Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады закрываюць Беларусь для беларусаў


Ніна Шыдлоўская

Ніна Шыдлоўская

Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» 3 сьнежня атрымала адказ на звароты ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды магчымасьці выдачы ўязных віз членам Вялікі рады арганізацыі Яўгена Вапы і Алены Глагоўскай.


Як паведамляе інфармацыйны цэнтар «Бацькаўшчыны», у лісьце за подпісам намесьніка міністра замежных спраў Алены Купчыной гаворыцца, што МЗС «разгледзеў звароты адносна выдачы ўязных віз грамадзянам Рэспублікі Польшча Я.Вапу і Л.Глагоўскай і паведамляе аб немагчымасьці станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня».

Старшыні праўленьня Радыё Рацыя і галоўнаму рэдактару тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Яўгену Вапу памежнікі без тлумачэньня прычын анулявалі візу пры ўезьдзе ў Беларусь у траўні 2011 году. Некалькі разоў «Бацькаўшчына» дасылала звароты ў МЗС з просьбай патлумачыць прычыны ануляваньня візы, аднак у адказ атрымала толькі фармальную адпіску. У кастрычніку гэтага году «Бацькаўшчына» паўторна падрыхтавала неабходны для афармленьня візы пакет дакумэнтаў і адправіла зварот у МЗС з просьбай адкрыць Яўгену Вапу ўязную візу ў Беларусь. Аднак у лістападзе Яўген Вапа ў консульстве Беларусі ў Беластоку атрымаў пашпарт са штампам «адмоўлена».

Старшыні Беларускай культурнай супольнасьці «Хатка» ў Гданьску Лене Глагоўскай без тлумачэньня прычынаў было адмоўлена ў атрыманьні беларускай візы ў кастрычніку сёлета ў беларускім консульстве ў Беластоку. Глагоўская зьбіралася прыехаць у Горадню для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі «Людзі старажытнай Горадні», арганізаванай Таварыствам беларускай школы.

«Сытуацыя, на наш погляд, вельмі недарэчная і прыкрая, – каментуе агенцтву БелаПАН адказ МЗС старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. – Цяжка зразумець, чаму ў Беларусь, на этнічную радзіму, не пускаюць людзей, якія, жывучы за мяжой, ня толькі не забываюцца пра свае карані і сваю Айчыну, але і прыкладаюць вельмі шмат намаганьняў для папулярызацыі беларускай культуры ў Польшчы. Менавіта дзякуючы такім людзям, як Яўген Вапа і Лена Глагоўская, сёньня можна казаць пра існаваньне беларускай меншасьці ў Польшчы. Безумоўна, нас вельмі турбуюць такія рашэньні беларускіх дзяржаўных органаў, асабліва ўлічваючы, што ў наступным годзе аб'яднанне «Бацькаўшчына» праводзіць Шосты зьезд беларусаў сьвету. Яўген Вапа і Лена Глагоўская – чальцы Вялікі рады «Бацькаўшчыны», знакавыя постаці для беларускай дыяспары, чыя прысутнасьць на зьезьдзе неабходная».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG