Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытая турма. Вязьніца палітвязьняў


Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок папоўніў сьпіс палітвязьняў, пераведзеных для адбыцьця пакараньня ў крытыя турмы. Зьвесткі пра ўмовы ў такіх турмах зьбіраў наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

4 сьнежня Шклоўскі выязны суд на паседжаньні ў Шклоўскай калёніі пастанавіў накіраваць вязьня калёніі Мікалая Дзядка для далейшага адбыцьця пакараньня ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму. Гэтае рашэньне прыняў судзьдзя Віталь Волкаў. На паседжаньні прысутнічаў адвакат, ад якога пра рашэньне хутка стала вядома бацьку палітвязьня, Аляксандру Дзядку. Той распавёў «Свабодзе»:

«Рашэньне прынятае, яно канчатковае і абскарджваньню не падлягае. Куды накіруюць Мікалая, пакуль невядома, але можна меркаваць, што гэта будзе 4-я турма ў Магілёве. Адправяць з калёніі, верагодна, на гэтым тыдні».

Паводле Аляксандра Дзядка, ягоны сын прысутнічаў на паседжаньні, але ці выступіў ён перад судом і што дакладна сказаў, бацьку вязьня пакуль невядома. З ранейшых лістоў Аляксандар Дзядок ведае, што сын зьбіраўся аспрэчваць накладзеныя на яго спагнаньні. Усяго за час зьняволеньня зь сярэдзіны 2011 году на Мікалая Дзядка было накладзена больш за 20 спагнаньняў. Бацька палітвязьня нядаўна выказваў думку, што апошнія спагнаньні, і, у прыватнасьці, зьмяшчэньне сына ў ПКТ зьвязаныя зь ягонай адмовай падпісваць прашэньне аб памілаваньні.

У крытай турме № 4 у Магілёве ўжо знаходзяцца два палітвязьні — былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч і актывіст БХД Яўген Васьковіч. Паводле жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч, якая, апякуючыся мужам, атрымала немалы досьвед у турэмных справах, магілёўская «крытая» турма ў асноўным прызначаная для «першаходак» — тых, хто ўпершыню асуджаны ці з каго ранейшая судзімасьць здымалася. Марына Адамовіч таксама мяркуе, што Мікалай Дзядок можа апынуцца менавіта ў «крытай» магілёўскай турме, у аддзяленьні строгага рэжыму.

Паводле Марыны Адамовіч, вязьняў на гэтым рэжыме трымаюць у камэрах па 2–4 чалавекі, адзін раз на дзень на гадзіну выводзяць на шпацыр, дзеля чаго ёсьць абгароджаная пляцоўка на даху турмы:

«Яны маюць права на гадзінную прагулку, на адно кароткае спатканьне цягам году, якое адбываецца ў цеснай каморы, падзеленай на клеткі фанэрай. Там стаіць такі гвалт, што нічога не чуваць.»

Толькі раз на год вязьню «крыткі» можна атрымліваць прадуктовую бандэролю вагой ня больш за 2 кіляграмы. Між тым харчаваньне там яшчэ нядаўна было вельмі «праблемнае», мяркуе Марына Адамовіч:
Ад Міколы была інфармацыя пра хлеб, што ён яго сушыў, бо немагчыма было інакш есьці


«Ёсьць нормы харчаваньня такіх вязьняў, якія нават вышэйшыя, але яны не выконваліся. Прынамсі да восені гэтага году. Ад Міколы была інфармацыя пра хлеб, што ён яго сушыў, бо немагчыма было інакш есьці, а яго за гэта пагражалі пакараць. Але пасьля таго, як гэта прагучала ў мэдыях, ён сказаў, што хлеб стаў заўважна лепшы. І нават адзін раз напісаў, што яму дасталіся кіслая капуста і салёны гурок. То бок невялікія зрухі там усё ж адбываюцца».

Марына Адамовіч таксама згадала, што бачыла ў турме аб’яву для сваякоў былых вязьняў, каб з камэр забіралі перададзеныя лядоўні і тэлевізары. З гэтага жонка палітвязьня зрабіла выснову, што ў некаторых камэрах ёсьць нейкая бытавая і электронная тэхніка. Але ў камэры, дзе Мікалай Статкевіч, з тэхнікі толькі радыёкропка, па якой гучыць адна праграма дзяржаўнага радыё.

Таксама ў магілёўскай турме адбывае пакараньне Яўген Васьковіч, якога пакаралі на 7 гадоў за напад на будынак Бабруйскага КДБ. Бабуля палітвязьня Тамара Ўладзімераўна нядаўна паведаміла журналістам, што ня ўся карэспандэнцыя даходзіць да ўнука. «Яўген піша: „Ад брата Арцёма пакуль лістоў я не атрымліваў, ад таты таксама не атрымліваў“. А бацька і брат дакладна дасылалі лісты. „Усе рэчы, што высылалі, дайшлі. Акрамя слоўніка — яго няма“. Ён прасіў даслаць слоўнік ангельскі. Я яму высылала два разы, і абодва разы вярталі назад. Цяпер маці выслала, і зноў не дайшоў».

Пра праблемы з карэспандэнцыяй рэгулярна паведамляў і вязень магілёўскай турмы Мікола Статкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG