Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам Наваполацку, Бабруйску і Крупак адмовілі ў пікеце ў Менску


Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету на плошчы Свабоды ў Менску жыхарам Наваполацку (Аляксандру Сафонаву), Бабруйску (Аляксандру Каваленку) і Крупак (Барысу Бабку). Пікет плянавалася правесьці ў Міжнародны дзень правоў чалавека.

Аляксандар Сафонаў: «Мы падалі заяўку ў Менгарвыканкам на імя старшыні гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі. Хацелі зьвярнуць увагу на тое, што нашы правы рэгулярна парушаюць. У прыватнасьці, нашы скаргі на пэўныя судовыя рашэньні не разглядаюць, адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі і суды ўвогуле спынілі з намі перапіску.

Мы зьбіраліся пікетаваць усяго гадзіну, каля ратушы. Прапанавалі наступныя лёзунгі: „Чыноўнікі дураць народ і зьдзекуюцца зь яго“, „Ашуканцаў народу — да адказнасьці“. Таксама прапанавалі лёзунгі „Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — надзейная абарона беззаконьня ў краіне“ і „Патрабуем ад чыноўнікаў выкананьня законаў і Канстытуцыі“.

І вось атрымалі адказ ад намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму Калтовіча. Чыноўнік праінфармаваў нас, што наша заяўка нібыта не адпавядае закону „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь“. Таксама ў Менгарвыканкаме палічылі, што прапанаваныя намі захады бясьпекі пікету нібыта не адпавядаюць патрэбам бясьпекі і таму нам у пікетаваньні адмоўлена. Мы лічым гэта чарговым парушэньнем нашых правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. Мала таго, што нашы правы парушаныя ў судах, дык нам не даюць і выказацца на гэты конт празь пікет».

Аляксандар Сафонаў шмат гадоў спрабуе аспрэчыць вырак суду, які прызнаў яго вінаватым у растраце грошай прадпрыемства:

«У мяне адлічаюць палову пэнсіі. Другую палову я трачу на лекі і судовыя цяжбы, каб даказаць, што невінаваты. Але ў Беларусі гэта немагчыма».

На несанкцыянаваны пікет Аляксандар Сафонаў ня пойдзе:

«Мяне ўжо каралі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Гэта нічога не дае, акрамя стратаў і новых праблем».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG