Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка новаму міністру культуры — пра «Паўлінку» і слуцкія паясы

абноўлена

Барыс Сьвятлоў
Барыс Сьвятлоў

Да прызначэньня на пасаду міністра Сьвятлоў быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Ранейшага кіраўніка Мінкульту Паўла Латушку прызначылі Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Беларусі ў Францыі.

Прызначаючы Барыса Сьвятлова міністрам культуры, Аляксандар Лукашэнка даў яму асобнае даручэньне, зьвязанае з рэканструкцыяй Купалаўскага тэатру:

«Мне абяцаюць, што ў новым тэатры на гэтай пляцоўцы „Паўлінка“ будзе ісьці ў новым прачытаньні. Я з задавальненьнем прыйду, пагляджу, і мы адкрыем гэты тэатар. Гэта будзе адзін з найлепшых тэатраў Эўропы. Там паводле апошняга слова тэхнікі ўсё зроблена: і сцэна, і ўмовы для артыстаў».

Таксама асаблівую ўвагу міністар зьверне на новы будынак музэю Вялікай Айчыннай вайны. «Гэта павінны быць храм, самы годны музэй», — сказаў Сьвятлову кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін кірунак працы для новага міністра — слуцкія паясы.

«Нам патрэбна гэты праект разьвіваць, зрабіць яго годным і не фальшывым. Патрэбна ўзнавіць гэтую вытворчасьць. Няхай мы няшмат спачатку будзем рабіць гэтых паясоў, але яны павінны быць ня горшымі за тыя, што былі ў свой час», — арыентаваў Барыса Сьвятлова Аляксандар Лукашэнка.

Аляксей Дудараў пра Сьвятлова: «Ён будзе рабіць усё тое самае, што і Латушка»


Аляксей Дудараў, драматург, старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі:

«Ён працаваў намесьнікам міністра культуры некалі, таму гэтую працу ведае. Апошнім часам узначальваў Унівэрсытэт культуры і мастацтваў.

Ну што, дай Бог, каб ён працягваў тое, што Павал Паўлавіч Латушка рабіў на гэтай пасадзе. Што да тэатру, я думаю, што Барыс Уладзімеравіч Сьвятлоў таксама не прапускаў ніводнай прэм’еры. Будзе ён рабіць усё тое самае, што Павал Паўлавіч рабіў».

Някляеў пра Сьвятлова: «Усё залежыць ад таго, як будзе дзейнічаць і што прапаноўваць спадар Сьвятлоў»


Паэт, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімер Някляеў кажа, што пакуль імя Барыса Сьвятлова яму ні пра што не гаворыць:

«Абсалютна невядомая для мяне асоба. Наагул, пасада любога міністра — гэта пасада чыноўніка. Але калі мець на ўвазе нашу сытуацыю, усё зьвязваецца з пэрсаналіямі. На пасадзе міністра культуры якраз пажадана мець аўтарытэтнага чалавека, якому б дзеячы культуры, людзі, прыхільныя да культуры, давяралі і зьвязвалі зь ім свае спадзяваньні. У спадара Сьвятлова, рэктара Ўнівэрсытэту культуры, нічога гэтага пакуль што няма. Але нічога гэтага, зь іншага боку, не было і ў спадара Латушкі, калі ён прыйшоў у культуру. Так што ўсё залежыць ад таго, як будзе дзейнічаць і што прапаноўваць спадар Сьвятлоў на пасадзе міністра культуры».


Юры Хашчавацкі: «Ды хоць Леанарда да Вінчы прызнач, нічога ня зьменіцца!»


«Ад яго нічога ня будзе залежаць. У крэсла пасадзілі чарговую марыянэтку. У нас міністар культуры — ён жа ўсенародна абраны, ён жа гарант, ён жа прэзыдэнт... Калі ў краіне не існуе наагул ніякай цягі да культуры ва ўладаў, калі яны не разумеюць яе важнасьць і гэта дэкляруецца — што яна на апошнім месцы... Пра што мы кажам: міністар культуры Сьвятлоў? Ды хоць Леанарда да Вінчы прызнач! Нічога ня зьменіцца».


Даведка «Свабоды»


Барыс Сьвятлоў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Менску. У 1980 годзе скончыў БДУ.

У 1980-х гадах працаваў старшым лябарантам, малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР. У 1989–1990 гадах — сябра рэдакцыйнай калегіі ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры БССР, потым — памочнік міністра культуры БССР. У 1991–1994 гадах быў намесьнікам міністра культуры.

Пазьней працаваў у Міністэрстве культуры і друку, Фондзе падтрымкі беларускай культуры, у Нацыянальным прэс-цэнтры.

У 2003–2008 гадах быў рэктарам недзяржаўнага Інстытуту парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.

З 2008 году быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Бацька Барыса Сьвятлова Ўладзімер Сьвятлоў — кінарэжысэр, сябра Саюзу кінэматаграфістаў CCCР і Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, у сталінскія часы быў рэпрэсаваны.

Хто стане новым міністрам мультуры? Абмеркаваньне ў Свабодзе бяз гальштукаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG