Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агнешка Рамашэўска: Белсат вырас, нягледзячы на праблемы


Тэлеканал Белсат адзначае пятыя ўгодкі існаваньня. З гэтай нагоды мы пагутарылі з дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

РС: У сьнежні сёлета Белсат скараціў вяшчаньне з-за недахопу фінансавых сродкаў. Колькі грошай трэба Белсату на год, каб ён працаваў нармальна?

Рамашэўска-Гузы: Маючы за сабою пяцігадовы досьвед вяшчаньня, я ацэньваю гэтую суму на больш-менш 7 мільёнаў эўра, гэта значыць, на прыблізна 28 мільёнаў злотых. Вялікая гэта сума ці малая? Гэта пытаньне параўнаньня. Напрыклад нядаўна я прачытала, што рэгіянальнае тэле- і радыёвяшчаньне ў Каталёніі было вымушана абмежаваць свае выдаткі і цяпер яго гадавы бюджэт будзе роўны ўсяго 160 мільёнам эўра. Тэлеканал Deutsche Welle, калі добра запомнілася, атрымлівае 70 мільёнаў эўра штогод. Гэтыя прыклады дазваляюць убачыць праблему фінансаваньня Белсату ў адпаведным маштабе. Мы ў нашым выпадку гаворым пра сьмешна малыя сумы. Тым ня менш існуе пэўны узровень, ніжэй за які мы ня можам сысьці, бо ня зможам стварыць тэлевізійную праграму. Тэлевізійная вытворчасьць патрабуе тэхнікі, а ў нас няма на яе грошай, і здараюцца моманты, калі мы бездапаможна спыняемся.

РС: Гэтыя фінансавыя праблемы, як разумеем, закранулі і працаўнікоў Белсату?

Рамашэўска-Гузы: Зразумела, калі мы скарацілі вяшчаньне, дык людзі, якія рабілі некаторыя перадачы, перасталі зарабляць. Мы ў першую чаргу імкнуліся захаваць у эфіры інфармацыйныя перадачы.

РС: Хто фінансуе Белсат? Адкуль вы атрымліваеце датацыі?

Рамашэўска-Гузы: Галоўным донарам Белсату, як і раней, зьяўляецца Міністэрства замежных справаў Польшчы. Другі па велічыні сумы наш донар — Польскае тэлебачаньне, ад якога мы атрымліваем больш за 1 мільён эўра на год. Ёсьць таксама фінансаваньне з-за мяжы. Мы мелі салідны швэдзкі грант, трохгадовы. Цяпер мы атрымалі наступны швэдзкі грант на наступныя тры гады. Мы маем таксама двухгадовы грант з Нарвэгіі, даволі значная сума на канкрэтныя перадачы. Ужо некалькі гадоў мы маем фінансавую падтрымку і зь Нідэрляндаў. Раней яшчэ былі невялікія сумы зь іншых краінаў, напрыклад, з Канады, Літвы, ЗША.

РС: Як выглядае замежная падтрымка Белсату ў працэнтных адносінах?

Рамашэўска-Гузы: Сёлета мы атрымалі з-за мяжы каля 3,5 мільёнаў злотых, дык гэта будзе прыблізна 12% нашага бюджэту.

РС: А як выглядаюць вашы пэрспэктывы на 2013 год?

Рамашэўска-Гузы: Калі сытуацыя ня зьменіцца і застанецца такой, як яна выглядае на дадзены момант — дык у нас будуць вельмі сур’ёзныя праблемы. На наступны год у нас прадбачваецца яшчэ менш грошай, чым на гэты, а гэта значыць, што грошай нам можа не хапіць ужо ў кастрычніку. Гэта крытычная сытуацыя, якая моцна мяне турбуе. Але зь іншага боку, калі прыгадаць, як мы пачыналі Белсат пяць гадоў таму, дык тады праблемаў было ня менш — ніхто ня ведаў, ці ўдасца нам запусьціць тэлеканал і адкуль возьмуцца грошы. Цяпер у мяне спадзяваньне на эўрапейскае фінансаваньне.

РС: Як вы ацэньваеце колькасьць сваіх гледачоў у Беларусі пасьля пяці гадоў вяшчаньня?

Рамашэўска-Гузы: Колькасьць нашых гледачоў узрасла звыш нашых спадзяваньняў, асабліва пасьля сьнежня 2010 году. Паводле досьледу, які праводзіў сацыялягічны цэнтар «Зеркало-Инфо», час ад часу нашы праграмы глядзяць каля 900 тысяч чалавек. Больш-менш палова гэтых людзей, гэта значыць, 450 тысяч, глядзяць нас пастаянна. Я лічу, што гэта велізарны лік для такой тэлевізіі, як наша, у якой пераважаюць інфармацыйныя і публіцыстычныя перадачы, да таго ж поўнасьцю на беларускай мове.

РС: Колькі людзей працуе на Белсаце, калі ўзяць пад увагу і журналістаў у Варшаве, і карэспандэнтаў у Беларусі, і іншых, ангажаваных у вытворчасьць вашай праграмы?

Рамашэўска-Гузы: Вельмі шмат. Насамрэч я ніколі гэтага дакладна не падлічвала, але мы ацэньваем, што ў Польшчы на нас могуць працаваць каля 70 чалавек, калі лічыць ня толькі журналістаў, але і тэхнічную абслугу. І мне думаецца, што 120-140 чалавек працуе на нас у Беларусі. Гэта ня значыць, што яны працуюць пастаянна — я тут кажу пра ўсіх, якія час ад часу супрацоўнічаюць з намі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG