Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуска-польскія адносіны ў бліжэйшы час не палепшацца»


Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Зь якіх прычын беларускія ўлады дагэтуль не ўхвалілі дамову аб спрошчаным перасячэньні мяжы грамадзянамі Беларусі і Польшчы, якія жывуць у памежных раёнах? Ці ёсьць пэрспэктывы ў найбліжэйшы час для паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйнымі Менскам і Варшавай? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

Паміж Беларусьсю і Польшчай дагэтуль не запрацавала дамова аб «малым памежным руху». Афіцыйны Менск фактычна не хавае, што прычынай гэтага сталі палітычныя матывы. Як бы вы ацанілі такія паводзіны беларускага кіраўніцтва?

Фёдараў: «Я б сказаў, што з пункту гледжаньня беларускіх уладаў гэта даволі лягічныя паводзіны. Гэтыя дамовы з Польшчай, Літвой і Латвіяй былі падпісаныя падчас гэтак званай „адлігі“ — да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Але пасьля гэтага адносіны пагоршыліся, і цяпер мне падаецца, што беларускаму кіраўніцтву зусім ня хочацца, каб шмат людзей зь Беларусі езьдзіла ў Польшчу і бачыла жыцьцё там, дый каб палякі сюды прыяжджалі.

Што тычыцца інтарэсаў звычайных жыхароў памежных раёнаў, то гэта не настолькі істотная рэч для ўладаў, каб паступацца сваімі палітычнымі прынцыпамі».

Цыганкоў: «Але з Латвіяй такая дамова працуе…»

Фёдараў: «Па-першае, там памежная зона вельмі малая, і людзей там жыве адносна няшмат. І галоўнае — з Латвіяй палітычныя адносіны ў Беларусі нашмат лепшыя, чым з Польшчай. Афіцыйныя латвійскія асобы ніколі апошнім часам жорстка не выказваліся наконт унутранай палітыкі беларускіх уладаў. Гэта, як мне падаецца, і стала асноўнай прычынай, чаму гэтае пагадненьне запрацавала».

Цыганкоў: «Ці ёсьць пэрспэктывы ў найбліжэйшы час для паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйнымі Менскам і Варшавай? Я маю на ўвазе — пры цяперашняй уладзе? Што могуць зрабіць афіцыйныя ўлады з абодвух бакоў, каб палепшыць дачыненьні?»

Фёдараў: «Як ні шкада, але, на мой погляд, істотных паляпшэньняў чакаць не выпадае. Для іх паляпшэньня ці адзін, ці другі бок павінен цалкам зьмяніць сваё стаўленьне да партнэра. Я ня бачу магчымасьці для такой зьмены ні з таго, ні з другога боку».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG