Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Новае жыцьцё»: удзячныя чыноўнікам, якія прынялі мудрае рашэньне


Гаспадарчы суд Менску спыніў судовую вытворчасьць аб адабраньні будынка пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё». З адпаведнай заявай у суд зьвярнуўся фармальны ўласьнік будынка — ЖРЭА Маскоўскага раёну.

Кіраўніцтва царквы «Новае жыцьцё» называе сваю перамогу ў сямігадовым супрацьстаяньні з уладамі вынікам салідарнасьці ў грамадзтве і Божым провідам.

Дакумэнтальнае пацьверджаньне таго, што вытворчасьць аб адабраньні будынка спынена, судовая выканаўца Менскага гаспадарчага суду Вольга Шчарбовіч перадала юрысту царквы «Новае жыцьцё» Сяргею Луканіну напярэдадні позна ўвечары. Яна патлумачыла, што паводле заявы ЖРЭА вытворчасьць была спыненая яшчэ 28 лістапада і ў царкву было накіраванае пісьмовае паведамленьне. Аднак, пабачыўшы розгалас вакол гэтай справы ў СМІ, вырашыла перадаць ліст і асабіста. Сяргей Луканін называе тое, што здарылася, цудам:

Сяргей Луканін

Сяргей Луканін

«Мы дзякуем усім за падтрымку: і грамадзкім актывістам, і вернікам, і журналістам. Але мы бачым, што зараз, калі параўноўваць з 2006 годам, вядома, падтрымка была зусім ня тая. І мы бачым, што тут было звышнатуральнае ўмяшаньне Госпада. Гэта быў Божы цуд, і мы славім Яго. Што тычыцца нашых далейшых дзеяньняў, то мы, вядома, удзячныя тым чыноўнікам, якія прынялі вось гэтае мудрае рашэньне — не ствараць напружанасьць. І ўспрымаем гэта як першы крок насустрач у справе вырашэньня ўсіх праблем з нашай царквой і нашым будынкам».

Як паведаміў Сяргей Луканін, дагэтуль будынак царквы «Новае жыцьцё» належыць ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску. Таму зараз кіраўніцтва рыхтуе захады, каб перавесьці яго ва ўласнасьць царквы юрыдычна. Вернікі таксама спадзяюцца, як плянавалі раней, узьвесьці побач з царквой іншыя культавыя пабудовы, а пакуль дзякуюць Богу за сваю перамогу, кажа актывістка царквы Іна Давыдовіч:

«Эмоцыі пераліваюцца праз край. Мы ня ведаем, чаму гэтая арганізацыя — ЖРЭА Маскоўскага раёну — адклікала свой судовы пазоў, але вельмі ўдзячныя, што яны гэта зрабілі. Як мы гэта тлумачым? Тлумачым як цуд. Цуд ад Бога».

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што першая перамога царквы «Новае жыцьцё» — вынікам ня гэтак намаганьняў вернікаў і салідарнасьці грамадзкасьці, колькі разбалянсаванасьці дзеяньняў паміж уладнымі структурамі:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Гэтая прапанова — выселіцца да 5 сьнежня — увогуле магла б не падымацца, бо ЖРЭА яшчэ 28 лістапада заявіла пра адкліканьне свайго пазову і адмову ад гэтага будынку. Сытуацыя цалкам незразумелая, і здаецца, што ва ўладаў ужо няма той былой згоды і каардынацыі, якая назіраецца, калі ўлады мабілізуюцца».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч мяркуе: пастанавіўшы адмовіцца ад спробаў адабраць у вернікаў будынак царквы, улады прадэманстравалі маральную няздольнасьць супрацьстаяць рэлігійным аб’яднаньням:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Ва ўладаў хапіла розуму, каб адмовіцца ад памяшканьня. Гэта значыць, што, прынамсі, на ўзроўні рэлігійных свабодаў улады не гатовыя да татальных і жорсткіх рэпрэсіяў. Гэта, у сваю чаргу, дае аптымізм і спадзеў на тое, што прынамсі рэлігійныя групы будуць працягваць дзейнічаць у Беларусі».

Вернікі «Новага жыцьця» паведамляюць, што ўвечары яны зьбяруцца на малітву праслаўленьня за цуд выратаваньня сваёй царквы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG