Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фантастыка па-кашубску


Гжэгаж Яраслаў Шрамкэ (Grzegorz Jarosław Schramke) — кашубскі пісьменьнік і публіцыст, настаўнік. Яму 34 гады, ён жыве ў паўночным рэгіёне Польшчы, які называецца Кашубіяй, і вучыць дзяцей у школе сваёй роднай кашубскай мове.

У польскім законе «Аб нацыянальных і этнічных меншасьцях і рэгіянальнай мове» з 2005 году кашубская мова называецца «рэгіянальнай мовай». Сярод польскіх мовазнаўцаў няма поўнай згоды адносна клясыфікацыі кашубскай мовы: шмат хто лічыць яе асобнай заходнеславянскай мовай, некаторыя глядзяць на яе як на аддалены дыялект польскай.

НЕЙМАВЕРНЫ РОСТ

Ян Максімюк: Калі я ўбачыў вынікі перапісу 2011 году ў Польшчы ў адносінах да кашубскай меншасьці, я перажыў шок. Паводле перапісу 2002 году, кашубамі назвалі сябе 5 тысяч чалавек. А ў 2011 годзе — амаль 230 тысяч чалавек! Чым вы патлумачыце гэты рост амаль у 50 разоў?

Гжэгаж Шрамкэ: Гэта тлумачыцца перш за ўсё розьніцай у гэтых двух апытаньнях. У 2002 годзе можна было запісаць або польскую нацыянальнасьць, або нейкую іншую. А паколькі большасьць кашубаў лічыць сябе і палякамі, і кашубамі — дык перад імі ўзьнікла дылема. Да таго яшчэ найбольшая кашубская арганізацыя — Кашубска-паморскае згуртаваньне (Zrzeszenie Kaszubsko-Pomorskie) — у 2002 годзе намаўляла кашубаў, каб яны падавалі польскую нацыянальнасьць. Запісвацца кашубамі раіла адно група маладых кашубаў, якія гуртаваліся вакол часопісу «Kaszëbskö Òdroda » (Кашубскае адраджэньне). Тады кашубамі запісаліся няшмат больш за 5 тысяч чалавек.

А вось у перапісе 2011 году, калі можна было падаваць дзьве нацыянальнасьці, выключна кашубамі запісаліся каля 16 тысяч чалавек. Потым яшчэ каля тысячы чалавек падалі кашубскую нацыянальнасьць як першую, а польскую — як другую. Ну а астатнія — каля 210 тысяч чалавек — падалі польскую нацыянальнасьць як першую і кашубскую як другую.

Максімюк: Ды ўсё роўна, як ні паглядзець, ваш рост уражвае: «чыстыя» кашубы вырасьлі ў тры разы, а колькасьць паляка-кашубаў пераваліла за 200 тысяч. Вы цяпер — другая па колькасьці этнічная меншасьць у Польшчы, пасьля шлянзакаў (сілезцаў), якімі запісаліся больш за 800 тысяч чалавек. Таму маё пытаньне застаецца — чаму вы так вырасьлі?

Шрамкэ: Гэта вынікае перш за ўсё з большай этнічнай сьвядомасьці кашубаў. Мне здаецца, што за мінулае дзесяцігодзьдзе некаторыя групы, наогул сярод маладых кашубаў, моцна папрацавалі якраз у тым кірунку, каб кашубы не цураліся свайго паходжаньня. Ім удалося пераканаць нашых землякоў, што быць кашубам — гэта нічога дрэннага, і гэта не вядзе да нейкага сэпаратызму. І ў інтэрнэце ў апошнія гады адбывалася нашмат жывейшая дыскусія адносна таго, што ня трэба саромецца запісвацца кашубамі.

Ведаеце, кашубская праблема не зьявілася раптам, каля 2000-га году — ёй ужо больш за 150 гадоў. Флёрыян Цэйнова, пачынальнік кашубскай літаратуры, пачаў будзіць кашубаў у час «вясны народаў», якраз тады, як і лужыцкія сэрбы пачалі падымаць галаву. А першы слоўнік кашубскай мовы зьявіўся пад канец ХІХ стагодзьдзя...

Мапа кашубскіх гаворак

Мапа кашубскіх гаворак



МОВА І ДЫЯЛЕКТ

Максімюк: Паколькі пераважная большасьць беларусаў ня чула кашубскай мовы і ня бачыла друкаванага тэксту па-кашубску, дык я вас распытаю крыху пра мову. Кашубская — гэта адназначна славянская мова, ці, можа, у ёй ёсьць і нейкія германскія элемэнты?

Шрамкэ: Так, ёсьць, але гэта вынікае ў першую чаргу з таго, што гэтая частка Польшчы апынулася пад нямецкім панаваньнем на больш чым 100 гадоў, а разам зь ёю і кашубы. У кашубскай мове ёсьць германізмы, але іх ня болей, чым 5%. У польскай мове германізмы складаюць каля 3% лексыкі, так што тут сытуацыя больш-менш аднолькавая. У кашубскай мове здараюцца выпадкі, калі выступаюць дзьве паралельныя назвы аднаго паняцьця — нямецкая і кашубская.

Кашубская мова зусім нядаўна была клясыфікаваная як асобная мова. Сёньня лічыцца, што літаратурная вэрсія кашубскай мовы — гэта асобная мова, якая мае статус рэгіянальнай мовы. Яна найбліжэй стаіць да польскай, але мушу вам сказаць, што калі я быў у Будзішыне і пачуў там верхнелужыцкую мову, то знайшоў у ёй шмат чаго падобнага да нашай.

Максімюк: У мяне дома ёсьць польская энцыкляпэдыя агульнага мовазнаўства, выдадзеная ва Ўроцлаве ўжо ў гэтым стагодзьдзі, дзе ў артыкуле «кашубская мова» аўтары пішуць, што гэта найбольш аддалены дыялект польскай мовы...

Шрамкэ: Магчыма сустрэць і цяпер мовазнаўцаў, пераважна старэйшых, якія, як і раней, лічаць кашубскую дыялектам польскай. У часы Народнай Польшчы, у 1945-1989 гг., нельга было гаварыць пра кашубскую мову як пра асобную. Зь вярхоў пайшоў сыгнал — адзін народ, адна мова! — і ўсе дыскусіі пра тое, ці гэта асобная мова, заціхлі. Я думаю, што згаданая вамі энцыкляпэдыя — гэта якраз рэлікт такога мысьленьня з часоў Народнай Польшчы. Але ёсьць мовазнаўцы, такія, напрыклад, як прафэсар Ежы Трэдэр з Гданьскага ўнівэрсытэту, якія лічаць кашубскую асобнай мовай. Я кажу пра літаратурную форму кашубскай мовы.

Трэба адзначыць, што жывая кашубская мова расслоеная на некалькі дыялектаў. Я паходжу з поўдня Кашубіі, дзе гавораць інакш, чым на поўначы. Адзін з дасьледнікаў кашубскай мовы, Фрыдрых Лёрэнц, на кашубскім моўным арэале ідэнтыфікаваў 86 розных гаворак. Літаратурная форма кашубскай мовы фармавалася на працягу 150 гадоў. А ў 1996 годзе была праведзеная вялікая рэформа кашубскага правапісу і спроба моўнай стандартызацыі. І вось гэтай форме літаратурнай кашубскай мовы быў нададзены статус рэгіянальнай мовы. Гэта даволі сьвежая справа, і я думаю, што зь цягам часу штораз больш людзей будзе прызнаваць кашубскую асобнай мовай, а праз 20 гадоў вы ўжо ня знойдзеце кніжкі, у якой будуць яе называць дыялектам.

Кашубскія анэкдоты:




КАШУБСКІ КОМПЛЕКС

Максімюк: Колькі людзей, паводле вашай ацэнкі, гаворыць у сям’і па-кашубску, то бок на ўсіх тых гаворках і з поўдня, і з поўначы Кашубіі?

Шрамкэ: На жаль, штораз менш. У перапісе 2002 году каля 50 тысяч чалавек заявілі, што гавораць па-кашубску. Але трэба разумець, што не ва ўсіх гэтых выпадках валоданьне кашубскай мовай можна назваць свабодным.

У часы Народнай Польшчы ўладам удалося прышчапіць кашубам гэтак званы «кашубскі комплекс». У маёй сям’і гэта таксама было. Калі я быў малы, дык бацькі мне казалі, каб я не гаварыў па-кашубску, а прыгожа па-польску, бо інакш у мяне будуць праблемы ў школе і ў дарослым жыцьці, якія былі ў іхным жыцьці. Мэханізм быў прыблізна такі: калі ты кашуб і гаворыш толькі па-кашубску, ты — прыдурак, якому толькі раскідваць гной у полі. Такім больш-менш чынам дыскрэдытавалі ўсё кашубскае.

Вось мой бацька, які нарадзіўся ў 1939 годзе, адчуў на сабе ўвесь цяжар насьмешкі і зьдзеку з боку польскага асяродзьдзя, як падчас вучобы, так і ў войску, а таму сам навучыўся гаварыць беззаганна па-польску і потым вучыў літаратурнай польскай мове мяне, каб мне было лягчэй у жыцьці. Так што ў Народнай Польшчы разарвалася вязь паміж пакаленьнямі, якія перадавалі кашубскую мову ў сямейным жыцьці. Сёньня ў сем’ях па-кашубску гаворыць, калі наогул, толькі пакаленьне дзядоў, а бацькі і ўнукі ўжо па-польску. Я маю надзею, што гэта зьменіцца. Напрыклад, я гавару са сваімі сынамі па-кашубску, і калі мы размаўляем на вуліцы, мы наогул сустракаемся не з варожасьцю, а з прыхільнай зацікаўленасьцю, часам нават з захапленьнем. Але калі маладое пакаленьне ужо не гаворыць па-кашубску паміж сабой, дык перадаць мову далей яны ня змогуць.

Тут узьнікае важная роля для школы. Кашубская мова зьявілася ў школе ў 1990 годзе, але ў большасьці выпадкаў сытуацыя выглядае так, на жаль, што дзеці вучацца кашубскай як чужой мове, як мове, якой яны раней наогул ня чулі або чулі толькі зрэдку. Думаю, што сытуацыя ў сярэдняй і паўночнай частках Кашубіі крыху лепшая ў гэтых адносінах, чым на поўдні, дзе жыву я. У маіх мясьцінах я чуў жывую кашубскую мову сярод дзяцей толькі тады, калі сам быў малы. Цяпер у нас дзеці гавораць на чыстай польскай мове.

Гжэгаж Шрамкэ з кашубскімі вучнямі на экскурсіі ў Гдыні

Гжэгаж Шрамкэ з кашубскімі вучнямі на экскурсіі ў Гдыні



Максімюк: Значыць, у Народнай Польшчы ў школах увогуле не вучылі кашубскай мове?

Шрамкэ: Не вучылі. Кашубска-паморскае згуртаваньне рабіла што магло, каб захаваць мову, выдаючы кніжкі па-кашубску, але яго магчымасьці былі даволі абмежаваныя. У школе для мяне ня мела асаблівага значэньня, што я — «малы кашуб», як называў мяне мой бацька. За восем школьных гадоў я завучыў на памяць усяго два кашубскія вершыкі, але і гэта толькі таму, што я ўдзельнічаў у кашубскім дэкляматарскім конкурсе. У юнацтве паняцьце «кашубскі паэт» ці «кашубскі пісьменьнік» асацыявалася для мяне зь нейкім мужычком, які сядзіць каля беднай хаты і кляпае нейкія вершыкі. У сярэдняй школе было больш-менш падобна. Толькі потым, ва ўнівэрсытэце, калі я пачаў цікавіцца кашубскай культурай усур’ёз, да мяне дайшло, што нашы кашубскія пісьменьнікі і паэты былі людзьмі добра адукаванымі і належалі хутчэй да інтэлігенцыі і грамадзкай эліты, чым да мужыцкіх нізоў.

СЬЦЕЖКА ДА РОДНАГА

Максімюк: Калі вы пачалі пісаць па-кашубску? У Вікіпэдыі пішацца, што вы былі адным зь першых у Польшчы, хто напісаў сваю магістарскую працу па-кашубску. Значыць, у Гданьскім унівэрсытэце былі і ёсьць прафэсары, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць кашубскую мову?

Шрамкэ: Так, там і ў часы Народнай Польшчы была група прафэсараў і дактароў, якія былі зьвязаныя з Кашубска-паморскім згуртаваньнем. Гданьск ня быў асабліва моцным акадэмічным асяродкам, але ўсё ж нешта кашубскае сярод унівэрсытэцкіх колаў увесь час існавала, нават калі і ў крыху падпольным кантэксьце. І там у 1990-х узьнік студэнцкі клюб «Памэранія», у які я запісаўся, калі стаў студэнтам польскай філялёгіі. І мая сьцежка да кашубскай мовы ўзяла пачатак якраз у тым клюбе. Я там дазнаўся, што існуе раман на кашубскай мове, «Жыцьцё і прыгоды Рэмуса», напісаны Аляксандрам Майкоўскім у 1938 годзе. Потым яго пераклалі на польскую мову. Гэта найвыдатнейшы кашубскі раман. Я прачытаў гэтую кнігу па-польску, як кажуць, на адным дыханьні, і яна мяне агаломшыла.

Гэтае чытаньне раману Майкоўскага супала больш-менш у часе зь перадкаляднай сустрэчай нашага студэнцкага клюбу «Памэранія» ў такой старасьвецкай хатцы над возерам. Я там раптам убачыў мноства народу — прафэсараў, студэнтаў, настаўнікаў, старых і маладых — і ўсе яны гаварылі па-кашубску! І ніхто там не саромеўся гаварыць па-кашубску, кашубшчына ў гэтых людзях жыла і палыхала. Вось гэтая сустрэча і схіліла мяне прыгадаць забытую зь дзяцінства мову і сьвядома пачаць гаварыць на ёй. Я спачатку стаў гаварыць на сваім паўднёвым дыялекце, але вельмі хутка засвоіў і агульналітаратурную лексыку ды норму. А пісаць і чытаць я навучыўся з дапамогай аднаго доктара з нашага ўнівэрсытэту, які арганізаваў нам, мне і іншым маім кашубскім калегам, факультатыўныя заняткі па вывучэньні мовы. А што тычыцца маёй магістарскай працы, дык толькі адну яе частку — дадатак — я напісаў па-кашубску. Тады яшчэ я ня ведаў кашубскай мовы настолькі, каб даць рады напісаць усю працу беспамылкова.

З жонкай і сынам Барнімам

З жонкай і сынам Барнімам



ЯК ПЕРАТВАРЫЦЬ ДЫЯЛЕКТ У МОВУ?

Максімюк: Як я разумею, вы ў школе вучыце літаратурнай вэрсіі кашубскай мовы. Якім чынам адбываецца стандартызацыя кашубскіх дыялектаў — хто пра гэта дбае?

Шрамкэ: Гэтая стандартызацыя яшчэ не закончылася. Яшчэ існуюць у нашай мове, так сказаць, розныя дыялектныя варыянты. Апошняя спроба стандартызацыі і нармалізацыі правапісу, як я ўжо казаў, была ў 1996 годзе. Гэтым займаюцца наогул навукоўцы-мовазнаўцы, журналісты, настаўнікі — тыя, хто нейкім чынам мае дачыненьне да кашубскай мовы ў сваім прафэсійным жыцьці. Існуе таксама адмысловая Рада кашубскай мовы.

У школе настаўнікі кашубскай мовы выкарыстоўваюць наступны падыход — пісаць дзяцей вучаць адной правапіснай нормай, а вымаўляць дазваляюць ня толькі паводле літаратурнага стандарту, але і згодна зь мясцовымі, дыялектнымі асаблівасьцямі.

Максімюк: Колькі ў вас вучняў на занятках кашубскай мовы?

Шрамкэ: Я вучу кашубскай мове больш за 70 дзяцей ад першай клясы пачатковай школы да трэцяй клясы гімназіі ў кашубскай вёсцы, якая называецца Велькі Кліч.

СВОЙ ЧАЛАВЕК У ВАРШАВЕ

Максімюк: Скажыце мне, як кашубы глядзяць на прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска? Лічаць яго кашубам, гэта значыць, сваім чалавекам у Варшаве?

Шрамкэ: Я думаю, для кашубаў большае значэньне мае тое, што Туск зьяўляецца палітыкам з Грамадзянскай плятформы, чым тое, што ў яго кашубскае паходжаньне. У прэзыдэнцкіх выбарах 2005 году ў некаторых кашубскіх гмінах Туск прайграў Леху Качынскаму.

Максімюк: Ці кашубы не адчуваюць у дачыненьні да Дональда Туска шкадаваньня за тое, што вось, маўляў, свой чалавек кіруе ўсёй краінай, а так мала робіць для ўзмацненьня кашубскай ідэнтычнасьці?

Шрамкэ: Людзі наогул, у тым ліку і я, расчараваліся ў палітыцы. Я гэта кажу ня толькі ў кантэксьце ўраду Дональда Туска, а наогул. Нічога не мяняецца да лепшага, а калі мяняецца, дык да горшага. Ведаеце, калі б Дональд Туск быў шэфам нейкай кашубскай партыі, дык, фактычна, было б за што мець тое шкадаваньне. А паколькі ён зьяўляецца шэфам Грамадзянскай плятформы, агульнапольскай партыі, дык кашубы разумеюць, што ён павінен глядзець так сама і на кашубаў, і на палякаў, калі можна так сказаць.

Але Дональд Туск ніколі не хаваў, што ён паходзіць з кашубскай сям’і. Помніце той скандал, калі палітычныя канкурэнты прыгадалі яму, што ягоны дзед-кашуб быў у нямецкім вэрмахце? Гэта, па-мойму, быў удар ніжэй пояса. Таму што падчас вайны палітычныя рэаліі ў Памор’і-Памэраніі або Шлёнску-Сілезіі былі іншыя, чым у цэнтральнай Польшчы.

ДЗЕД У ВЭРМАХЦЕ

Максімюк: А як было з дэклярацыямі нямецкага паходжаньня сярод кашубаў падчас вайны?

Шрамкэ: У Кашубіі было так, што калі вы не падпісалі такой дэклярацыі, дык вам, з усёй вашай сям’ёй, пагражала высылка ў нацысцкі канцлягер або высяленьне ў Генэральнае губэрнатарства, у якое немцы ператварылі цэнтральную Польшчу. Тут быў адзін канцлягер у Памэраніі, Штутгоф. А калі вы ўжо падпісалі такую нацыянальную дэклярацыю, дык гэта было зьвязана са службай у нямецкім вэрмахце. Такая сытуацыя была і з маім дзедам, які ў 1939 годзе ваяваў за Польшчу ў польскай арміі, потым, калі ягоны аддзел расфармавалі, ён вярнуўся дадому, дзе быў вымушаны, з увагі на сваіх пяцярых малых дзяцей, падпісаць дэклярацыю нямецкай нацыянальнасьці гэтак званай трэцяй групы. Гэта была найніжэйшая катэгорыя нямецкага грамадзянства. А потым, здаецца ў 1943, яго забралі ў вэрмахт. Як большасьць кашубаў, ён не хацеў ваяваць за немцаў і хутка, пры першай зручнай нагодзе, здаўся ў палон чырвонаармейцам. А тыя вывезьлі яго за Ўрал. Ён са зламаным здароўем вярнуўся адтуль дадому, хоць я ня ведаю дакладна калі, бо пра такія рэчы ў кашубскіх сем’ях пасьля вайны дарослыя наогул не гаварылі пры дзецях.

ЖАНОЧЫЯ РАМАНЫ І ІНШАЕ

Максімюк: На заканчэньне я хачу запытацца ў вас пра літаратуру на кашубскай мове. Ці ёсьць людзі, акрамя вас, які пішуць па-кашубску? І ці ёсьць выдаўцы?

Шрамкэ: Ёсьць. Маем некалькі выдавецтваў, якія выдаюць літаратуру па-кашубску, і маем таксама пісьменьнікаў, галоўным чынам паэтаў. Ёсьць такія, што пішуць выключна па-кашубску, і ёсьць такія, што пішуць па-кашубску і па-польску. З прозай слабавата — фактычна ад часу «Жыцьця і прыгодаў Рэмуса», пра што я згадваў, ніхто ў нас не напісаў сапраўднага раману па-кашубску. Здараліся апавяданьні і аповесьці, але раману ніхто не напісаў.

Наогул цяпер па-кашубску людзі ўжо ня пішуць, так бы мовіць, выключна пра родную старонку, як было раней, а стараюцца пісаць на больш унівэрсальныя тэмы. Але ўвесь час нам не хапае літаратуры для дзяцей і моладзі, прыгодніцкіх аповесьцяў. Прыдалася б нам таксама фантастыка і фэнтэзі, або нешта накшталт жаночых раманаў...

Максімюк: А што пішаце вы — вершы ці прозу?

Шрамкэ: Па-кашубску я напісаў усяго пяць вершаў. Адзін з гэтых вершаў потым выкарыстаў у сваёй песьні кашубскі рок-гурт. Я пішу наогул прозу, апавяданьні, хоць аднойчы мне напісалася і п’еса. А цяпер я ўзяўся за раман па-кашубску, у жанры навуковай фантастыкі...


*

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG