Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі 29 мытнікаў на літоўска-беларускай мяжы


Па падазрэньні ў атрыманні хабару затрыманыя мытнікі кантрольна-прапускнога пункта Меднікі (Медзінінкай), што на мяжы зь Беларусьсю.

У сераду раніцай за хабар затрымалі 21 мытніка, яшчэ семярых затрымалі днём. Паводле слоў кіраўніка Мытнага дэпартамэнту Літвы Антанаса Шыпавічуса, маштаб карупцыі яго не зьдзівіў, паведамляе delfi.lt.

Антанас Шыпавічус апавёў, што некаторыя мытнікі спаганялі з кіроўцаў вялікагрузных машын хабар у памеры 20-40 літаў. Калі мытнік фіксаваў рэальнае ці ўяўнае парушэньне, плата была яшчэ вышэйшай.

Начальнік службы расьсьледаваньняў Гедрус Цынінас кажа, што затрыманыя супрацоўнікі з усіх чатырох зьменаў, то бок гэта азначае, што была сыстэма.

Па словах пракурора Марцінаса Ёвайшы, 30 мытнікаў падазраюць у злоўжываньні службовым становішчам і хабарніцтве. Расьследаваньне доўжылася чатыры месяцы і працягваецца далей. Першасная інфармацыя была атрымана ад кіроўцаў, паступалі і ананімныя званкі.

Часовы выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Андрус Кубілюс, камэнтуючы арышт мытнікаў, адзначыў, што ўстановы самі павінны змагацца зь незаконнай дзейнасцю:

«Гэта паказвае, па-першае, той факт, што ў самой мытнай службы ёсьць дастаткова магчымасьцяў і вопыту для вырашэньня сваіх унутраных праблем і барацьбы з імі. Самі маштабы — гэта тое, што павінна выклікаць заклапочанасьць ва ўсіх. Але тое, што мытня і спэцслужбы выкрылі такія парушэнні ў самой мытнай службе — гэта добра. Гэта паказвае, што сыстэма можа сама ачысціцца ».

Праз арышт такой колькасьці мытнікаў хуткасць праезду фураў цераз мытны пункт Каменны Лог — Меднікі зьменшылася ў чатыры разы. На мяжы зь Беларусьсю ў чаканьні пераезду стаяць 600 фураў, паведаміў кіраўнік Асацыяцыі міжнародных перавозчыкаў Літвы Альгімантас Кандрусявічус.

Год таму, у лістападзе 2011 году, Вярхоўны Суд Беларусі у закрытым рэжыме разглядаў так званую «справу Грамовіча». Да крымінальнай адказнасьці прыцягваліся больш за тры дзясяткі чалавек, большасьць зь якіх зьяўляліся службовымі асобамі мытні «Заходні Буг» (у тым ліку два намесьнікі начальніка мытні і начальнік паста) і УКДБ па Берасьцейскай вобрласьці (былыя намеснік начальніка ўпраўлення, а таксама начальнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй).

Паводле ацэнак следзтва, ад нявыплаты мытных плацяжоў дзяржаве была нанесена шкода ў памеры больш за 30 мільярдаў рублёў.

Аднак самая буйная ў гісторыі карупцыйная справа ў дачыненьні мытнікаў практычна развалілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG