Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавікі шукаюць сабе сыравіну самі


Пра зацікаўленасьць у набыцьці нафты, газавага кандэнсату й газакандэнсатных сумесяў заявіла закрытае акцыянэрнае таварыства «Беларуская нафтавая кампанія».

Нафтавая кампанія на сваім сайце ўдакладніла, што вуглевадародная сыравіна павінна дастаўляцца чыгуначным транспартам: на станцыю Барбароў — для ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», і на станцыю Наваполацак — для ААТ «Нафтан».

Ці зьвязаныя гэтыя пошукі з намерам Расеі скараціць у будучым годзе пастаўкі зь цяперашніх 21 мільёна тон нафты да 18 мільёнаў, у той час калі ўлады Беларусі жадаюць атрымаць 23 мільёны тон, — ніхто ня кажа.

У прыватнасьці, адзін з арганізатараў забесьпячэньня вуглевадароднай сыравінай Мазырскага НПЗ заявіў:

«Не магу адказаць, проста не магу. Гэта наагул пытаньне міжнародных стасункаў паміж дзьвюма дзяржавамі. Кампанія працуе над магчымасьцю пастаўкі нафты. Нам пастаўлялі нафту з Вэнэсуэлы, нам пастаўлялі з Азэрбайджану. Калі яна тэхнічным характарыстыкам адпавядае, мы можам прыняць любую нафту. Ня будзем сядзець».
Калі яна тэхнічным характарыстыкам адпавядае, мы можам прыняць любую нафту


Аб’ёмы паставак нафты Расея зьвязвае з тэмай імпарту беларускім бокам так званых растваральнікаў, патрабуючы вярнуць за іх у свой бюджэт паўтара мільярда даляраў. Расейскія афіцыйныя асобы заяўлялі нават пра скарачэньне паставак нафты на беларускія перагонныя заводы ўжо сёлета.

У Мазыры, аднак, пакуль не адчуваецца нейкага тэхналягічнага напружаньня. Пра гэта кажа й кіраўнік Незалежнага прафсаюзу нафтаперапрацоўчага заводу Юры Швец:

«Пакуль да канца году ў нас, са слоў адміністрацыі, захоўваецца тая ж загрузка, якая была ў пляне. Як будзе ў наступным годзе, — такой інфармацыяй я не валодаю. Наколькі мне вядома, нейкіх дамоваў, канкрэтна падпісаных, якія б мелі ўжо форму абавязаньняў, пакуль не існуе — ня чуў пра гэта ні ў навінах, ні ад кіраўніцтва заводу. Чую толькі, што вядуцца дэбаты, перамовы. Яны вядуцца ў нейкім такім паўзасакрэчаным выглядзе».

Зусім нядаўна ў інтэрвію брытанскаму інфармацыйнаму агенцтву Reuters Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі не атрымаецца дамовіцца з Расеяй, то «мы не загінем. У сьвеце нафты хапае». Таму зацікаўленасьць Беларускай нафтавай кампаніі ў набыцьці нафты й газавага кандэнсату выглядае лягічным працягам гэтай тэмы. Але наўрад ці пагляды беларускіх забесьпячэнцаў будуць скіраваныя за акіян, у тую ж Вэнэсуэлу. Іх абмяжоўвае папярэджаньне, што нафту трэба везьці чыгункаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG