Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось такая мадэрнізацыя


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Улады падрыхтавалі зьмены ў Выбарчы кодэкс. Маўляў, вось былі незадаволеныя выбарчым заканадаўствам і ў самой Беларусі, і за межамі, — дык мы ідзем насустрач, праяўляем чарговым разам добрую волю і ўносім зьмены.

Цэнтравыбаркам афіцыйна абвясьціў, што зьмяненьні тычацца пашырэньня магчымасьцяў вылучаць кандыдатаў у дэпутаты і весьці перадвыбарчую агітацыю. Усё на карысьць дэмакратыі.

Насамрэч усё якраз з дакладнасьцю да наадварот. Ня будзем нават згадваць, што прапановы Цэнтравыбаркаму значна абмяжоўваюць права на байкот. Гэта вынік прамінулай выбарчай кампаніі. Такім чынам, насамрэч палітычны эфэкт ад тактыкі байкоту, якую скарыстала апазыцыя, быў — і аказаўся непрыемным для ўлады.

Відавочным крокам назад стала прапанова адмовіцца ад радыёдэбатаў, пакінуўшы толькі тэледэбаты. Правільна, навошта бударажыць народ?

Тое ж самае можна сказаць пра ідэю не даваць кандыдатам грошай на друк улётак. «Хай яны гэта робяць за асабістыя сродкі», — сказала кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. «Лепш гэтыя сродкі акумулюем і паставім у абавязак камісіям інфармаваць выбарцаў з дапамогай даведачных матэрыялаў», — дадала яна.

То бок магчымасьці агітацыі звужаюцца на карысьць нейкага нэўтральнага «інфармаваньня» выбарчымі камісіямі.

Аднак Ярмошына лічыць, што якраз наадварот — прапановы ЦВК пашыраюць магчымасьці для вядзеньня перадвыбарчай агітацыі. У прыватнасьці, яна адзначыла, што гаворка ідзе аб павелічэньні памераў асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты і прэзыдэнты, аб магчымасьці адкрыцьця асабістага фінансавага фонду ўжо для кандыдата ў дэпутаты мясцовага ўзроўню.

У свабоднай краіне пашырэньне магчымасьцяў кандыдатаў выкарыстоўваць свае фінансавыя сродкі ці дапамогу спонсараў азначала б сапраўды крок да дэмакратызацыі выбарчага працэсу. У Беларусі ж усё наадварот.

Справа ў тым, што сродкі, якія паступаюць у выбарчыя фонды, павінны быць легальнымі. То бок грамадзянін ці фірма, якія ахвяруюць на кампанію, павінны пазначаць свае каардынаты. І вось уявіце сабе камэрцыйную структуру, якая спансіруе апазыцыйных кандыдатаў. Угадайце з трох разоў, што з гэтай фірмай здарыцца пасьля выбараў. Таму наўрад ці апазыцыя атрымае шмат грошай на выбарчую кампанію. А кандыдаты ад улады атрымаюць сродкі ад дзяржаўных прадпрыемстваў на загад «вэртыкалі».

Але галоўная навацыя ў іншым. Цяпер вылучаць кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту і мясцовых саветаў могуць рэспубліканскія грамадзкія аб’яднаньні колькасьцю ня менш як 1000 чалавек. Тут трэба зьвярнуць увагу на гэтае апошняе колькаснае абмежаваньне. Дэмакратычных арганізацыяў зь лікам тысяча чальцоў, здаецца няма. Хіба што рух «За свабоду». Значыць, скарыстацца гэтай навацыяй змогуць абдзяржаўленыя структуры, якія фармальна лічацца грамадзкімі аб’яднаньнямі: «Белая Русь», Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ, саюзы вэтэранаў, афіцэраў, жанчын і іншыя.

Фактычна гэтыя вялікія праўладныя арганізацыі атрымліваюць статус партыяў, бо іх юрыдычныя правы цяпер ня будуць амаль нічым адрозьнівацца. Для ўладаў вырашаецца адразу некалькі праблемаў. Здымаецца пытаньне аб трансфармацыі «Белай Русі» ў партыю. Для масавай сьвядомасьці назва «грамадзкае аб’яднаньне» гучыць лепш, чым «партыя».

Да таго ж «Белая Русь», БРСМ могуць, як і раней, будавацца паводле вытворчага прынцыпу. То бок ствараць свае ячэйкі ў працоўных калектывах. А партыям, як вядома, гэта забаронена. Такое абмежаваньне было заканадаўча ўведзена пасьля забароны КПСС.

У выніку партыі, якія і так былі на пэрыфэрыі грамадзка-палітычнага жыцьця, канчаткова будуць выціснутыя на маргінэс.

А вонкава ўсё выглядае як пашырэньне дэмакратыі. Магчыма, гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў пра мадэрнізацыю палітычнай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG