Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы Грахоўскага і Мікуліча могуць зьявіцца ў Бабруйску


Актывісты кампаніі за наданьне ў Бабруйску двум мясцовым вуліцам імёнаў пісьменьнікаў Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага заяўляюць, што ўлады пазытыўна адрэагавалі на іхную ініцыятыву.

Днямі ініцыятарка кампаніі, актывістка «Гавары праўду» Вольга Піманава атрымала адказ на калектыўны зварот жыхароў Бабруйска. Падпісаны ён намесьнікам начальніка аддзелу архітэктуры і градабудаўніцтва Бабруйскага гарвыканкаму Алегам Каранкевічам.

У допісе гаварыцца, што падчас абмеркаваньня гарадзкой тапанімічнай камісіяй назваў новых вуліц будзе разгледжана і магчымасьць наданьня вуліцам імёнаў пісьменьнікаў Мікуліча і Грахоўскага.

Вольга Піманава камэнтуючы беларускай «Свабодзе» адказ чыноўнікаў зазначыла: «Ёсьць у нас спадзеў, што нашая ініцыятыва будзе ажыцьцяўлена. Наагул яе падтрымала шмат людзей то бок яна выйшла за межы нейкай невялікай групы грамадзтва — грамадзкіх актывістаў. Наданьне вуліцам імёнаў Мікуліча і Грахоўскага закранула шмат бабруйцаў, якія неабыякавыя да гісторыі свайго гораду, культуры. Мікуліч і Грахоўскі ўславілі сваёй творчасьцю наш горад. Падтрымка нашай ініцыятывы — гэта праява патрыятызму жыхароў Бабруйска да ягонай індывідуальнасьці і адметнасьці».

Пад зваротам да ўлады з прапановай надаць двум бабруйскім вуліцам імёнаў Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага паводле Вольгі Піманавай падпісала 176 чалавек.

Ідэю з наданьнем вуліцам імёнаў Мікуліча і Грахоўскага падказваў у адным з сваіх лістоў палітвязень Бабруйскай калёніі праваабаронца Алесь Бяляцкі. З ім перапісваецца Вольга Піманава. Подпісы актывісты пачалі зьбіраць на вечарыне прысьвечанай Дню памяці ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў.

Пісьменьнік Барыс Мікуліч 10 гадоў адседзеў у лягерах. Потым вярнуўся ў родны Бабруйску, дзе зноў быў арыштаваны і сасланы ў ссылку, дзе ён памёр. Сяргей Грахоўскі нарадзіўся не ў Бабруйску, але пачаў працоўную дзейнасьць у ім. Яму наканавана было выжыць у лягерах. Пра свой лёс ён пісаў у сваіх успамінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG