Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 6 сьнежня заплянаваныя кансультацыі прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі з упаўнаважанымі Фэдэральнай службы вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі.

У Менску спадзяюцца, што падчас перамоваў можна будзе «выпрацаваць узаемавыгадныя падыходы па тых пытаньнях, якія выклікалі заклапочанасьць расейскага боку».

Фэдэральная служба накіравала ў пасольства Беларусі ў Маскве скаргу на нядобрасумленны кантроль за расьліннай прадукцыяй з боку беларускіх мытнікаў. У ёй сьцьвярджаецца, што Расея за год страчвае каля 480 мільярдаў рублёў, паколькі беларускія мытнікі нядобрасумленна правяраюць расьлінную прадукцыю, якая паступае ў Расею як з трэціх краінаў, так і з самой Беларусі.

Пасьля ўтварэньня Мытнага зьвязу Беларусі, Казахстана і Расеі афіцыйна праверка вядзецца на першай дзяржаўнай мяжы Адзінай эканамічнай прасторы. А ўнутры Мытнага зьвязу праверка робіцца выбарачна. Яе вынікі і выклікалі занепакоенасьць расейскага боку.

«Атрымліваецца, што фітасанітарны кантроль у Беларусі практычна не ажыцьцяўляецца. З пачатку 2012 году мы выявілі 9 тысяч машын, у якіх плёмбы, напрыклад, латвійскія ці польскія, аказаліся не парушанымі. Расьлінная прадукцыя, якую прывезьлі ў гэтых машынах, прайшла размытненьне без ускрыцьця плёмбаў, значыць, без абавязковага фітасанітарнага кантролю, які вызначаны дакумэнтамі Мытнага зьвязу», — заявіў памочнік кіраўніка Фэдэральнай службы Аляксей Аляксеенка.
XS
SM
MD
LG