Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты ў Беларусі важнейшыя за палітыкаў?


Станіслаў Шушкевіч, Натальля Радзіна і Франак Вячорка.
Станіслаў Шушкевіч, Натальля Радзіна і Франак Вячорка.

Дзіянаў, Радзіна і Шушкевіч на Эўрапейскім Кангрэсе правоў чалавека расказвалі аб парушэньнях у Беларусі. Аптымістычную пазыцыю прадстаўляў Франак Вячорка.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, галоўны рэдактар сайта «Хартыя’97» Натальля Радзіна, адзін з арганізатараў «маўклівых пратэстаў» у Беларусі Вячаслаў Дзіянаў, моладзевы апазыцыйны дзяяч Франак Вячорка, дырэктар Эўрапейскага Радыё для Беларусі Дзьмітрый Новікаў — сярод удзельнікаў III Эўрапейскага кангрэсу правоў чалавека, які пачаўся 6 сьнежня ў Катавіцах. Арганізатары форуму — офіс эўрадэпутата Марэка Мігальскага і асацыяцыя «Праект Шлёнск».

Кангрэс прысьвечаны працэсам дэмакратызацыі ў краінах постсавецкай прасторы, найперш у Беларусі, Расеі і ва Ўкраіне. У праграме тры дыскусіі: «Роля новых СМІ ў працэсе дэмакратызацыі Беларусі», «Рух пратэсту як шанец дэмакратызацыі Расеі» і «Украіна — сцэнарыі разьвіцьця падзей пасьля выбараў».

Натальля Радзіна спынілася на праблемах СМІ: «Прафэсійныя журналісты перайшлі на працу ў інтэрнэце — гэта апошні бастыён свабоды сродкаў масавай інфармацыі, — зазначыла яна, але, узгадаўшы пра «чорны сьпіс» сайтаў, у які патрапіла і «Хартыя 97», дадала: «Звычайна няма іншай магчымасьці працаваць, акрамя як за мяжой або ў падпольлі». Аб праблемах свабоднага распаўсюду інфармацыі казаў і Дзьмітры Новікаў.

«На тэрыторыі Беларусі паўстаў зь мёртвых СССР», — Станіслаў Шушкевіч працытаваў сваю новую кніжку «Маё жыцьцё. Упадак і ўваскрашэньне СССР». Вячаслаў Дзіянаў выказаў упэўненасьць, што вялікая роля ў арганізацыі масавых пратэстаў у Беларусі будзе належаць сацыяльным сеткам.

Франак Вячорка зазначыў, што роля журналістаў у цяперашняй Беларусі большая, чым палітыкаў, і «журналістыка — гэта тое, у чым беларускае грамадзтва сёньня мае патрэбу найбольш». Вячорка лічыць, што будучыня таксама за сацыяльнымі сеткамі і грамадзкай журналітыкай.

Як піша Gazeta Wyborcza, Франак Вячорка выпраменьваў аптымізм. «Проста трэба ж камусьці быць аптымістам, — патлумачыў ён. — Каму, калі ня нам, натхняць людзей?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG