Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ды з людзьмі трэба было спаліць тыя хаты ў вёсцы Паўлавічы пад Віцебскам, піша Сьвятлана Калінкіна ў «Народнай волі».

Людзей на мароз з усімі рэчамі, як пры раскулачваньні, — гэта ж сабе ворагаў пакідаць, сьведак. А навошта нашай уладзе ворагі? .. Навошта сьведкі? ..
Паліць трэба было! Зьнішчаць! Сьціраць з твару зямлі!

Не дадумаліся.

Усяленскай значнасьці падзея — Лукашэнка ў картэжы міма праедзе і, можа, галаву ў гэты бок паверне. А тут — прыгажосьць. Чысьценька-роўненька. Ніякіх развалюхаў, ніякіх незадаволеных асобаў. Ціха.

Поле... Ды такое, што проста падмецена. Значыць, рыхтаваліся, як ніхто раней. Можа, ацэніць...

Пах гару? ... Наконт гару прэзыдэнт указаньняў не даваў, толькі б сьмецьця не было.

... Хто скажа, што віцебскія ўлады ў сваім розуме, калі аддалі загад тэрмінова адсяліць, зьнішчыць, спаліць вёску, якая, хоць і фантомная, але жыла, агароды садзіла, нават на выбарах галасавала?

Ад фота, ад аповедаў людзей, якія ўсё гэта перажылі, ад сьведчаньняў журналістаў першая рэакцыя — шок.

У імя якой вышэйшай мэты людзей можна вось так? Без падрыхтоўкі, без папярэджаньня, не даўшы часу на зборы — выкінуць з абжытых дамоў у мароз. Яны ж усё жыцьцё гэта дабро нажываць. Кожны тазік і чыгунок, кожны абрус. Гэта іх крэўнае, гэта іх жыцьцё. Нават калі юрыдычна гэта ўжо ня іх дома, то гэта іх дошкі. Чаму ўсё пайшло ў агонь, каб не мазоліць вачэй высокаму госьцю?

Псыхоз і вар’яцтва. Нездаровае жаданьне выслужыцца. Паталягічнае. Фанатычнае.

Ці страх. Такі, калі чалавек на ўсё гатовы. Калі ён сьляпы, глухі і ў нейкім сэнсе ўжо не чалавек зусім.

Ці лютая, усёпаглынальная пагарда да ўсіх, хто статусам ніжэй. Гэтакая ненармальным рэабілітацыя за ўласныя зьнявагі, якімі гэты статус здабываўся.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандар Косінец — доктар. Ён умее ставіць дыягназы і, напэўна, сам абярэ, які варыянт больш падыходзіць. Але калі кіраўнік Савету бясьпекі ад нарады да нарады вяшчае, што нехта вядзе з беларускай уладай інфармацыйную вайну і мэтанакіравана спрабуе дыскрэдытаваць яе ў вачах народа, то я нават магу падказаць генэралу, дзе трэба нэўтралізоўваць пагрозу.

Пагроза — вось такія косінцы. Таму што ніякія ворагі ім не падказвалі, гэта яны самі дадумаліся да візыту Лукашэнкі выкінуць з дамоў людзей, а непрэзэнтабельную вёсачку проста спаліць.

І тым самым зрабілі максымум магчымага, каб увесьці ў ступар, у шок, у абурэньне ўсю краіну. Таму што кожны, хто даведаецца пра здарэньне, прыкладзе ўсю гэтую сытуацыю на сябе, і жахнецца. Таму што сёньня — Паўлавічы, а заўтра — ты. Сёньня — на мароз, а заўтра — разам з людзьмі.

Усякае было. Але такога ўсё ж такі раней не было...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG