Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лідзкі летапісец»: 3600 старонак пра Ліду


Рэдактар «Лідзскага летапісца» Станіслаў Суднік
Рэдактар «Лідзскага летапісца» Станіслаў Суднік

Краязнаўча-гістарычна-літаратурны часопіс «Лідзкі летапісец» адзначыў 15-годзьдзе.

Рэдагуе яго Станіслаў Суднік, выдавец — установа інфармацыі «Выдавецкі дом Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны». Наклад складае трыста асобнікаў. На часопіс можна падпісацца, ён таксама прадаецца ў Лідзе ў газэтных шапіках.

Сёньня ў друкарні 59-ты нумар «Лідзкага летапісца», які падсумоўвае пятнаццацігадовую гісторыю выданьня часопіса, кажа рэдактар Станіслаў Суднік. Падрыхтаваны таксама 60-ты нумар.

Суднік: «Вось калі мы ўсё гэта возьмем, то мы маем, груба лічыўшы, 3600 старонак А4 інфармацыі пра гісторыю Ліды. У кнізе „Памяць“ уся гістарычная частка мо старонак сто займае. Такім чынам, за гэтыя пятнаццаць год быў створаны — або, лепей сказаць, апублікаваны — масіў гістарычных ведаў пра Ліду. Усё гэта зроблена на беларускай мове.

Калі ў нас нармальная кніжка А5 фармату будзе чатырыста старонак, то колькі гэта кніжак такіх? Дзевяноста! Фактычна за гэты час, можна сказаць, было створанае новае краязнаўства лідзкае. У тым сэнсе, што на сёньня задзейнічана вельмі шмат новых крыніц. У тым ліку польскіх аўтараў. І архіўныя крыніцы. І вось той занядбаны ў гістарычным пляне Лідзкі край, дзе ўсё ўпіралася ў легенду пра дзяўчынку Ліду, якая скінулася зь вежы замка, і на тым усё заканчвалася, сёньня мае вось такую базу, на аснове якой можна выдаць і такі падручнік, як „Гродназнаўства“ быў выдадзены ў Горадні».

Сярод асноўных аўтараў «Лідзкага летапісца» — старэйшы супрацоўнік музэю Валеры Сьліўкін, ён жа заснавальнік выданьня, краязнаўцы Мікалай Дзікевіч, Леанід Лаўрэш. Друкаваўся тут вядомы лідзкі журналіст і краязнаўца, цяпер нябожчык Аляксандар Жалкоўскі. Рана памёр Антось Савук, які дасьледаваў гісторыю стварэньня лідзкага вайсковага аэрадрому.

Суднік: «Сёньня лідзкі аэрадром прызнаецца найстарэйшым у Беларусі, пра што сьведчыць паштоўка, выпушчаная „Белпоштай“. Рашэньне было прынята і зацьверджаны штат першага авіяцыйнага атраду ў 1912 годзе. Разам з аэрадромам у Гатчыне, іх два тады зацьвярджалі адным указам імпэратара Мікалая ІІ. Дакладна сто гадоў. Расейцы адзначылі сёлета стагодзьдзе расейскай авіяцыі. Нашы дату праспалі, як заўсёды».

«Лідзкі летапісец» прычыніўся да важнай справы: датай заснаваньня Ліды быў афіцыйна прызнаны 1323 год. У 1980-м гаркамам КПБ кіравала жонка савецкага афіцэра Папова, ёй вельмі хацелася шыкоўна адзначыць круглую дату, дзеля гэтага было абвешчана, што горад заснавалі ў 1380 годзе.
На ўезьдзе ў Ліду з боку Горадні цяпер стаіць дарожны знак з датай «1323», якім замянілі стары, савецкі
На ўезьдзе ў Ліду з боку Горадні цяпер стаіць дарожны знак з датай «1323», якім замянілі стары, савецкі

Суднік: «Яна ўпарта хацела адзначыць юбілей. Папрасіла гісторыкаў пацьвердзіць гэтую дату, яны й пацьвердзілі. Дата была зацьверджаная афіцыйна, і яе было цяжка вельмі зрушыць. Каб была савецкая ўлада, то, можа, і ня зрушылі б. Мы кажам, што калі ў 1323 годзе пачаў будавацца замак, то адначасова пачалі будаваць горад. Мы ў „Летапісцы…“ публікавалі адкрыты ліст да ўладаў з нагоды даты заснаваньня гораду. І ўлады прыслухаліся. Мы гэтую дату з 1997 году пастаянна „дзяўблі“ да 2004 году. І цяпер пытаньняў не ўзьнікае. У наступным годзе зьбіраюцца адзначаць 690-я ўгодкі. І, дасьць Бог, дажывем да 2023-га, калі адзначым 700-я».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG