Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Салігорскі райвыканкам ня хоча рабіць беларускую вэрсію свайго сайту


Старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі не задаволіў патрабаваньне салігорскай моладзі стварыць беларускамоўную вэрсію афіцыйнага сайту выканкаму.

«Расейскамоўная вэрсія афіцыйнага інтэрнэт-сайту Салігорскага райвыканкаму не пярэчыць патрабаваньням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону «Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь», згодна зь якімі «дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца беларуская і руская мовы», — напісана ў адказе ад старшыні райвыканкаму, паведамляе сайт «Вясны».

«Ня ведаю, чаго ў гэтым адказе больш, нахабства ці звычайнага глупства. Раблю выснову, што ідэалягічны аддзел, які рыхтаваў тэкст адказу, проста некампэтэнтны ў такіх пытаньнях і прафэсійна ня здатны зрабіць гэта юрыдычна пісьменна. Па-першае, ніякіх прэтэнзіяў адносна наяўнасьці расейскамоўнай вэрсіі сайту ў звароце не было. Па-другое, патрабаваньне тычылася стварэньня беларускамоўнай вэрсіі сайту, але ніякага матываванага адказу на гэта мы не пабачылі. Ніводнай прычыны, якая б тлумачыла адсутнасьць беларускамоўнай вэрсіі сайту, агучана не было, хоць наяўнасьць такой вэрсіі таксама аніяк не пярэчыць патрабаваньням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону «Аб мовах», — заявіў адзін з ініцыятараў звароту Аляксей Валабуеў.

«Аспрэчваць такое рашэньне ня будзем. Вырашылі, што больш эфэктыўным было б правесьці адмысловы маніторынг, у якім бы адлюстроўвалася сытуацыя з правамі беларускамоўных грамадзянаў у Салігорскім раёне. Па выніках маніторынгу зробім даклад, які накіруем у розныя вышэйшыя інстанцыі», — сказаў Валабуеў у інтэрвію «Свабодзе».

Паводле апошняга перапісу насельніцтва (2009 год), роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва краіны. Дома на ёй размаўляе 23% насельніцтва.

Мапа. Колькасьць насельніцтва, якое назвала беларускую мову роднай

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG