Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кітайскай правінцыі Хубэй завяршыліся дзесяцідзённыя сумесныя манэўры дэсантнікаў Кітаю і Беларусі. Асноўная мэта мерапрыемства заключалася ў прадухіленьні тэрарыстычных дзеяньняў. Гэтае паведамленьне зьявілася сёньня на сайце кітайскага радыё --> http://german.cri.cn/1565/2012/12/06/1s187054.htm

У кітайскай правінцыі Хубэй завяршыліся дзесяцідзённыя сумесныя манэўры дэсантнікаў Кітаю і Беларусі. Асноўная мэта мерапрыемства заключалася ў прадухіленьні тэрарыстычных дзеяньняў. Гэтае паведамленьне зьявілася сёньня на сайце кітайскага радыё.

Паводле кітайскіх СМІ, манэўры ёсьць працягам супольных вучэньняў, што адбыліся ў ліпені 2012 году ў Беларусі. Салдаты абедзьвюх краін прайшлі падрыхтоўку па 30 праграмах, сярод якіх пасадкі верталётаў і напады на базы тэрарыстаў. Таксама былі апрабаваныя новыя мэтады навучаньня для скокаў з парашутам у халоднае і туманнае надвор’е.

Як выяўляецца, папярэднія летнія манэўры беларускіх вайскоўцаў у Кітаі прыпалі на той час, калі ў Нямеччыне распачаўся гучны скандал вакол падрыхтоўкі беларускіх сілавікоў, у тым ліку і спэцназаўцаў, у гэтай краіне. Нямецкія журналісты высьветлілі, што сілавыя ведамствы Нямеччыны займаліся навучаньнем беларускіх кадраў прынамсі ў 2008 — 2011 гадах .

Як пісала Tagesspiegel — менавіта гэтае выданьне першым у Нямеччыне зьмясьціла артыкулы пра пра супрацоўніцтва нямецкіх ды беларускіх сілавікоў — гэтая двухбаковая каапэрацыя «доўгі час замоўчвалася фэдэральным урадам», які па сутнасьці ў адказ на запыт беларускага ўраду санкцыянаваў навучаньне беларускага спэцназу, у тым ліку падчас здушэньня мірных дэманстрацыяў

Нядаўна «Свабода» са спасылкай на амбасаду Нямеччыны у Менску перадала, што ў сувязі «зь цяперашняй сытуацыяй фэдэральны ўрад вырашыў адклікаць апарат вайсковага аташэ ў Менску. Цяпер пытаньні арганізацыйнага характару і канкрэтныя даты знаходзяцца ў стадыі ўзгадненьня».

Паводле паведамленьняў у нямецкіх СМІ, працу апарату вайсковага аташэ ў Беларусі мяркуецца завяршыць да 2013 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG