Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе старшыняваць у СНД. Ніхто нічога новага не чакае


Уладзімер Пуцін на саміце СНД
Уладзімер Пуцін на саміце СНД
Ад першага студзеня 2013 году Беларусь будзе старшыняваць у СНД. Пра гэта паведаміў на радзе кіраўнікоў краін Садружнасьці прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Ашхабад на «Боінгу-767», які раней належаў туркмэнбашы Сапармурату Ніязаву.

Старшынёўства ў СНД пераходзіць да Беларусі ад Туркмэністану. Наступны саміт садружнасьці пройдзе ў Менску ў кастрычніку 2013 году. Падчас прыняцьця гэтага рашэньня не прысутнічаў прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў. Паводле расейскіх мэдыяў, адна з прычынаў ягонай адмовы ад удзелу ў саміце — тое, што ў ім бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка. Маўляў, Бішкек так і не дараваў Менску, што той не выдае экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева і яго малодшага брата Жаныбека. Ці паправіць старшынёўства ў СНД імідж Беларусі на міжнароднай арэне і ці зможа Лукашэнка неяк паўплываць на інтэграцыю на постсавецкай прасторы? Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш мяркуе, што СНД мае вельмі абмежаваны патэнцыял:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Існуюць іншыя інтэграцыйныя арганізацыі, такія, як АДКБ, як Эўразійскі зьвяз, як ЭўрАзЭС. Якія насамрэч маюць нейкія паўнамоцтвы. СНД якраз — гэта нейкі клюб для ўзгадненьня пазыцыяў, абмеркаваньня праблемаў. Ператварыць СНД у той інструмэнт, які будзе працаваць, — гэта вельмі цяжка і наўрад ці магчыма. Гэта ня той інструмэнт, празь які магчыма пакіраваць».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што старшынёўства ў СНД — гэта больш фармальная рэч:

«Гэта ня тое, што старшынства ў Эўразьвязе. Там краіна мае магчымасьць сябе паказаць, паказаць сваю дзяржаўную службу і таксама паўплываць на парадак дня. У СНД такой магчымасьці няма, бо там усім запраўляе Расея. Па-другое, імідж Лукашэнкі і Беларусі такі, што ніхто нічога новага не чакае. СНД застаецца чыста фармальнай рэччу. Асноўныя пытаньні вырашаюцца ў двух- ці трохбаковым фармаце».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, які прыехаў у Ашхабад, у кулюарах саміту сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Гутарка ішла сам-насам, потым да яе далучыўся прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Ці сустракаўся Пуцін з Лукашэнкам, афіцыйныя мэдыі нічога не паведамляюць. Яшчэ нядаўна ў інтэрвію Reuters Лукашэнка распавёў пра хваробу расейскага кіраўніка, што Пуцін «дужаўся дзесьці на дыване і пашкодзіў, падвярнуў хрыбетнік». Ці маглі такія заявы неяк перашкодзіць сустрэчы?

Кірыл Коктыш мяркуе, што такой сустрэчы ў Ашхабадзе магло і ня быць. А заявай Лукашэнкі пра хваробу Пуціна ў Маскве незадаволеныя. Пра ягоную сьпіну Лукашэнка заявіў, каб узьняць свой асабісты рэйтынг:

«Адносіны Расеі і Беларусі пры ўсёй шчыльнасьці супрацоўніцтва зусім ня шчырыя. Яны базуюцца на даволі моцным эканамічным разьліку, базуюцца на інструмэнтах, празь якія той жа расейскі бок ведае, як націснуць, калі нешта пойдзе ня так. Расея так ці інакш, нават не разьлічваючы на вельмі добрыя адносіны з Лукашэнкам, упэўненая, што ў Беларусі яна сваё атрымае».

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Ашхабад на самалёце «Боінг-767», на якім раней лётаў туркмэнбашы Сапармурат Ніязаў. Афіцыйны Менск набыў гэты ляйнэр для Аляксандра Лукашэнкі ў кампаніі Turkmenistan Airlines. Самалёт прайшоў тэхнічнае абслугоўваньне ў Гамбургу. Паводле зьвестак зь нямецкіх мэдыяў, «Боінг-767» быў куплены беларускім бокам ня меней чым за 124 мільёны даляраў. У ім ёсьць «шырокія белыя скураныя сядзеньні і канапы, драўляная ашалёўка, залатыя шторы», а ў душавой выкарыстаныя каштоўныя мэталі і камяні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG