Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
«Хто мы?» — такое мэтафізычнае пытаньне паставілі перад сабою арганізатары беларуска-польскага конкурсу графічнага дызайну «МЫ2012». Вынікі экспэрымэнту можна пабачыць на выставе, якая да 10 сьнежня працуе ў галерэі Беларускага саюзу дызайнэраў. А пазьней працы пераедуць у Варшаву. Ці дапамагла выстава адказаць на пытаньне «Хто мы?» — даведвалася наша карэспандэнтка.

Куратар конкурсу Міхал Анемпадыстаў кажа, што сама ідэя конкурсу вырасла проста з патрэбы беларуска-польскага супрацоўніцтва паміж творчымі саюзамі. «Але польскія калегі сказалі, што, па вялікім рахунку, яны вельмі мала чаго ведаюць пра Беларусь. Той вобраз Беларусі, які існуе ў польскіх мэдыях, мала адпавядае таму, што ёсьць насамрэч. Таму і тэма конкурсу вельмі простая — адказаць на пытаньне, хто мы такія, візуальнымі сродкамі».

Арганізатарамі конкурсу сталі Беларускі саюз дызайнэраў і польскае Таварыства творцаў прыкладной графікі. Агулам удзельнічала каля 70 аўтараў. Усе працы абсалютна розныя, а ацэньвала іх міжнароднае журы.

Дзьмітры Сурскі, старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў, кажа, што перад удзельнікамі ня ставілася канкрэтных умоваў: «Нікому не казалі — толькі плякат, толькі знак, толькі лягатып. Людзі даслалі шмат розных праектаў. Наколькі гэта выйшла цікава, таксама невядома, бо з польскага боку было мала плякатаў».

Тэма ідэнтычнасьці, калі меркаваць па выніках гэтага конкурсу, нашмат бліжэйшая беларусам, чым палякам. «Мы ня ставілі перад сабой задачу пошукаў ідэнтычнасьці. Мы шукалі маркеры ідэнтычнасьці. Іх вельмі шмат». Маркеры мастакі абіралі досыць прадказальныя — гістарычныя помнікі, партрэты нацыянальных дзеячоў, беларускія сьвяты, выявы рыцарскіх мячоў, бел-чырвона-белыя колеры і паганскія сымбалі. Праўда, распараджацца імі можна па-рознаму. Напрыклад, Зьміцер Краўчанка і Яна Герасімовіч прапанавалі ўпрыгожыць выявамі Багдановіча і Касьцюшкі аўтобусы і цішоткі. Гэтыя аўтары, дарэчы, занялі ў конкурсе першае месца і паедуць на двухтыднёвую стажыроўку ў Польшчу.

Адмыслова палюбілася журы праца «Не маўчы па-беларуску». Яе выканалі дзьве дзяўчыны, Дар’я Мандзік і Яна Войцік. Дзяўчаты сабралі разам ня самыя вядомыя, але вельмі патрэбныя беларускія словы кшталту «філіжанка», «пантофля», «матузкі», «лыткі» і зрабілі да іх малюнкі. Відавочная ідэя ў прывабным і зусім ня нудным выкананьні ажывіла «букварны» падыход да вывучэньня мовы.

Дар’і 19 гадоў, яна вучыцца на трэцім курсе архітэктуры. Яна — на першым курсе Акадэміі мастацтваў, вывучае манумэнтальны жывапіс.

Дар’я Мандзік: «У нас шмат кажуць пра беларускую мову. Што трэба яе адраджаць і ўсё такое. Што трэба адукацыя на беларускай мове. Але калі зараз увесьці адукацыю па-беларуску, у гэтым ня будзе аніякага сэнсу, бо людзі ня ведаюць звычайных, „хатніх“ словаў. Я пачала гэты праект з посуду. Была асабістая мэта — вывучыць гэтыя словы. Гэта візуальны слоўнічак. За кожным словам жа ў слоўнік не палезеш. У гэтага праекту вялізны працяг — словаў жа шмат. Нават тыя людзі, якія размаўляюць па-беларуску, збольшага гэтых словаў не выкарыстоўваюць».

Дар’я кажа, што ў маладых мастакоў цяпер у руках цэлая мова, зь якою яшчэ працаваць і працаваць. «Вось па-расейску ўжо шмат чаго зроблена, а па-беларуску — амаль нічога. Можа, наш праект не такі канцэптуальны, як іншыя, але ў яго вельмі ўтылітарнае прызначэньне».

Малюнкі з праекту «Не маўчы па-беларуску» можна друкаваць на паштоўках ці выдаць асобнай кнігай. А на конкурсе дзяўчаты атрымалі другое месца, якое прынесла ім стажыроўку ў Польшчы і грашовую ўзнагароду на дваіх: 1 250 000 беларускіх рублёў.

Але ці маюць удзельнікі адказ на пытаньне «Хто мы?» Дзьмітры Сурскі лічыць, што тэма пошукаў ідэнтычнасьці «ня вельмі жывая. Можа, для беларусаў больш, чым для палякаў. Сьвет глябалістычны. Але, зь іншага боку, калі ў цябе пытаюцца — „Адкуль ты?“, „Чым твая дзяржава знакамітая?“ — ты пачынаеш згадваць і Шагала, і Малевіча, і іншыя рэчы. Іх трэба час ад часу згадваць, пераасэнсоўваць. На самой справе гэты праект людзей на тое і матывуе, каб сучаснымі сродкамі спрабаваць адлюстраваць сваю гісторыю, свае дасягненьні. Я шкадую, што сам ня ўдзельнічаў».

Міхал Анемпадыстаў: «Учора на круглым стале прагучала такая думка: «Ідэнтычнасьць — гэта такая штука, якая не патрэбная нам штодня. Штодня мы абыходзімся без адчуваньня сябе беларусамі. Проста функцыянуем, жывем. Але ў некаторых выпадках гэтая патрэба ўзьнікае. І тады выцягваюцца з падсьвядомасьці вось гэтыя маркеры. Найперш гэта актуальна пры сустрэчы з прадстаўнікамі іншай культуры. Тады трэба неяк ідэнтыфікавацца і альбо быць беларусам, альбо назваць сябе „рускім“, як гэта часта бывае, альбо савецкім. І супольная выстава такую нагоду стварыла».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG