Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абяцалі скараціць чыноўнікаў. І дзе тое скарачэньне?..»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 5 сьнежня 2012 году

Насельніцтва Беларусі ўжо каторы год скарачаецца, а вось колькасьць чыноўнікаў пры гэтым, наадварот, расьце. Бюракратычны апарат за апошнія два дзесяцігодзьдзі ня раз абяцалі скараціць, рабілі нават спробы гэтага... Але кожны раз кампанія пакрысе заціхала, а шэрагі столаначальнікаў тым часам шырыліся надалей.

Пра тое, чаму не відаць абяцанага нядаўна Аляксандрам Лукашэнкам чарговага значнага скарачэньня чыноўніцкага апарату, разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Аляксандар Сувораў са Смаргоні, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

«Месяцы два таму я чуў, як у адным са сваіх выступаў прэзыдэнт Лукашэнка пераканаўча казаў пра неабходнасьць скарачэньня дзяржаўнага апарату. Мінула ўжо досыць шмат часу, а пра скарачэньні нешта нічога не чуваць. Можа, вы патлумачыце, якія пасады і ў якія тэрміны будуць скарачаць? Мяне найперш цікавіць узровень раёну.

Увогуле, незразумела, навошта патрэбен такі грувасткі адміністратыўны апарат? Я, напрыклад, адразу б паскарачаў большасьць намесьнікаў старшыні райвыканкаму. Няхай сам старшыня працуе, а не прыкрываецца намесьнікамі, на ўтрыманьне якіх даводзіцца марнаваць процьму народных грошай. А навошта такая армія ідэолягаў з саліднымі акладамі? Каму яны павінны прамываць мазгі? Ёсьць жа БТ, ёсьць „Советская Белоруссия“: хто захоча — прачытае і паглядзіць. Навошта мне яшчэ пасярэднік-ідэоляг?»
.

А пасярэднік-ідэоляг дзеля таго, спадар Аляксандар, што ў выпадку, калі вы «Советскую Белоруссию» чытаць не захочаце, дык ён вас прымусіць гэта рабіць (ну, калі не чытаць, дык прынамсі прымусова аформіць падпіску).

Што да чыноўніцкага апарату... Нягледзячы на ўсе кампаніі скарачэньня, якія час ад часу абвяшчаюцца Лукашэнкам, армія столаначальнікаў ня толькі не зьмяншаецца, наадварот — расьце і ўшыркі, і ўвышкі. Статыстыку наконт гэтага самі чыноўнікі трымаюць у сакрэце. Але сапраўдныя маштабы апарату кіраваньня няцяжка ўбачыць на прыкладзе любога райцэнтру. Згадайце: у савецкі час любы сельскі раён па колькасьці насельніцтва быў прынамсі на трэць (а то і напалову) большы за сучасны. Пры гэтым усё раённае начальства (уключна з райкамам партыі і райкамам камсамолу) зьмяшчалася ў так званым Доме Саветаў на цэнтральнай плошчы. Што маем цяпер? Насельніцтва ў раёне скарацілася сама меней на 30 працэнтаў. Райкам партыі і райкам камсамолу даўно, яшчэ на пачатку 90-х гадоў, разагнаныя. Значыць, Дом Саветаў павінен быў бы стаяць напалову пусты. Але пакажыце хоць адзін такі райцэнтар, дзе б чыноўніцкія кабінэты стаялі парожнія? Амаль паўсюль карціна іншая: чыноўнікі даўно не зьмяшчаюцца ў старым Доме Саветаў, ствараюць усё новыя канторы і будуюць усё новыя офісы...

Кім жа яны кіруюць? Якая маштабнасьць задач прымушае множыць шэрагі раённых чыноўнікаў? Тое, што сабой уяўляе сучасная беларуская вёска, добра апісаў у сваёй замалёўцы наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Вось што ён піша:

«Еду на лецішча. Невялічкі жоўты аўтобус жвава імчыць паўтара дзясятка пасажыраў паўз прыбеленыя першым сьнегам палі, лугі, пералескі.

Прыслухоўваюся да нетаропкай размовы дзьвюх жанчын, што сядзяць наперадзе. Маладзейшая, бялявая і прывабная, на выгляд гадоў 40, пытаецца ў сваёй старэйшай суразмоўніцы:

— А ў горад па якой патрэбе езьдзіла?

— Ды так, купіць сёе-тое. Думала, можа, гарэлкі таннай вазьму па старых цэнах, але дзе там. Таньней, чым па 44, ужо няма.

— У нас учора яшчэ па 35 была.

— Дык, можа, разабралі? Ці, можа, у вас ня п’юць?

— А-а, каму ў нас піць? Дваццаць дзевяць чалавек жыве ў вёсцы, большая частка пэнсіянэры. А калі я яшчэ ў школу хадзіла, было трыста пяцьдзясят. У нашай школе амаль чатырыста вучняў вучылася — і нашыя, і з Казімірова, і з Лагоў, і з Пуцілкавіч — адусюль. А цяпер школы ў нас наагул няма, а на ўсю вёску толькі адна вучаніца. Бывала, як ідуць хлопцы ў армію, поўны аўтобус іх едзе ў Вушачы. А сёлета толькі адзін наш пайшоў, і ўсё, болей няма каму ісьці! Хутка зусім нікога не застанецца, памрэм усе...

Мне пара было выходзіць, і я, на жаль, не пачуў працягу размовы. Зь яе вынікала, што маладзейшая кабета — з Малых Долец, што недалёка ад Пуцілкавіч, радзімы Петруся Броўкі. Лясны край, грыбныя, ягадныя мясьціны, зусім побач — Бярэзінскі запаведнік.

Малыя Дольцы — былы цэнтар калгасу „Новае жыцьцё“. Колькі іроніі сёньня ў гэтай назьве, якая аб’ядноўвала жыхароў некалькіх калісьці густанаселеных, а сёньня паміраючых вёсак!..»
.

Гэтыя паміраючыя беларускія вёскі, якіх сёньня сотні ў любым раёне, — сапраўды, вельмі сумнае, трагічнае відовішча. З аднаго боку, працэс нібыта аб’ектыўны: урбанізацыю перажылі альбо перажываюць усе эўрапейскія краіны. Але далёка ня ўсюды наступствы гэтай урбанізацыі такія драматычныя. Нават адзін фэрмэр альбо прадпрымальнік можа ўдыхнуць жыцьцё ў паселішча, якое пакрысе старэе і памірае. Усё, што для гэтага патрэбна, — не душыць яго падаткамі, а наадварот — дапамагчы, паспрыяць, не замінаць. Бо без такога хаця б адзінага на ўсю вёску гаспадара існаваньне гэтых бабулек становіцца ўвогуле невыносным...

Пра пасьлявыбарчыя беларускія рэаліі разважае ў сваім новым лісьце на «Свабоду» Барыс Руцько зь Менску. Ён піша:

«Да выбараў улады ні слова не гаварылі пра тое, што маюць намер так імкліва падвышаць кошты на ўсё самае неабходнае — прадукты, камунальныя паслугі, паліва, праезд. А як толькі кампанія скончылася — усё адразу пасыпалася. Зарплаты і пэнсіі далёка адсталі ад такіх цэнаў. І канца гэтаму не відаць.

Атрымліваецца, Лукашэнка падмануў нас — дзеля таго каб зрабіць яшчэ адзін крок да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва. І сваю ўладу ён яўна не зьбіраецца нікому аддаваць.

Думаю, што беларускі народ бясконца цярпець ня будзе. Усяму надыходзіць канец, у тым ліку і цярпеньню. Надта ўжо злыя людзі на цяперашнюю ўладу — гэта відавочна. І, на маю думку, у блізкай будучыні варта чакаць нейкіх надзвычайных падзеяў. Асабіста я не выключаю, што можа здарыцца бунт на прамысловых прадпрыемствах. Самае галоўнае, што ў людзях зьнікае страх перад гэтым рэжымам...»
.

Думаю, вашы, спадар Барыс, высновы пра тое, што страх у грамадзтве зьнікае і што людзі гатовыя пратэставаць, — даволі спрэчныя. Калі меркаваць па колькасьці людзей, якія адгукаюцца на заклікі да вулічных пратэстаў — у грамадзтве працягвае панаваць апатыя і абыякавасьць.

Тэма, якая часта гучыць у пошце «Свабоды», — становішча беларускай мовы. Найчасьцей мы атрымліваем нараканьні і скаргі на шматлікія факты дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў, на няспынную русыфікацыю. Але сустракаюцца і лісты іншага кшталту. Напрыклад, наш слухач Андрэй Кот зь Менску лічыць, што ніякай моўнай праблемы ў Беларусі не існуе. Ён піша:

«Вы на „Свабодзе“ беспадстаўна драматызуеце становішча беларускай мовы. Пастаянныя стогны на гэтую тэму пачынаюць раздражняць. За ўжываньне беларускай мовы ў нас ніхто нікога не прыцясьняе, як тое сьцьвярджаюць асобныя ўдзельнікі вашых перадач. Мне ўяўляецца, што гэтую шуміху спрабуюць узьняць пісьменьнікі, паэты, журналісты, філёлягі, для якіх беларуская мова — гэта прафэсія. Іх трэба супакоіць: дрэнна прадаецца цяпер друкаваная прадукцыя і на рускай мове — інтэрнэт усіх выціскае.

Чаму вы ня кажаце пра тое, што ў навуцы, тэхніцы, юрыспрудэнцыі ўжываецца выключна руская мова? Прымяненьне беларускай мовы ў гэтых галінах можа пацягнуць за сабой самыя цяжкія наступствы, бо пераважная большасьць працаўнікоў беларускай мовай валодаюць дрэнна. Дый у побыце, на працы, на вуліцы, у транспарце — у нас усюды пераважае руская мова. Дык ня трэба дражніць народ, спрабаваць унесьці раскол паводле моўнай прыкметы. У нашай краіне найбольш камфортная, спакойная абстаноўка, якая дазваляе людзям гаварыць на зручнай для іх мове. І ня трэба рабіць замах на гэтае дасягненьне. Ня ўвязвайце моўную праблему, якой насамрэч няма, з такімі катэгорыямі, як незалежнасьць, дэмакратыя, дыктатура. Дыскусіі, якія вядуцца вакол моў, нічога карыснага не прыносяць. Шырэйшае прымяненьне беларускай мовы не палепшыць працу эканомікі і не падвысіць наш дабрабыт. Моўная праблема штучна вамі ствараецца ды існуе толькі ў сьвядомасьці нейкай часткі насельніцтва»
.

Вы, спадар Кот, у сьціслай форме пераказалі сутнасьць той афіцыйнай моўнай палітыкі, якая ажыцьцяўляецца ў Беларусі на працягу апошніх васямнаццаці год. Хоць насамрэч сьцьвярджаць, што ў Беларусі няма дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў, можа хіба што вельмі далёкі ад рэальнасьці чалавек. Паспрабуйце, спадар Кот, дамагчыся, каб чыноўнік, да якога вы прыйшлі на прыём, размаўляў з вамі па-беларуску; альбо пашукайце беларускамоўны садок для свайго дзіцяці; ці знайдзіце беларускамоўны ўнівэрсытэт. А на ўсё гэта, паводле дзейнай Канстытуцыі, грамадзяне маюць права: статус беларускай і расейскай моў фармальна аднолькавы.

І тое, што моўная праблема ніяк не зьвязаная з сувэрэнітэтам, незалежнасьцю, дзяржаўнасьцю Беларусі — гэта, мякка кажучы, глыбока памылковае сьцьвярджэньне. Тое, што Беларусь у свой час займела аўтаномію ў складзе СССР, была абвешчана так званай «савецкай сацыялістычнай рэспублікай», — стала магчымым толькі дзякуючы яе нацыянальнай адметнасьці (найперш — мове). Не зьявілася б БССР у 1919 годзе — наўрад ці была б і незалежная Рэспубліка Беларусь у 1991-м. І калі зьнікне нацыянальная сьвядомасьць беларусаў, калі памрэ мова — то што будзе адрозьніваць Рэспубліку Беларусь ад Пскоўскай ці Цьвярской вобласьці? Што будзе служыць гарантыяй яе дзяржаўнага сувэрэнітэту? Толькі палітычныя амбіцыі прэзыдэнта?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG