Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шушкевіч: СНД ператварылася ў садружнасьць дыктатур


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

8 сьнежня 1991 года ў Белавескай пушчы старшыня Вярхоўнага савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук падпісалі Белавескія пагадненьні аб стварэньні СНД і спыненьні існаваньня СССР. Якое значэньне мела гэта падзея?

У нядаўна выдадзенай у Расеі кнізе «Маё жыцьцё, крушэньне і вяртаньне СССР» Станіслаў Шушкевіч адзначае, што 8 сьнежня канстатавана дэ-юрэ спыненьне існаваньня СССР. Было вырашана дэнансаваць дамову 1922 года аб стварэньні СССР. Паводле Шушкевіча, тады Расея ўпершыню з 1794 года «афіцыйна прызнала незалежнасьць сваёй памежнай калёніі — Беларусі». Спачатку здавалася, што складваецца іншая канфігурацыя, не зьвязаная з адназначным дамінаваньнем Расеі сярод наноў утвораных дзяржаў. Аднак пасьля завяршэньня прэзыдэнцтва Барыса Ельцына Расея стала вяртаць сабе ўсе старыя камандныя пазыцыі, выкарыстоўваючы падтрымку аўтарытарных кіраўнікоў, адзначае Станіслаў Шушкевіч.

«Распад СССР як геапалітычнай рэальнасьці адбыўся фактычна ў жніўні 1991 года. Але ў нас, тых, хто сабраўся ў пушчы, хапіла сьмеласьці канстатаваць гэта юрыдычна. Мы запісалі гэта ў афіцыйным дакумэнце. У пагадненьні аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. Мы запісалі там ключавую фразу, што СССР як геапалітычная рэальнасьць і суб’ект міжнароднага права перастае існаваць. Вось што мы зрабілі ў пушчы. Мы баяліся да пушчы нават каму-небудзь такое сказаць. І я з таго часу палюбіў савецкіх філёзафаў, бо прапанова сфармуляваць так галоўнейшы пункт Белавескага пагадненьня зыходзіла ад філёзафа па адукацыі, дзяржсакратара Расейскай Фэдэрацыі Генадзя Бурбуліса. Гэта мы і канстатавалі».

Гаворачы пра цяперашнюю сытуацыю, Станіслаў Шушкевіч адзначае, што ператварыць краіны СНД у дэмакратычныя не ўдаецца.

«На сёньняшні дзень СНД ператварылася ў садружнасьць дыктатур. З былых рэспублік Савецкага Саюзу надзея на тое, што даволі хутка там будзе панаваць дэмакратыя ёсьць толькі ў трох суб’ектаў — Грузіі, Малдовы і пакуль яшчэ ва Ўкраіны. Бо там перадаецца ўлада ад адной асобы іншай пасьля выбараў. І там народ кантралюе працэс выбараў і выбары больш-менш дэмакратычныя. А што да астатніх дзяржаў — тут панаваньне дыктатараў. І Беларусь у першую чаргу. І цяпер больш лягічна лічыць, што СНД ператварылася ў садружнасьць дыктатур. І гэта фактычна ў іншую абгортку закручанае тое, што было ў Савецкім Саюзе. А Савецкі Саюз быў дыктатурай. Дыктатурай партыі, дыктатурай першай асобы. Таму фактычна зьверху вяртаюцца савецкія парадкі».

Былы старшыня камісіі па замежных справах у Вярхоўным Савеце Пятро Садоўскі пагаджаецца з ацэнкамі Шушкевіча пра вяртаньне СССР. Як гэта праяўляецца ў Беларусі?

Пятро Садоўскі

Пятро Садоўскі

«Да нас вярнуўся нейкі міні-СССР, толькі яшчэ ў горшым выглядзе.Усё горшае, што было ў СССР у нас зараз ёсьць. Вось вазьміце апошні ўказ, што ў любое акцыянэрнае таварыства будзе нехта пасылаць наглядчыкаў, прадстаўнікоў дзяржавы. Гэта ж сьмех. Вось гэта Савецкі саюз у горшым выглядзе — татальны кантроль, удзел дзяржавы. Мы ж цяпер лямантуем, трэба замежныя інвэстыцыі. Дык які ж дурань пойдзе туды?!Зноў жа з гэтымі дрэваапрацоўчымі камбінатамі — пакуль мадэрнізацыя ідзе чалавек не мае права звальняцца. Гэта ж проста абсурд. І ніхто ў тэлевізар з нас, падаткаплацельшчыкаў, не можа ўлезьці, калі хоча сказаць нешта не тое, што гаворыць кіраўнік дзяржавы. Той жа самы Савецкі саюз».

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Алег Трусаў мяркуе, што некаторым вельмі хочацца, каб вярнуўся Савецкі саюз:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Але двойчы ў адну і тую ж раку не ўступаюць. Так што ніхто нікуды не вярнуўся і не вернецца ніколі. Можа некаму і хацелася б, каб ён вярнуўся, але гэтага ніколі не будзе. Любы дыктатарскі рэжым лепшы, чым дэмакратычная імпэрыя. Нацыянальная дзяржава, нават дыктатарская лепш, чым быць кавалкам нават дэмакратычнай імпэрыі. Іншая справа, што хочуць інкарпарацыю ў Расейскую імпэрыю. Але гэта ўжо не Савецкі саюз. І гісторыя зусім іншая. Расея — гэта не СССР. Гэта зусім розныя рэчы і мэнтальнасьць».

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб кажа, што Шушкевіч у сваёй кнізе не робіць адкрыцьця, бо гэта відавочна:

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Савецкі саюз ад нас нікуды не сышоў. Я маю на ўвазе Рэспубліку Беларусь. Была толькі невялікая спроба пазбавіцца. А потым пасьля 1994, асабліва пасьля 1996 года Савецкі саюз зноў да нас вярнуўся. І яшчэ не ў лепшым варыянце, а ў горшым. Што тычыцца іншых краін СНД, там таксама назіраецца шмат таго, што было ў Савецкім саюзе. І гэтыя краіны ніяк не могуць ад гэтага адарвацца, як ад сваёй пупавіны. І тая ж Расея — там ад Савецкага саюзу таксама ой як шмат. Але больш за ўсё ў нас».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG