Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі: наконт дзіцячага порна зьвяртайцеся ў Брусэль


Беларусь не далучылася да заснавальнікаў міжнароднага альянсу, які будзе змагацца з гандлем у інтэрнэце фатаграфіямі і відэа, на якіх сэксуальна эксплюатуюць дзяцей.

Хоць у беларускіх праваахоўных органах заяўляюць, што ў краіне павялічыўся попыт на дзіцячую парнаграфію. Чаму Беларусь не далучылася да альянсу?

Стваральнікамі міжнароднага альянсу супраць дзіцячага порна сталі 48 краін, сярод якіх ЗША і ўсе краіны Эўразьвязу. Да яго таксама далучылася суседняя Ўкраіна. А Беларусь, як і Расея, у альянс не ўвайшла. Адна з задач альянсу — стварэньне ў праваахоўных структурах адмысловых аддзяленьняў, якія б займаліся такімі злачынствамі і маглі б кантактаваць з замежнымі калегамі. На пытаньне, чаму Беларусь не далучылася да гэтага важнага альянсу, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адказаў так:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
«Гэта было 5 сьнежня. А 6-га мы ўжо павінны былі далучыцца? Барацьба з кібэрзлачыннасьцю — гэта пытаньне МУС. Нашы ініцыятывы на гэты конт у Генасамблеі ААН вядомыя. Тут шмат казаць ня трэба».

Кіраўнік прэсавай службы МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч заявіў карэспандэнту «Свабоды», што гэтае пытаньне трэба задаваць Брусэлю:

«Што значыць не далучылася?!А яе далучаў хто-небудзь? Я хачу, каб вы гэта высьветлілі ў Брусэлі. Яны арганізатары — званіце арганізатарам. Спачатку трэба запытацца, ці была Беларусь на гэтым мерапрыемстве. Спачатку вы патэлефануйце арганізатарам, спытайце, ці была там Беларусь. Гэта першае. А потым, калі яны вам адкажуць, ці была яна там, спытайце — а чаму? Ну, а пасьля ўжо званіце нам. Пакуль, апроч таго, што я вам параіў, я іншых камэнтароў даць не магу. Мне вельмі цікава будзе, што яны вам адкажуць. Спачатку я хацеў бы, каб вы даведаліся пра афіцыйную пазыцыю Брусэля на гэты конт. Давайце мы пачнём ня з нас, а зь іх».

Новым начальнікам упраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў, якое займаецца і пытаньнямі дзіцячага порна, нядаўна стаў былы камандзір спэцпадразьдзяленьня МУС па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» Мікалай Карпянкоў. Ён ня значыцца ў сьпісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Хоць менавіта супрацоўнікі «Алмазу» падчас выбарчай кампаніі ў 2006 годзе зьбілі і затрымалі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Спадар Карпянкоў адмовіўся размаўляць на тэму дзіцячага порна, спаслаўшыся на занятасьць.

«Я толькі з нарады прыйшоў і даволі цяпер заняты».

На афіцыйных сайтах даюцца рэкамэндацыі бацькам кантраляваць дзяцей. Менская міліцыя зьбіралася правяраць сацыяльныя сеткі і нават мабільныя тэлефоны падлеткаў. На нядаўняй прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік начальніка ўпраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Сяргей Колтун сказаў, што праблема дзіцячай парнаграфіі ў апошнія гады стала актуальнай, аднак не набыла такіх маштабаў, як у іншых краінах. У Беларусі павялічваецца попыт на дзіцячую парнаграфію. А ў парназдымках бяруць удзел дзеці, пачынаючы з 10 гадоў. У 2008 годзе ў Крымінальны кодэкс уведзены адмысловы артыкул «дзіцячая парнаграфія», колькасьць спраў па якім расьце. Калі ў 2009 годзе такіх злачынстваў было 11, то ў 2011-м, як і ў гэтым годзе, — 36. Таксама сёлета ў краіне зачынена 5 парнастудый. Чыноўнікі заяўляюць, што эфэктыўна супрацьстаяць дзіцячаму порна можна толькі разам з праваахоўнымі органамі розных краін сьвету. Адна з выяўленых такім чынам злачынных груповак, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Беларусі і Расеі, цягам некалькіх гадоў займалася вырабам і распаўсюдам порна на платных сайтах. Прыбытак дасягаў 20 тысяч даляраў у тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG