Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітуцекачам ня варта прасіць прытулку ва Ўкраіне


Міжнародныя арганізацыі крытыкуюць Украіну за адсутнасьць справядлівай сыстэмы наданьня палітычнага прытулку.

Выкраданьне ў Кіеве расейскага апазыцыянэра Леаніда Разважаева зноў прыцягнула ўвагу да гэтай праблемы. Беларускія актывісты ва Ўкраіне раяць палітуцекачам зь Беларусі лепш паспытаць шчасьця ў краінах Эўропы.

Сёньняшняя New York Times вяртаецца да справы выкраданьня ў Кіеве і дастаўкі ў маскоўскую турму Леаніда Разважаева. Тое, што ўкраінскія чыноўнікі адмовіліся расьсьледаваць зьнікненьне Разважаева, праваабаронцы разглядаюць як «непавагу да міжнароднага права з боку Ўкраіны», — цытуе газэта праваабаронцу з Цэнтру сацыяльных дзеяньняў у Кіеве Максіма Буткевіча.

Украіне закідаецца парушэньне агульнапрынятых міжнародных працэдур, што да прадстаўленьня палітычнага прытулку і дэпартацыі. Так, у 2011 годзе палестынскі інжынэр Дзірар Абу-Сісі, які прасіў аб прадстаўленьні яму ўкраінскага грамадзянства, быў зьняты зь цягніка паміж Харкавам і Кіевам, а празь некалькі тыдняў апынуўся ў ізраільскай турме па абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з ХАМАСам. У сьнежні 2009 году узбэцкі ўцякач Хамідуло Турхунаў зьнік у Кіеве, і ягоная сям’я сьцьвярджае, што ён кінуты за краты ва Ўзбэкістане.

Яшчэ ў 2010 годзе ў справаздачы Міжнароднай Амністыі адзначалася, што «ва Ўкраіне няма адэкватнай і справядлівай працэдуры прадстаўленьня прытулку, а сыстэма наданьня статусу ўцекача не адпавядае міжнароднаму праву».

«Уцекачамі ва Ўкраіне да 2009 году займаўся Дзяржаўны камітэт па нацыянальнасьцях і рэлігіях, які пастаянна рэарганізоўваўся, а ў 2009-2010 зусім перастаў прымаць любыя рашэньні, — тлумачыць Свабодзе палітуцякач зь Беларусі Ігар Тышкевіч. — Потым гэтыя пытаньні перадалі Міграцыйнай службе, якая не прызнала сябе пераемніцай ранейшай структуры.»

Ігар на сабе спазнаў недасканаласьць украінскай міграцыйнай сыстэмы: разгляд ягонай просьбы аб прытулку прыпаў якраз на пэрыяд чыноўніцкай неразьбярыхі. Колішні старшыня баранавіцкага грамадзкага аб’яднаньня «Варута» Ігар Тышкевіч падпаў пад ціск у Беларусі пасьля ўдзелу ў пратэстах супраць будаўніцтва пад Пухавічамі заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі «Аўгуст-Бел». Зьехаў ва Ўкраіну ў 2008-м, падаў дакумэнты на прытулак, ад таго часу чакае вырашэньня справы ў розных інстанцыях.

«Зварот па прытулак ва Ўкраіне складаецца з двух этапаў, — расказвае Ігар, — і на першым этапе праблем няма. Уцякач падае дакумэнты ў міграцыйную службу, там без пярэчаньняў іх прымаюць, даючы часовую даведку. Праводзіцца першасная праверка: ці падпадае чалавек пад паняцьце „уцякач“. Выгодны бок украінскага заканадаўства — калі нават фармальна ў вас няма дастатковых прычынаў для ўцякацкага статусу, але ёсьць падставы меркаваць, што на радзіме вы зазнаеце перасьлед, Украіна можа прадставіць вам права „дадатковай абароны“ — гэта фактычна тое ж, што і ўцякацкі статус, толькі без дазволу выяжджаць за межы краіны.

Другі этап — сумоўе, дзе і вызначаецца, ці дадуць вам нарэшце статус уцекача. І тут шмат прэтэнзіяў да сыстэмы: у мінулыя гады нават было некалькі карупцыйных скандалаў, калі высьветлілася, што статус даюць за хабар.»

Ва ўкраінскім заканадаўстве няма паняцьця "палітычны" ўцякач, і беларусы, якія зьвяртаюцца па прытулак, часьцей за ўсё атрымліваюць адмову. Паводле статыстыкі за 2009-2010, па прытулак ва Ўкраіне зьвярталася па 40 беларусаў на год, статус атрымалі адзінкі.

Менавіта таму беларускія ўцекачы разглядаюць Украіну перадусім як транзытную краіну, як трамплін да выезду ў Эўропу.

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

«Калі чалавек канчаткова вырашыў зьяжджаць зь Беларусі, я б параіў яму ўсё ж краіны Эўразьвязу, бо параўноўваць тамтэйшае заканадаўства з украінскім нават ня варта,» — кажа кіраўнік беларускага Цэнтру ва Ўкраіне Вячаслаў Сіўчык. Ён прыводзіць прыклады, калі беларусы, якім было адмоўлена ў прытулку, без праблем знаходзілі яго ў Эўропе. Так быў вымушаны паступіць адзін з адміністратараў „Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“ Ігар Коктыш, які ня змог легалізавацца ва Ўкраіне і зьехаў у Польшчу, гэтак жа зрабіў журналіст Ігар Шчыкарэвіч ды многія іншыя.

Беларусы, якія ня хочуць выяжджаць з Украіны далей, маюць магчымасьць уладкавацца тут і без уцякацкага статусу: асноўная праблема, якая паўстае пры гэтым — афіцыйны дазвол на працу. Аднак калі ўлічыць, што нават паводле афіцыйнай статыстыкі 44 % украінскай эканомікі належыць да ценевай, вырашыць гэтае пытаньне ня так ужо і цяжка.
XS
SM
MD
LG