Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Мікалая Дзядка Аляксандар Дзядок распавёў «Свабодзе», як праходзіў суд, на якім ягонага сына пастанавілі адправіць у турму як «злоснага парушальніка рэжыму».

Аляксандр Дзядок спасылаўся на адваката, які прысутнічаў на выязным паседжаньні Шклоўскага суду. «Судовае паседжаньне было досыць кароткім. Зачыталі прадстаўленьне адміністрацыі, выступіў і прадстаўнік адміністрацыі шклоўскай калёніі. Сказаў, што сына трэба накіраваць у турму, бо ён злосны парушальнік рэжыму. За гэта таксама выказаўся прадстаўнік назіральнай раённай камісіі. І, зразумела, пракурор быў за тое, каб яго накіраваць у турму. Усё гэта ў некалькіх фразах, нават некалькіх словах.

Потым далі магчымасьць выказацца адвакату. Да таго адвакат пачытаў гэтак званую справу, якую яны там сабралі, і пагутарыў зь Мікалаем. Адвакат выступіў, а таксама выступіў Мікалай, які заявіў пра нязгоду з гэтым пакараньнем. Судзьдзя Волкаў сышоў у дарадчы пакой і праз кароткі час абвясьціў сваю пастанову, што Мікалая трэба накіраваць у турму. Гэтая пастанова канчатковая, яна не падлягае абскарджваньню і ўступае ў сілу адразу. Вось такім быў працэс».

Карэспандэнт: «Вы маглі б пералічыць парушэньні, якія фігуравалі ў справе вашага сына?»

Аляксандар Дзядок

Аляксандар Дзядок

«Усяго ў справе 22 парушэньні. Па вялікім рахунку, ня мае значэньня, якія гэта парушэньні. „Недастаткова старанна прыбіраў у камэры“ ці „ня зьняў павуціньне на столі“ — вось такія парушэньні. Вось такая падстава для накіраваньня чалавека ў турму. Але гэта ня мае значэньня, за што пэўна. Мяркую, асноўная прычына перасьледу Мікалая, як і іншых палітвязьняў, — гэта адмова падпісваць прашэньне аб памілаваньні. На ўсіх, каго саджаюць у турмы ці ў карцэр, гэтак ціснуць. Гэта форма ціску. У магілёўскай калёніі, дзе Мікалай сядзеў да таго амаль год, у яго было 5 парушэньняў, а за час знаходжаньня ў шклоўскай калёніі — ужо 17. Гэта адназначна сьведчыць, што яго каралі за адмову пісаць прашэньне».

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у нападах на шэраг будынкаў у Менску. Актывіст сваёй віны не прызнаў. 4 сьнежня Шклоўскі раённы суд на выязным паседжаньні пастанавіў накіраваць Мікалая Дзядка ў «крытую» турму. Праваабаронцы Беларусі лічаць асуджэньне Мікалая Дзядка палітычна матываваным.

У «крытых» турмах Беларусі ўжо ўтрымліваюць палітвязьняў Мікалая Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча і Яўгена Васьковіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG