Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі алімпіец: Ціхан ужываў допінг


Польскі алімпійскі чэмпіён у кіданьні молату Шыман Зюлкоўскі.
Польскі алімпійскі чэмпіён у кіданьні молату Шыман Зюлкоўскі.
Польскі алімпійскі чэмпіён у кіданьні молату Шыман Зюлкоўскі сказаў Gazecie Wyborczej, што беларускія спартоўцы былі заслужана пазбаўленыя алімпійскіх мэдалёў за ўжываньне допінгу.

На гэтым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна абвясьціў пра пазбаўленьне ўзнагародаў чатырох мэдалістаў Алімпіяды ў Атэнах 2004 году: бронзавага мэдаля пазбавілі кідальніцу дыску беларуску Ірыну Ятчанку, а малатабойца Івана Ціхана пазбавілі срэбра. Свае мэдалі згубілі таксама ўкраінскі штурхальнік ядра Юры Беланог, які ў Грэцыі стаў алімпійскім чэмпіёнам, і расейская штурхальніца ядра Сьвятлана Крывялёва.

«Справядлівасьць перамагла, і я спадзяюся, што гэта не канец выкрываньня тых, якія былі перакананыя, што ім сышло з рук.» — сказаў Зюлкоўскі.

Паводле Зюлкоўскага, якога ў свой час трэніраваў беларус Пётар Зайцаў, і які з гэтай прычыны езьдзіў у Беларусь на трэніроўкі, падрыхтоўка і паводзіны беларускіх лёгкаатлетаў неаднаразова схілялі яго да думкі, што яны ўжывалі допінг.

«Калі хтосьці не хацеў, каб яго правяралі на допінг, дык раз на год даваў хабар і яго не чапалі. Яго або не абсьледавалі, або папярэджвалі, і ён зьнікаў. Так было, напрыклад, з Вадзімам Дзевятоўскім. Увечары ён нечакана сказаў, што яму трэба ў Маскву. Не было яго суткі. Раніцай прыехала антыдопінгавая камісія. Калі ён вярнуўся, дык нават ня ведаў, колькі каштаваў квіток, а казаў нам, што ехаў цягніком. Ён загаворваў нам зубы» — сказаў Зюлкоўскі.


Зюлкоўскаму запомніўся таксама адказ Ціхана на ягонае пытаньне, адкуль у таго сьлед ад уколу каля пупка. «Гэта ад спражкі паса» — меўся адказаць беларус.

Зюлкоўскага таксама зьдзіўляла падрыхтоўка Ціхана.

«Ніхто пры здаровым розуме не сядзіць дома, калі можна зарабіць хоць бы тысячу даляраў на спартовых спаборніцтвах. А бывала, што Іван за ўвесь сэзон выступаў толькі ў чэмпіянаце Беларусі, як гэта здарылася перад Алімпіядай у 2008. Тады ён атрымаў найлепшы вынік у сьвеце — 85,51 мэтра» — адзначыў польскі лёгкаатлет.

Малатабоец Шыман Зюлкоўскі — адзін з найбольш вядомых польскіх лёгкаатлетаў, залаты мэдаліст Алімпіяды ў Сыднэі ў 2000 і чэмпіён сьвету ў 2001.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG