Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпэт: Каля прэзыдэнцкага палаца зьявіліся танкі


Паводле відавочцаў, у Каіры егіпэцкая армія разьмясьціла танкі каля прэзыдэнцкага палаца празь некалькі гадзін пасьля таго, як тры дэманстранты загінулі падчас сутыкненьняў паміж прыхільнікамі і апанэнтамі прэзыдэнта Мухамада Мурсі.

Усяго за два дні пратэстаў пацярпелі больш за 300 чалавек.

Карэспандэнтка «Голасу Амэрыкі» ў Эгіпце паведамляе, што сутыкненьні пачаліся ў сераду, калі ісламісцкія прыхільнікі Мурсі напалі на апазыцыйную дэманстрацыю, удзельнікі якой пратэставалі супраць указу прэзыдэнта, падпісанага ў лістападзе. Дакумэнт надзяляе Мурсі шырокімі паўнамоцтвамі і выводзіць яго з-пад кантролю судовай улады.

Паводле карэспандэнткі, большасьць прыхільнікаў прэзыдэнта былі барадатыя мужчыны — менавіта так выглядаюць тыповыя прадстаўнікі «Братоў-мусульманаў». Праціўнікі прэзыдэнта выглядалі маладзей, сярод іх былі і жанчыны.

«Я бачыла „кактэйлі Молатава“, людзей, узброеных жалезнымі прутамі і камянямі. Некаторыя людзі проста адломлівалі галінкі дрэваў, каб біцца зь іх дапамогай », - распавядае карэспандэнтка «Голасу Амэрыкі».

Заходнія СМІ таксама паведамляюць аб нападах прыхільнікаў «Братоў-мусульман» на журналістаў.

Сутыкненьні ля прэзыдэнцкага палаца сталі першымі сутычкамі паміж палітычнымі супернікамі ў палярызаваным Эгіпце з часоў леташніх пратэстаў, якія прывялі да зьвяржэньня аўтарытарнага прэзыдэнта Хосні Мубарака.

Тым часам яшчэ тры дарадцы Мурсі абвясьцілі аб сваёй адстаўцы на знак пратэсту супраць указу аб пашырэньні паўнамоцтваў прэзыдэнта. Усяго з 22 лістапада пяцёра з 17 прэзыдэнцкіх дарадцаў сышлі ў адстаўку.

Пратэсты ахапілі і іншыя эгіпецкія гарады. У Ісмаіліі і Суэцы былі падпаленыя офісы «Братоў-мусульманаў».

Апазыцыя патрабуе адмены ўказу Мурсі, які яна лічыць захопам улады. Апазыцыянэры таксама выступаюць супраць праекту канстытуцыі, які, паводле іх, быў распрацаваны ісламістамі без удзелу лібэралаў і прыхільнікаў сьвецкай улады.

Рэфэрэндум па канстытуцыі прызначаны на 15 сьнежня.
XS
SM
MD
LG