Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня. Кадэтаў перафарбавалі ў казакоў


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

Кадэцкі ваенна-патрыятычны клюб «Айчына» ў гарадзенскім ліцэі № 1 раптам стаў называцца казацкім.

Рашэньне было прынятае ў мінулую пятніцу, а празь дзень больш за трыццаць школьнікаў пасьвяцілі ў казакі. Але і сёньня ў аддзеле адукацыі Ленінскай адміністрацыі Горадні пра пераўтварэньне кадэтаў у казакоў нічога ня ведалі.

Кадэцкую клясу ў першым ліцэі курыруе Вольга Кандратовіч. Але адразу ўдакладніць зьвесткі пра ліцэістаў-казакоў у яе ня выйшла.

Кандратовіч: «Кадэцкая кляса там ёсьць, казацкай клясы там няма, там дзеці зь дзясятай да адзінаццатай клясы. Ну, можа, яны памыліліся, напісалі, што казакі там, кадэты. Там кадэцкі ваенна-патрыятычны клюб, у якім займаюцца кадэты. І ў іх падпісанае пагадненьне з нашым унівэрсытэтам імя Янкі Купалы, з ваенным факультэтам. Разам распрацавана праграма, і дзеці займаюцца. Па-мойму, кожную суботу ходзяць туды на заняткі».

Мэта навучэнцаў — паступіць на ваенную спэцыяльнасьць. Студэнты ваеннага факультэту маюць на форме шаўроны зь лічбай 1772. Яна азначае працяг традыцыяў першага кадэцкага корпусу, створанага ў Горадні пры апошнім каралі Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскім.

Кандратовіч: «Уся інфармацыя па ўсіх клюбах у мяне ёсьць, яны мне здаюць. Але казакоў у іх не было. На гэты год, на верасень месяц мне падалі толькі патрыятычны кадэцкі клюб „Айчына“. Ня можа быць, каб два клюбы насілі адну назву».

Але званок у ліцэй пацьвердзіў: цяпер там будуць казакі.

Кандратовіч: «Так, сапраўды, гэта ў маю адсутнасьць, пакуль мяне не было. У іх казацкі, на базе гэтага ж клюбу. Яны яго цяпер пераназвалі, гэта было трыццатага лістапада, у казацкі ваенна-патрыятычны клюб».

Адзін чыноўнік прызнаўся, што рашэньне прынятае на ўзроўні аблвыканкаму. Паведамляць у раённую адміністрацыю не палічылі патрэбным. Цяпер у гарадзенскім ліцэі № 1 будзе казацкі клюб «Айчына» замест кадэцкага. Але казацкай ваеннай вучэльні ў Горадні пакуль няма. Таму куды будуць паступаць школьнікі — учорашнія кадэты, — пакуль невядома.
Калі ў Горадні былі нейкія казакі, то яны былі белагвардзейскімі.


Гісторык Андрэй Вашкевіч перакананы, што казацкія традыцыі зусім не ўласьцівыя Горадні, хоць нейкія казацкія атрады тут бывалі:

«У польскай арміі былі казацкія атрады, якія пераходзілі на бок палякаў падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе. Нават у апошнім фільме пра абарону Варшавы там Дамагараў кіруе такой казацкай сотняй. У Горадні ў міжваенны час існавала казацкая суполка з удзельнікаў вайны на баку белых. Калі ў Горадні былі нейкія казакі, то яны былі белагвардзейскімі. Тая суполка, якая ў міжваенны час існавала, — гэта былі антысаветчыкі з антысаветчыкаў. Далёка ня ўсе белагвардзейцы ваявалі потым на баку немцаў, а гэтыя фактычна на баку немцаў ваявалі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG