Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст году — Пачобут, адвакаты — Шостак і Дрыго, праваабаронца — Любоў Кавалёва


Любоў Квалёва

Любоў Квалёва

10 сьнежня прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі назвалі найлепшага сярод калегаў, а таксама найлепшага журналіста, які асьвятляў праваабарончую тэматыку, і найлепшага адваката.

Журналістам году стаў Андрэй Пачобут, які знаходзіцца пад крымінальным перасьледам.

Адвакатаміі году названыя Аліна Шостак і Альвіна Дрыго, якія баранілі ў судах маладафронтаўцаў.

Праваабаронцай году названая Любоў Кавалёва, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва.

Па традыцыі ўсе прэміі ўручалі былыя ляўрэаты. Прэмію Андрэю Пачобуту ўручаў карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, які адзначыў прафэсійнасьць Андрэя пры асьвятленьні падзеяў у Беларусі, яго мужнасьць. Андрэй Пачобут некалькі разоў трапляў за краты, але гэта не спыніла яго дзейнасьці: выходзячы на волю, ён працягвае рабіць усё вельмі прафэсійна, аддана.

Алег Грузьдзіловіч згадаў інтэрвію з рэдактарам «Газэты выборчай», дзе працуе Андрэй, — Адамам Міхнікам: калі яго спыталі пра Андрэя Пачобута, ён сказаў, што шмат разоў прапаноўваў яму прыехаць у Польшчу і там працаваць у добрых умовах, але той не пагаджаецца, застаецца на радзіме і бачыць свой абавязак у асьвятленьні падзеяў тут.

Андрэй Пачобут празь відэасувязь падзякаваў за ўручэньне гэтай прэміі і адзначыў, што ён, як і іншыя беларускія журналісты, прагне паведамляць зь Беларусі добрыя навіны, але пакуль часта даводзіцца паведамляць пра розныя складаныя рэчы, ня вельмі прыемныя тым, хто хацеў бы бачыць Беларусь дэмакратычнай, разьвітай краінай. Тым ня менш ён працягвае сваю працу.

Андрэй Пачобут: «Паважаныя сябры, заўсёды вельмі прыемна, калі твая праца заўважаная, калі яна патрэбная і адзначаная. Вялікі дзякуй, што ў гэтым годзе я адзначаны. Хочацца верыць, што ў наступным годзе нешта зьменіцца ў краіне і будзе меней такіх дрэнных навінаў. Бо вельмі часта журналісты зь Беларусі паведамляюць дрэнныя навіны, а вельмі хацелася б, каб зь Беларусі паведамлялі і нешта добрае. Вось такая мая рэфлексія на ўзнагароду».

Прэмію адвакатам Аліне Шостак і Альвіры Дрыго ўручала Тамара Сідарэнка, былая адвакатка Ўладзімера Някляева, якую потым пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі — пасьля таго як яна абараняла палітвязьняў Плошчы. Яна адзначыла, што абедзьве намінанткі на прэмію — мужныя жанчыны, вельмі прафэсійныя адвакаты, і нават у гэтых умовах, нягледзячы на рызыку страціць прафэсію, яны бяруцца абараняць удзельнікаў дэмакратычнага руху і робяць гэта вельмі прафэсійна.

Тамара Сідарэнка: «Зараз такі час, калі, здавалася б, простыя дзеяньні па абароне людзей выклікаюць у іх непакой і за асабісты лёс, за сваё працоўнае месца. Здавалася б, за што можна выставіць прэтэнзіі такім адвакатам? Але гэта таксама адбываецца».

Прэмію Любові Кавалёвай, маці асуджанага на расстрэл за тэракт у мэтро Ўладзіслава Кавалёва, уручыў праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.

Ён ня стаў камэнтаваць саму справу, але адзначыў, што Любоў Кавалёва праявіла вялікую мужнасьць, адданасьць у змаганьні зь дзяржаўнай машынай, якая па-ранейшаму нецывілізавана распраўляецца са сваімі грамадзянамі. Ёй ня выдалі цела сына, не паведамілі, дзе ён пахаваны. Псыхалягічны ціск на яе працягваецца, але яна не скараецца, і дзякуючы яе і іншых намаганьням, як спадзяецца Гары Паганяйла, калі-небудзь гэтае пытаньне аб адмене сьмяротнага пакараньня будзе вырашана ў Беларусі.

А пакуль яна застаецца адным з самых актыўных сябраў кампаніі «За адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі». Гэтыя яе заслугі былі адзначаныя, і за гэта яна атрымала прэмію.

У адказ Любоў Кавалёва падзякавала за прэмію, паведаміла, што ёй дагэтуль вельмі цяжка, але яна бачыць свой грамадзянскі абавязак у тым, каб дапамагаць іншым у вырашэньні гэтай праблемы.

Любоў Кавалёва падзякавала за дапамогу журналістам і прафэсійным юрыстам:

«Я не юрыст, адной мне б было вельмі складана вырашаць нейкія юрыдычныя праблемы. Таму безь іх дапамогі я не магла абысьціся, і спадзяюся, што яны не пакінуць мяне без дапамогі і далей».

Ляўрэатамі прэміі беларускіх праваабаронцаў за 2011 год былі:

  • праваабаронца Алесь Бяляцкі
  • фотажурналісты Юлія Дарашкевіч і Ўладзь Грыдзін
  • адвакаты Дар’я Ліпкіна і Марына Кавалеўская.

У 2009-м журналістам году стаў карэспандэнт «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG