Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэмію Ежы Гедройца прэтэндуюць два аўтары Радыё Свабода


Падчас леташняй цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройца

Падчас леташняй цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройца

Да заканчэньня прыёму заявак на прэмію Гедройца застаўся месяц. На сёньняшні дзень ужо вылучана 35 кніг. Гэта амаль удвая больш, чым у мінулым годзе.

Сярод намінантаў — два аўтары Радыё Свабода: Сяргей Астраўцоў («Райскія яблычкі», Камунікат.org: электроннае выданьне); і Альгерд Бахарэвіч з двума творамі («Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» (Менск: Логвінаў, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя «Бібліятэка Свабоды». ХХІ стагодзьдзе; і «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (Менск, Галіяфы).

У склад журы прэміі імя Ежы Гедройца з польскага боку ўвайшлі:

Малгажата Бухалік ― перакладчыца, прамоўтарка беларускай літаратуры ў Польшчы;
Пётар Казакевіч ― дырэктар Польскага інстытуту ў Менску;
Адам Паморскі ― перакладчык, прэзыдэнт Польскага ПЭН-клюбу;
Лешак Шарэпка ― Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (ганаровы старшыня журы).

Зь беларускага боку ў журы прэміі ўваходзяць: Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Павал Касьцюкевіч, Ганна Кісьліцына, Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч.

Павал Касьцюкевіч

Павал Касьцюкевіч

Мінулагодні ляўрэат прэміі Ежы Гедройца, сябра журы Павал Касьцюкевіч: «35 кніг — гэта ня так ужо і шмат. Што такое 35 празаічных кніг для літаратуры цэлай краіны? Наадварот, я лічу, што гэта замала. Звычайна выдаецца ў краінах разоў у 10 больш кніжак. Людзі зараз сталі больш пісаць, зараз больш даступны друк. Сярод прадстаўленых кніг ёсьць некалькі вельмі прыстойных, якія зьяўляюцца абсалютнымі фаварытамі, якія на галаву вышэйшыя за астатніх спаборнікаў. Але называць іх я пакуль ня буду. Заяўкі прымаюцца да 28 сьнежня 2012 году, таму, я думаю, што шмат людзей яшчэ пададуць свае творы, прынамсі, працэнтаў 20 яшчэ. Нават ня думаю, а ведаю, як чалавек набліжаны да літаратараў. Падагульняючы, скажу: мала кніжак, пішыце больш! Я ня бачу эйфарыі, кніжак мала».

Карэспандэнтка: «Журы здолее ўсе зь іх прачытаць, калі атрымаецца шмат?»

«Бальшыня кніг — гэта 50-150 старонак, паўнавартасных раманаў — 5-6, паўнавартасных зборнікаў апавяданьняў таксама няшмат. Так што адолеем».

Лонг-ліст прэміі абвесьцяць у першай палове студзеня 2013 году. У яго трапяць 12 кніг.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца ў другі раз. Першым яе ляўрэатам стаў Павал Касьцюкевіч са зборнікам апавяданьняў "Зборная РБ па негалоўных відах спорту

Падрабязней пра мэты і ўмовы прэміі, а таксама кантакты для падачы заявак ― у афіцыйным блогу Прэміі Гедройца.
XS
SM
MD
LG