Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатара «Славянскага маршу» чакае суд


Супраць арганізатара «Славянскага маршу» Дзьмітрыя Дзенісенкі распачалі адміністрацыйны працэс. Чакаецца суд. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» сам спадар Дзенісенка па выхадзе зь Ленінскага аддзелу міліцыі.

Паводле Дзенісенкі, адміністрацыйны працэс супраць яго ўсчалі 3 сьнежня пасьля рапарту маёра Цецюрукова.

Дзьмітрый Дзенісенка

Дзьмітрый Дзенісенка

Дзенісенка: «Прычынай адміністрацыйнага перасьледу мне назвалі тое, што на мерапрыемстве прысутнічалі людзі, якія хавалі свае твары пад маскамі, што забаронена законам „Аб масавых мерапрыемствах“. Перада мной у міліцыю выклікалі яшчэ трох удзельнікаў мерапрыемства. Двум зь іх пагражаюць штрафы, адзін праходзіць сьведкам па справе. Мне заявілі, што я бачыў людзей, якія хавалі свае твары за маскамі, але я іх не паінфармаваў, што гэта забаронена. Суд, як мне сказалі, вызначыць маю віну. Мяне імкнуцца пакараць, каб я на працягу году ня змог праводзіць масавых мерапрыемстваў. Такім чынам блякаваць маю актыўнасьць. Я ж абяцаў, што арганізую яшчэ адзін „Славянскі марш“».

«Славянскі марш» быў дазволены Магілёўскім гарвыканкамам. Адбыўся ён удалечыні ад людных вуліц Магілёва — на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў. Гэта месца, адведзенае ўладай для масавых мерапрыемстваў.

Дазвол на марш прыхільнікаў славянскага адзінства быў нэгатыўна ўспрыняты ў апазыцыйным асяродзьдзі Магілёва. Актывісты наракалі, што на іхнія мерапрыемствы гарвыканкам дазволу не дае, нават калі іх зьбіраюцца праводзіць у адведзеным для гэтага месцы.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў зьвярнуўся ў пракуратуру, КДБ, гарвыканкам і Адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці намесьніка старшыні гарвыканкаму Мікалая Міхаленю, які, паводле партыйца, дазволіў «акцыю прарасейскіх правых радыкалаў, якія прапагандуюць шавіністычную ідэю панславянізму і манархізму». Ігар Барысаў зьвінаваціў чыноўніка ў неабачлівасьці.
XS
SM
MD
LG