, уручыў Эўразьвязу Нобэлеўскую прэмію міру. Дадаліся камэнтары зь Беларусі

На цырымонію ўручэньня прэміі ў Осла прыбылі каля 20 эўрапейскіх лідэраў, уключна з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам.

«Мы сабраліся тут сёньня не зь перакананьнем, што Эўразьвяз — дасканалы. Мы сабраліся зь перакананьнем, што тут, у Эўропе, мы павінны вырашаць нашы праблемы разам. Дзеля гэтага нам патрэбныя інстытуты, якія могуць пайсьці на неабходныя кампрамісы. Нам патрэбныя інстытуты, якія забясьпечаць, каб і дзяржавы, і прыватныя асобы праяўлялі стрыманасьць і памяркоўнасьць. У сьвеце, у якім шмат усялякіх пагрозаў, кампраміс, стрыманасьць і памяркоўнасьць зьяўляюцца асноўнымі патрэбамі 21-га стагодзьдзя,» — сказаў Турб’ёрн Ягланд.

10 кастрычніка Турб’ёрн Ягланд заявіў, што сёлетняя Нобэлеўская прэмія міру прысуджаецца Эўрапейскаму Зьвязу за 60 гадоў намаганьняў дзеля пашырэньня міру, дэмакратыі і правоў чалавека на кантынэнце. Гэты працэс, адзначыў Яглянд, пачаўся з замірэньня Францыі і Нямеччыны ў 1945 годзе, пазьней працягваўся з далучэньнем да ЭЗ Грэцыі, Гішпаніі і Партугаліі, а на пачатку 21 стагодзьдзя — шэрагу краін постсавецкага блёку.

«Стабілізуючая роля, якую адыгрывае Эўрапейскі Зьвяз, дапамагла ператварыць Эўропу з кантынэнта вайны ў кантынэнт міру,» — сказаў Турб’ёрн Ягланд у кастрычніку.

Сёлетняе рашэньне Нарвэскага нобэлеўскага камітэту выклікала расчараваньне ва ўсім сьвеце. Крытыкі гэтага прысуджэньня зазначалі, сярод іншага, што Эўразьвязу не ўдалося прадухіліць крывавай вайны на Балканах ў 1990-х ды цяперашняга фінансавага крызысу, які расхістаў эканамічную стабільнасьць Эўропы.

Шмат хто спадзяваўся, што прэмію міру атрымае нехта з праваабаронцаў, ангажаваных у змаганьне за правы чалавека, у такіх краінах, напрыклад, як Нігерыя, Расея або Беларусь. Намінантам на сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію міру быў і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які цяпер знаходзіцца ў турме, адбываючы прысуд 4,5 году турмы за ўтойваньне прыбыткаў з-за мяжы.

Станіслаў Шушкевіч: «Гэта палітычная акцыя ўслаўленьня Эўропы»


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
Экс-старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня, прафэсар Станіслаў Шушкевіч вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію 5 разоў. Ён супраць вылучэньня буйной эўрапейскай структуры на Нобэля:

«Я сёньня пачуў ад камэнтатара „Эўраньюз“, якую матывацыю Осла даводзіць да ведама ўсіх. Пасьля ўручэньня прэміі Абаму неяк пахіснулася вера ў гэтую прэмію і пахіснулася вера ў тое, што тэстамэнт Нобэля выконваецца. Нобэль гаварыў аб прэміі індывідам і арганізацыям, але калі вылучаецца такая арганізацыя, як Эўразьвяз — ну, тады можна і плянэце Зямля Нобэлеўскую прэмію. Мне здаецца, нешта там нялюдзкае адбываецца. Таму што як гэта ўзьдзейнічала, каб мір быў ва ўсім сьвеце — я дрэнна гэта разумею. Таму, я лічу, гэта палітычная акцыя ўслаўленьня Эўропы, каб неяк зьмякчыць сытуацыю з эканамічным крызісам. Мне здаецца, гэта ня вельмі лягічна.

Але ж Нобэлеўскі камітэт — незалежны, на яго ніхто ня можа ўзьдзейнічаць. Таму, калі гэтыя дзядзькі так вырашылі — так таму і быць».

Валянцін Акудовіч: «Я пратэстую разам з нарвэжцамі»


Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч
Філёзаф Валянцін Акудовіч цалкам падтрымлівае пратэстоўцаў у Нарвэгіі:

«Ведаеце, я іх падтрымліваю цалкам. Ці, скажам так, я б зрабіў дзьве прэміі: адну для пэрсонаў, а другую — для арганізацыяў. А то гэтая мешаніна сапраўды стварыла нейкую дзіўную сытуацыю. Між іншым, я не адношу сябе да тых, хто лічыць, што Эўразьвяз ня варты гэтай прэміі. Я ня ведаю ў сьвеце іншай арганізацыі, якая б магла прэтэндаваць на гэтую прэмію. Але калі сёньня даваць камусьці асабіста, а заўтра — нейкай агромістай структуры — гэта нейкая бязглузьдзіца. Гэта абсалютна несувымерныя велічыні. Адным словам, я пратэстую разам з нарвэжцамі».

**************

Усяго на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году быў вылучаны 231 намінант — 188 чалавек і 43 арганізацыі з усяго сьвету. Сярод іх палітвязьні Алесь Бяляцкі і Юлія Цімашэнка, экс-прэм’ер ураду Ўкраіны, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, былы канцлер ФРГ Гельмут Коль, амэрыканскі салдат Брэдлі Мэнінг, якога абвінавачваюць у выдачы сакрэтных дакумэнтаў для сайту WikiLeaks, прэзыдэнт Тунісу Мунсыф Марзукі, дысыдэнты з Кубы Асвальда Пая і Ёані Санчэс. Сярод вылучаных на прэмію арганізацыяў — расейскі Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», тэлеканал «Аль-Джазіра».

У гісторыі здаралася, што Нобэлеўскую прэмію міру атрымлівалі арганізацыі: Міжнародны Чырвоны Крыж (1917, 1944, 1963), Упраўленьне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па справах уцекачоў (1954, 1981), Дзіцячы фонд ААН (1965), Міжнародная арганізацыя працы (1969), Мэдыкі бяз межаў (1999), Міжурадавая група экспэртаў ААН па зьмяненьню клімату (2007).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG