Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Жыбуль — пра нявыдадзеныя паэтычныя зборнікі 1920 — 1930-х гадоў


Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

У хроніках старых літаратурных выданьняў канца 1920 — пачатку 1930-х гадоў можна сустрэць багата паведамленьняў пра кнігі, якія ў той час рыхтавалі да выданьня беларускія паэты. Аднак далёка ня ўсім з гэтых анансаваных зборнікаў было наканавана ўбачыць сьвет...

Не зайздросныя і лёсы аўтараў: амаль усе яны былі рэпрэсаваныя. Тым ня менш, рукапісы асобных кніг, што ня выйшлі тады, зьберагліся да нашага часу і захоўваюцца цяпер у архівах, у дадзеным выпадку — у Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва. Таму — побач зь іх назвамі ды імёнамі аўтараў — замест звыклых пазначэньняў месца і году выданьня паставім шыфры архіўных крыніц.


Уладзімер Дубоўка. Дэпешы бяз адрасу. 1929.
БДАМЛМ. Ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1280, 1281.


Красавік 1929 году. Яшчэ малады (28 гадоў), але таленавіты і прызнаны паэт Уладзімер Дубоўка складае свой першы міні-збор твораў — аб’ёмную (каля 5000 радкоў) кнігу, куды ўвайшлі ўсе творы з папярэдніх зборнікаў: «Строма», «Трысьцё», «Credo», «Наля», нізка «Пярэсты букет», паэмы «Там, дзе кіпарысы» і «Браніслава». Назву кнізе ён дае «Дэпешы бяз адрасу» — паводле ключавога вобразу зь вершу «Думкі лятуць» (1926):

Думкі лятуць, як дэпешы бяз адрасу,
можа, ад смутку, а можа, ад радасьці.

З тым разьмінуцца, а з тым прывітаюцца,
ці гэта вечар, ці мо гэта раніца?

Словамі кволымі, словамі сьціплымі
так пакрысе сваю моладасьць выпяю...


Дубоўкавы «Дэпешы» маглі б і знайсці свайго адрасата — чытача-інтэлектуала, чытача-эстэта... Але прыляцелі яны яўна не па адрасе: палітычна пільны крытык Лукаш Бэндэ «пахаваў» рукапіс у сваёй шуфлядзе. А ў наступным годзе Дубоўка быў арыштаваны...


Сяргей Астрэйка. Змарагды кроз. 1931.
БДАМЛМ. Ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1254.


Бадай адным з найбольш таленавітых пасьлядоўнікаў Уладзімера Дубоўкі быў яго маладзейшы сучасьнік Сяргей Астрэйка. Менавіта Дубоўкавы Лірык і Матэматык з паэмы «І пурпуровых ветразей узьвівы...» прыгадваюцца, калі чытаеш гутарку Прышлевіча са Зьнябыцічам у Астрэйкавай паэме «Змарагды кроз», закончанай у ліпені 1931 году. Толькі ў Дубоўкі супрацьстаяць паміж сабою «матэматычны» практыцызм і «лірычныя» хваляваньні (ці Розум і Пачуцьцё), а ў Астрэйкі абодва героі-антаганісты паўстаюць непапраўнымі рамантыкамі. Але Зьнябыціча вабіць звыклае мінулае зь яго ветракамі ды каганцамі і хараство прыроды зь яе містычнай некранутасьцю, а Прышлевіча — напаўфантастычная будучыня, у якой ён бачыць Беларусь надзіва багатай на карысныя выкапні: пад Лідай — лігніт і каменны вугаль, ля ўскраяў Лысае гары — «манганныя паклады», на Случчыне — «процьма жалеза ў нетрах», у Воўкаўскім лесе — «волава глыбы звіняць», на Слуцкім Палессі — "крывёй іскрыўся аскабалак медзі«...Упершыню паэма была цалкам апублікавана Ірынай Багдановіч і Аленай Шарахоўскай у 1990 годзе ў зборніку «Шляхам гадоў».


Юлі Таўбін. Лірыка. Эпас. 1932.
БДАМЛМ. Ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1336, 1337.


Юлі Таўбін — паэт кніжнай стыхіі: многія яго вершы стракацяць разнастайнымі літаратурнымі й фальклёрнымі алюзіямі дый проста згадкамі пра паэтаў розных эпох і народаў — ад Сірано дэ Бэржэрака да Якуба Коласа. Нават вобразы, мэтафары й параўнаньні маюць у яго «літаратурацэнтрычны» характар: «Харэі і ямбы, і пругкія дактылі / Заўсёды на варце ў мяне», «Трамвай праляцеў, як двухстопны анапэст».

У 1932 годзе Юлі Таўбін падрыхтаваў кнігу выбранага «Лірыка. Эпас». Амаль усе творы, уключаныя ў зборнік, паэт здолеў надрукаваць у іншых выданьнях — часопісах, газэтах і сваіх папярэдніх зборніках. Усе, акрамя аднаго — «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесьці». Напэўна, тагачасныя рэдактары палічылі верш занадта цяжкім для ўспрыманьня «фармалістычным выкрунтасам», а можа нават і праявай «шкодніцтва на літаратурным фронце». Насамрэч жа ён цікавы як прыклад сьмелага і натхнёнага экспэрымэнту са словам, рыфмай, рытмікай. Ну праўда, хто яшчэ ў адным вершы мог зрыфмаваць «вецер» з «Вэртэрам», «вальсы» з «валасамі», «сьмелыя па» — з «Рэйнам ці По», а «самавар» — з «папуасавым Самоа»?

«Песьня перарастае складальнікаў, / песьня складаецца сама» — вось яна, мэтафізыка творчасьці!


Рыгор Папараць. [Вершы]. 1930.
БДАМЛМ. Ф. 414, воп. 1, адз. зах. 7.


Нягледзячы на тое, што для першага разьдзелу сваёй кнігі Рыгор Папараць адабраў паболей публіцыстычных, «маршавых» ці падкрэсьлена ўрбаністычных вершаў, гэта рукапіс не ўратавала: ён, відавочна, не прайшоў цэнзуру і быў вернуты аўтару «на дапрацоўку». Нядзіва: усё ж многія вершы ў зборніку маюць вельмі асабісты характар. Часам нават занадта асабісты. Тут і інтымныя звароты да каханай, і сьцьвярджэньне ірацыянальнага пачатку разам з адстойваньнем права асобы на духоўнае «вар’яцтва», і ўвага да патаемных глыбіняў чалавечай падсьвядомасьці, не застрахаванай ні ад эдыпавага комплексу («Ўсё разьдзета... разьдзеты й бярозы, / Ў крозах матку разьдзене і сын...»), ні ад іншых неўсьвядомленых жаданьняў («Шалёным ты тады / гатоў ляцець, / Гатоў усіх абкідаць пенаю»). Не, не магла ў 1930 годзе выйсьці такая кніга!


Віктар Казлоўскі. Аржаныя пажары. 1928 — 1929.
БДАМЛМ. Ф. 446, воп. 1, адз. зах. 341.


Ад рукапісу гэтай кнігі захаваліся толькі два варыянты эскізу вокладкі, накіданыя самім Віктарам Казлоўскім, зьмест ды два вершы. Усё ж астатняе, што сем дзесяцігодзьдзяў праляжала пад гэтай вокладкай у асабістым архіве крытыка Алеся Кучара, як высьветлілася, належыць пяру іншага паэта — Сяргея Дарожнага. Такая вось амаль дэтэктыўная архівазнаўчая гісторыя...

Затое шмат вершаў Віктара Казлоўскага, у аўтарстве якіх сумнявацца не даводзіцца, знайшло месца ў іншых тэчках А. Кучара. Ці меркаваў Казлоўскі ўключаць нешта зь іх у зборнік — невядома. Але гэтыя вершы цікавыя тым, што прадстаўляюць нам В. Казлоўскага не як пасьлядоўніка У. Маякоўскага (якім ён прэзэнтаваў сябе на пачатку 1930-х), а як паэта знарочыста трагедыйнага, як неадкрытага дэкадэнта, які пісаў пра «ўсьмешкі сьмерці», «атруту сьлёз», «чорных лебедзяў», «звон паніхідны ліп» і «жыцьцё з пахам мерзлых ільдзін». Вось адзін зь вершаў:

* * *
Рукамі жорсткімі за постаць ашчаперыў,
Рукамі жорсткімі убраньне разарваў...
Ня клікай, любая, ня клікай на вячэру.
Ня клікай, любая, уславіць каравай.

Рукамі жорсткімі за шыю ашчаперыў,
Рукамі зьверскімі сьціскае шыю ён.
Пусьці... пусьці... ой, любы... Петра... Петра...
За што душыць... за што сюды... за што прывёў...

Паветра мне... паветра... шыю... шыю...
Туман і змрок... туман... і змрок... і звон.
Вятры-ж рыдаюць, стогнуць, выюць.
І цяжкі сон... і вечны сон.


12/ІІ-29


Пра лёс аўтараў:

Уладзімер Дубоўка (15.07.1900, в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губэрня, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць — 20.3.1976, Масква), тройчы арыштоўваўся (1930, 1937, 1949); каля 27 гадоў правёў у зьняволеньні й высылках, ня маючы магчымасьці займацца літаратурнай працай. Пахаваны ў крэматорыі на маскоўскіх Мікола-Архангельскіх могілках.

Сяргей Астрэйка (9.07.1912, в. Каласоўшчына, Слуцкі павет, Менская губэрня, цяпер Капыльскі раён, Менская вобласьць — 14.09.1937, Чалябінская вобласьць, РСФСР), арыштоўваўся ў 1933 і 1937 гг.; расстраляны. Месца пахаваньня невядомае.

Юлі (Юдаль) Таўбін (15.09.1911, Астрагожск, Варонеская губэрня — 30.10.1937, Менск, турма НКВД), арыштоўваўся ў 1933 і 1936 гг.; расстраляны. Месца пахаваньня невядомае.

Рыгор Папараць (сапр. Сапун; 17.11.1902, в. Шалягі, Ігуменскі павет, Менская губэрня, цяпер Пухавіцкі раён, Менская вобласьць — 30.04.1948, Дудзічы, Рудзенскі (цяпер Пухавіцкі) раён, Менская вобласьць), арыштоўваўся ў 1937 г.; дзякуючы вялікім намаганьням сваякоў быў выкуплены з турмы пад расьпіску, што болей ня будзе займацца літаратурнай творчасьцю. Да канца жыцьця працаваў настаўнікам. Пахаваны на могілках у вёсцы Варонічы недалёк ад Рудзенску.

Віктар Казлоўскі (06.09.1905, в. Мрочкі, Ігуменскі павет, Менская губэрня, цяпер Узьдзенскі раён, Менская вобласьць — 24.02.1975, тамсама), выклікаўся на допыты ў 1937 г., пасьля якіх у паэта разьвілася псыхічная хвароба. Пад наглядам сваякоў жыў у роднай вёсцы, дзе і пахаваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG