Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея вінаваціць беларускіх мытнікаў у нядобрасумленным кантролі

абноўлена

Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі накіравала ў амбасаду Беларусі ў Маскве скаргу на нядобрасумленны кантроль за расьліннай прадукцыяй з боку беларускіх мытнікаў. У ёй сьцьвярджаецца, што з-за беларускіх мытнікаў Расея за год страчвае каля 480 мільярдаў рублёў.

Пра гэта піша расейская газэта «Известия».

Прадстаўнікі Фэдэральнай службы вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі паведамілі газэце, што беларускія мытнікі нядобрасумленна правяраюць расьлінную прадукцыю, якая паступае ў Расею як з трэціх краінаў, так і з самой Беларусі.

Пасьля ўтварэньня Мытнага зьвязу Беларусі, Казахстану і Расеі афіцыйна праверка вядзецца на першай дзяржаўнай мяжы Адзінай эканамічнай прасторы. А ўнутры Мытнага зьвязу праверка робіцца выбарачна. Яе вынікі і выклікалі занепакоенасьць расейскага боку.

«Атрымліваецца, што фітасанітарны кантроль у Беларусі практычна не ажыцьцяўляецца. З пачатку 2012 году мы выявілі 9 тысяч машын, у якіх плёмбы, напрыклад, латвійскія ці польскія, аказаліся не парушанымі. Расьлінная прадукцыя, якую прывезьлі ў гэтых машынах, прайшла размытненьне без ускрыцьця плёмбаў, значыць, без абавязковага фітасанітарнага кантролю, які вызначаны дакумэнтамі Мытнага зьвязу, — заявіў «Известиям» памочнік кіраўніка Фэдэральнай службы Аляксей Аляксеенка.

Міністэрства сельскай гаспадаркі: Прэтэнзіі Расеі надуманыя


«Беларускі бок лічыць неабгрунтаванымі прэтэнзіі Расеі ў частцы недастатковага кантролю прадукцыі высокай фітасанітарнай рызыкі на зьнешніх межах Мытнага зьвязу», — заявіў Інтэрфаксу прадстаўнік беларускага Мінсельгасхарчу.

Аднак прадстаўнік міністэрства кажа, што афіцыйны Менск гатовы абмяркоўваць і вырашаць праблемы фітасанітарнай бясьпекі Мытнага зьвязу.

У міністэрстве таксама паведамілі, што на 6-га сьнежня заплянаваныя кансультацыі з упаўнаважанымі Рассельгаснагляду «для выпрацоўкі ўзаемавыгадных падыходаў па тых пытаньнях, якія выклікалі заклапочанасьць расейскага боку».

Прэйгерман: «Каб адладзіць мэханізм праверкі, спатрэбіцца некалькі гадоў»


Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман кажа, што праблема праверкі на зьнешняй мяжы Мытнага зьвязу насамрэч існуе. І яна тычыцца ня толькі расьліннай прадукцыі:

«Я думаю, што, у прынцыпе, гэта даволі натуральнае становішча. Бо калі пачынае працаваць такі вялікі Мытны зьвяз, то адразу тут сапраўды цяжка ўсё адрэгуляваць. Тым больш што некаторыя рэгулятыўныя дакумэнты яшчэ толькі прымаюцца. І мала таго, што іх трэба прыняць. Патрэбна яшчэ ж і зладзіць нармальную працу ўсёй мытні па зьнешнім контуры. І таму гэтыя праблемы час ад часу будуць узьнікаць».

Прэйгерман кажа, што каб адладзіць мэханізм праверкі, спатрэбіцца некалькі гадоў:

«Пры ўмове, што ўсё будзе нармальна. А ўлічваючы тое, што час ад часу яшчэ і нейкія „цёркі“ ўзьнікаюць, то гэта можа быць і даўжэй яшчэ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG