Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы ў Ілоны Ткачовай забралі ноўтбук і фотаапарат


Шэсьць гадзін аглядалі гомельскія мытнікі на пункце пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы аўтамашыну актывісткі Беларускай партыі «Справядлівы сьвет» са Жлобіна Ілоны Ткачовай. Ілоне і яе мужу ўчынілі і асабісты агляд.

«Мы з мужам і 10-гадовым сынам 6 сьнежня вярталіся з адпачынку ў Эгіпце. Прыляцелі ў Кіеў, а адтуль ехалі дадому на сваёй аўтамашыне. На ранейшых межах ніякіх заўваг да нас не было, а ў «Новай Гуце» правялі поўны агляд і аўтамашыны, і нас асабіста. Рашэньне на агляд прыйшло факсам. Нават калі хто з нас заходзіў у прыбіральню, то не дазвалялі зачыняць дзьверы. Урэшце забралі ноўтбук і фотаапарат. Якую таямніцу шукалі, нам не патлумачылі. Мытнік толькі намякаў мне: «Вы ж ведаеце, у якіх сьпісах знаходзіцеся».

У Жлобін сям’я Ткачовых вярнулася позна ўвечары. Сваё шматгадзіннае затрыманьне, поўны агляд і выманьне ноўтбука з фотаапаратам Ілона зьвязвае з сваёй грамадзкай дзейнасьцю. Яна лічыць, што такім чынам яе проста спрабавалі прынізіць.

Жанчына напісала заяву на перавышэньне супрацоўнікамі мытні службовых паўнамоцтваў. Пасьля кансультацыі зь юрыстам Ілона вырашыць, якім чынам далей абскаржваць дзеяньні мытнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG