Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаў. Патоп у доме ліквідоўвалі тры дні


Барысаў. Патоп у доме ліквідоўвалі тры дні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00
Наўпроставы лінк

Трое сутак залівала некалькі кватэраў у доме № 15 на бульвары Грэчкі ў Барысаве. Супрацоўнікі ЖКГ падтапленьне спынілі, але кампэнсаваць нанесеную аварыяй шкоду адмаўляюцца.

У суботу 1 сьнежня а 18-й гадзіне жыхары кватэраў №№ 74, 75, 81 і 82 заўважылі вадзяністыя разводы на сьценах і столі. Калі палілося цурком, патэлефанавалі ў аварыйную службу ўнітарнага прадпрыемства «Жыльлё», супрацоўнікі якога празь некаторы час перакрылі ваду ў пад’езьдзе. Але ў нядзелю са сьцен зноў лінула вада.

Расказвае жыхар кватэры № 82, Сяргей:

«Я быў на лецішчы. Суседзі патэлефанавалі — думаў, што жартуюць наконт вады. Прыехаў — дываны, можна сказаць, плаваюць. Тады гляджу — усюды вада, фарба адстае, са сьцен цякуць ручаі. Так і сядзелі ўсе выходныя. Ні аварыйная служба, ні ЖЭУ не змаглі даць рады».

Натальля Вераскоўская, якая жыве з малым сынам у 74-й кватэры і нядаўна зрабіла сякі-такі рамонт, апавяла:

«Нешта здарылася паміж стольлю другога паверха і падлогаю трэцяга. Мы думалі, што прарвала трубу. Сантэхнік, які прыехаў на выклік, пачаў перакрываць ваду. Тут аказалася, што трубы і вэнтылі вельмі старыя і ржавыя, таму стаяк перакрыць нельга. Выключылі ваду ўсяму дому. А ўвесь дом без вады ня можа. Пачаліся скаргі. Тады супрацоўнікі ЖЭУ аднавілі падачу. Гэта прывяло да яшчэ аднаго затапленьня чатырох кватэраў. І так цэлы дзень: сантэхнік перакрывае ваду, майстар пускае зноў. Мы танулі, а ўвесь дом сядзеў без вады. Тлумачэньне ЖЭУ было такое: у нас выходны. Тое самае сказалі і ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі: маўляў, выходны. Дык а што, людзям вада ня трэба ў выходны? І ці выходны — гэта апраўданьне таму, што нас тапіла трое сутак?»
Мы танулі, а ўвесь дом сядзеў без вады. Тлумачэньне ЖЭУ было такое: у нас выходны.


Суседка Натальлі з 81-й кватэры Аксана Пяцюкіна пацярпела ад затапленьня найбольш. Яна таксама спрабавала зьвярнуцца ў ЖЭУ і аварыйную службу цягам выходных.

Адказалі, каб пацярпелі да панядзелка:

«Хадзілі да начальніка, дык той зачыніўся ў кабінэце. А сантэхнік сказаў самім ламаць дошкі, каб можна было дабрацца да трубы, і чакаць панядзелка».

У панядзелак сантэхнікі хуценька памянялі іржавыя вэнтылі, якія, на думку жыхароў, маглі стаць адной з прычынаў аварыі.

«Такім чынам яны замялі сьляды. Калі я пайшла ў галоўнае барысаўскае ЖЭУ ў панядзелак, туды ўжо далажылі, што ўсё нармальна. Хоць у гэты ж час у мяне на кухні яшчэ цурчэла вада са столі», — скардзіцца Натальля Вераскоўская.

Старшыня барысаўскага ЖЭУ № 5, які абслугоўвае бульвар Грэчкі, Дзьмітрый Чайкоўскі пацьвердзіў, што прычынай аварыі, відаць, стала тое, што каналізацыя забілася. Чаму гэта не ліквідавалі яшчэ ў суботу, спадар Чайкоўскі не адказаў, але прызнаў, што ніякай кампэнсацыі ўладальнікам затопленых кватэр ня будзе.

Вераскоўская паведаміла, што ўжо пыталася ў супрацоўнікаў ЖЭУ наконт кампэнсацыі за шкоду:

«Дык яны нават зьдзівіліся, чаго я шум падымаю, скарджуся: маўляў, у мяне ж тут няма шыкоўнага эўрарамонту, дык чаму яны павінны нешта кампэнсоўваць? Можа, эўрарамонту і няма, аднак я на свой заробак аднаўляла сёе-тое — столь фарбавала, шпалеры мяняла. Застаецца пытаньне, куды ідуць грошы, якія штомесяц плацім на капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне. Выходзіць, што ЖЭУ нічога ня робіць, толькі грошы атрымлівае з нас. Гэта халатнасьць. Я сутыкнулася з тым, што ўсім напляваць. Чыноўнікі атрымліваюць грошы, але нічога ня робяць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG